У Міністэрства інфармацыі 1 лютага перададзены зварот, падпісаны 182 журналістамі, з патрабаваннем выказаць сваю пазіцыю ў сувязі са збіццём амапаўцамі карэспандэнта tut.by Паўла Дабравольскага.

Міністр Лілія Ананіч і яе намеснік Сяргей Хільман, паведамляе сайт грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), адмовіліся прыняць зварот асабіста і адправілі журналістаў рэгістраваць дакумент.

Аўтары звароту просяць міністэрства выказацца наконт недапушчальнасці перашкоды прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, і давесці сваю пазіцыю да МУС і яго структурных падраздзяленняў.

У звароце журналісты звяртаюць увагу на відавочнае парушэнне заканадаўства з боку супрацоўнікаў міліцыі і просяць улады адрэагаваць на сітуацыю.

Зварот таксама перададзены генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Журналісты заклікаюць яго ўзяць на кантроль паўнату і аб'ектыўнасць правядзення праверкі па заяве Дабравольскага наконт прыцягнення супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прадугледжанай законам адказнасці.

Калегі збітага журналіста накіравалі некалькі дзясяткаў такіх зваротаў у МУС, ГУУС Мінгарвыканкама і Вярхоўны суд. У гэтых зваротах, якія адпраўляліся як у электронным, так і ў пісьмовым выглядзе, журналісты просяць дзяржорганы ўстанавіць асобы вінаватых у нападзе супрацоўнікаў міліцыі і прыцягнуць іх да адказнасці.

Дабравольскі і грамадскія актывісты Максім Шыцік і Павел Сяргей былі збітыя 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска падчас слуханняў па «справе графіцістаў». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?