01.02.2016 / 23:49

У Мінску пачала працу дастаўка экалагічнай ежы «Шчасце есці» — фота і цэны 52

У Мінску распачала сваю працу дастаўка экалагічнай ежы пад назвай «Шчасце есці».

Служба дастаўкі знаходзіцца па адрасе Арлоўская, 40а, на месцы былога рэстарана «BierStrasse». Нягледзячы на тое, што дастаўка працуе ўжо цяпер, у самім памяшканні працягваецца рэканструкцыя.

У меню — толькі здаровая і экалагічная ежа. Трэба адзначыць, што кампанія займаецца распрацоўкай здаровага рацыёну. Ежа не ўтрымлівае ніякіх дадаткаў, фарбавальнікаў і дастаўляецца ў экалагічных скрынях.

Прынцып дастаўкі вельмі просты: вы тэлефануеце, складаецца анкета з вашымі пажаданнямі і паказчыкамі здароўя, і вуаля: ваш рацыён харчавання гатовы.

Калі ў вас ёсць сумневы ў выбары рацыёну, то дыетолаг складзе індывідуальны прыём ежы для вас, які ўваходзіць у кошт дастаўкі.

Таксама вы можаце прынесці рэкамендацыі ад вашага дыетолага, якія будуць улічаныя ў дастаўцы. Заснавальнікі службы дастаўкі сцвярджаюць, што перад адкрыццём яны аб’ездзілі шмат замежных краін, каб набрацца досведу.

На выбар прадстаўленыя 9 рацыёнаў, якія ўяўляюць з сябе пяціразовае харчаване: 3 асноўныя прыёмы страваў і 2 перакусы.

1. Індывідуальнае меню

Меню складаецца індывідуальна, супольна з дыетолагам і шэф-поварам, улічваючы асаблівасці арганізма і рэкамендацыі трэнера або іншага спецыяліста. Адпаведна цяжкасці і колькасці ежы калькулюецца і кошт рацыёну.

2. Самастойнае меню

Чалавек сам абірае прыёмы ежы, якія яму патрэбныя. Тут прадугледжваецца любы рацыён. Падыходзіць для людзей з нестандартным графікам працы.

3. Рухавасць (1 дзень — 640 тысяч рублёў, 21 дзень — 12 230 000)

Разнастайны рацыён складзены на 2200 ккал. Пасуе для тых, хто актыўна трэніруецца 2—3 разы на тыдзень, альбо для тых, хто не хоча губляць масу цела.

У рацыён уваходзіць фасолевы патэ на падушцы з гародніны, энергетычныя аладкі з праросткаў з агароднінным соусам, фрапэ з чарнасліву, суп таматны з нутам, трус у гарчычным соусе, капуста «эцюві», агароднінны тэрын, «Вячэра ў Сеуле», зялёны кактэйль «Сіла», вострыя агароднінныя хлябцы.

4. Дэтакс+ (разлічаны на 5 дзён – 2 300 000 рублёў)

Дэтакс-праграма распрацаваная для актывізацыі работы уласнай ачысткі арганізма, пазбаўлення ад лішняй вадкасці і наладжвання працы органаў і сістэм. Ачышчэнне арганізма ад таксінаў і шлакаў.

Дэтакс-праграма непажаданая цяжарным і кормячым жанчынам, а таксама дзецям і пажылым людзям. Рацыён складаецца згодна з біялагічнымі, фізічнымі і генетычнымі паказчыкамі чалавека.

5. Разгрузачныя дні (кошт залежыць ад складзенага рацыёну)

Спецыяльнае меню з жывымі вітамінамі і мінераламі. Ёсць некалькі варыянтаў, якія дапамогуць скінуць вагу і пры гэтым не галадаць. У рацыён уваходзяць зялёныя кактэйлі, збалансаваныя нізкакаларыйныя перакусы. Спіс прыёмаў ежы складаецца індывідуальна з дыетолагам.

6. Збалансаванае вегетарыянства (1 дзень — 575 тысяч рублёў, 21 дзень — 10 980 000)

Стравы з мінімальнай колькасцю халестэрыну і насычанымі тлустымі кіслотамі. Разлічанае не толькі на вегетарыянцаў, але і тых, хто выконвае пасты.

У рацыёне адсутнічае мяса, рыба, яйкі, жэлацін.

Сам жа рацыён складаецца з натуральнага негазаванага напою, фасолевага патэ на падушцы з гародніны, энергетычных аладкаў з праросткаў з агароднінным соусам, фруктовага дыгідраванага грыльяжу, марскіх палачак, лісця салаты і духмяных зёлак з гарбузовым алеем, гарбузовага супу, агародніннага тэрыну, пудынгу з насеннем годжы, гародніны ў какосавым малацэ, хлябцоў да супу.

7. Падарунак для сэрца (1 дзень — 600 тысяч рублёў., 21 дзень — 11 450 000)

Асаблівае гіпахалестырынавае меню, разлічанае на 2200 здаровых і правільна збалансаваных калорый. Праграма складаецца з экалагічна чыстых прадуктаў з паніжаным утрыманнем тлушчаў, цукру і солі. Падыходзіць людзям з павышаным ціскам, людзям, што пакутуюць ад хранічнай стомленасці, і ласунам, якія раскаяліся ў сваім граху.

У рацыён уваходзяць: сырнікі тварожныя з грэцкім арэхам, перапёлчынае яйка з зялёным мусам у гняздзе з травы з парасткамі люцэрны, суп-даў з сачыўкі з гароднінай, стронга ў кунжуце са струковай фасоллю, фруктова-ягаднае жэле з фізалісам, долмы з тварагом, ікра агароднінная, патэ з грэчкі, зялёны кактэйль «Антыстрэс», амарантавыя хлябцы.

8. Бязважкасць (1 дзень — 575 тысяч рублёў, 21 дзень — 10 980 000)

Рацыён з паніжанай каларыйнасцю і утрыманнем вугляводаў. Разлічаны на 1200—1300 ккал, пяціразовае харчаванне, складаныя стравы.

Пасуе людзым з сядзячым ладам жыцця без інтэнсіўных фізічных нагрузак.

У рацыён уваходзіць фрытата з гароднінай, клубнічная нізкакаларыйная пана кота, суп-пюрэ з брокалі, курыца ў рысавай паперы, фаршыраваная грыбамі і гароднінай, дзікі арганічны рыс, свежае кавале, агароднінныя палачкі з пікантным соусам, панір у норы, брусэльская капуста, зялёны кактэйль «Духмяны», булачка з ільном.

9. Задавальненне (1 дзень — 620 тысяч рублёў, 21 дзень — 11 850 000)

Пасуе людзям, якія трэніруюцца 2—3 разы на тыдзень, сочаць за сваім рацыёнам. За 21 дзень такога харчавання арганізм цалкам наладжваецца пад здаровы рэжым.

Вось што ў рацыёне: булі дэ міл, салата з сырам фета ў кунжуце, цыбулевы суп, цяляціна пад соусам «Вітэла таната», карпача з буракоў, шпінатныя шарыкі са спіруліны, салата з прарослым махаем, зялёны кактэйль «Танізуючы», амарантавыя хлябцы.

Праграмы харачавання складаюцца разам прафесійнымі дыетолагамі. Таму арганізм можна ачысціць і за 5 дзён. Для тых жа, хто паставіў нейкія мэты ці хоча дасягнуць пэўнага выніку, то пяці дзён здаровага харчавання будзе малавата.

У лютым адкрыецца і само памяшканне, і там, акрамя дастаўкі, будзе працаваць цэлая пляцоўка, якая будзе аб’ядноўваць людзей, якія зацікаўленыя ў здаровым харчаванні.

«Шчасце есці» абяцае анлайн-трансляцыі ў аплікацыі «Periscope».

На лекцыях прафесіяналы, дыетолагі будуць распавядаць пра спалучэнне харчавання і трэніровак, а кожны ахвотны зможа падзяліцца сваім досведам. У далёкіх планах кампанія хоча зрабіць дастаўку больш даступнай і бюджэтнай — пры ўмове, што на працягу года бізнэс будзе карыстацца попытам.

Мікіта Недаверкаў

0
Аанатоль / Адказаць
01.02.2016 / 23:53
Это для какой страны такие цены???
0
Маркевіч / Адказаць
01.02.2016 / 23:55
О, за мой заробак можна есьці аж 6 дзён
0
Alcoholic Rattlesnake / Адказаць
02.02.2016 / 00:00
"Жывыя вітаміны і мінералы" "Ачысціць арганізм" "Таксіны ды шлакі" Тыповы развод лахоў на грошы. Не ўзляціць з такімі коштамі, олсо.
Паказаць усе каментары/ 52 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру