Нядаўна беларускія навукоўцы‑геадэзісты РУП аэракасьмічных мэтадаў у геадэзіі «Белкасмаагеадэзія» пад кіраўніцтвам Барыса Фурмана пасьля дакладных падлікаў прыйшлі да высновы: беларускі цэнтар Эўропы знаходзіцца ў Полацку.
Геаграфічныя цэнтры Эўропы ёсьць у Літве й Латвіі, Польшчы й Украіне. Чаму так сталася? Навукоўцы розных краін прымяняюць розныя мэтодыкі вылічэньня, і іх вялікае жаданьне мець цэнтар эўрапейскага кантынэнту на сваёй тэрыторыі зразумець нескладана. Галоўнае — абгрунтаваць, што акурат тут тое месца, у якім скрыжоўваюцца ўсе пуцявіны кантынэнту.
Дзе і як абазначыць гэтую кропку, да якой, несумненна, будуць імкнуцца шматлікія турысты? — гэтаму й была прысьвечаная нарада ў Полацкім гарвыканкаме.
У выніку прынятае рашэньне, што знак, які сымбалізуе цэнтар Эўропы, будзе ўсталяваны ў сквэры па праспэкце Карла Маркса, між гасьцініцай «Дзьвіна» й галоўпаштамтам. Часу засталося зусім ня шмат — вырашана, што адкрыцьцё знаку адбудзецца сёлета ў Дзень гораду, 31 траўня.