Хто яны, беларускамоўныя віцябляне? Адказаць на гэтае пытанне нам дапаможа новы праект «Мова нанова».
Курсы беларускай мовы «Мова нанова» нядаўна здзівілі інтэрнэт незвычайнай акцыяй. На сайце праекта арганізатары прапануюць усім ахвотным папоўніць галерэю картак, дадаўшы да шаблона сваю фатаграфію і тэкст.
Такім унікальным чынам «Мова нанова» прапануе паказаць, што беларускамоўных людзей шмат, што жывуць яны ў самых розных кутках нашай краіны (і не толькі нашай) і працуюць у самых розных сферах. Бо наша родная мова належыць не толькі пісьменнікам, журналістам і мастакам, але і кожнаму з нас. Так што, дзе б вы ні жылі і чым бы ні займаліся, заклік просты: «Размаўляйце па-беларуску!».
Па дадзеных сайта «Мова нанова», на дадзены момант ужо запоўнена каля 1700 картак. Сярод іх мы адшукалі і жыхароў Віцебска. Сярод іх, вядома, у асноўным, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі горада, але ёсць таксама і служачыя, і прадпрымальнікі, і нават адзін мытнік.