Лідэр Руху «За свабоду» распаўсюдзіў зварот з нагоды чарговых угодак Чарнобыльскай катастрофы.

Самая буйная тэхнагенная катастрофа ХХ—га стагоддзя загубіла тысячы людзей і нанесла непапраўную шкоду здароўю беларусаў, украінцаў і расейцаў. Пятая частка нашай лепшай тэрыторыі забруджана радыяцыяй і на стагоддзі стала небяспечнай для людзей.

26 красавіка — гэта Дзень смутку беларускага народа.

Дагэтуль мы не ведаем усёй праўды: колькі чарнобыльцаў памерла, а колькі пацярпела ад радыяцыі. Прафесар Бандажэўскі, які стаяў за тое, каб людзі ведалі праўду пра Чарнобыль, быў спачатку асуджаны, а потым змушаны з’ехаць з краіны.

Як у савецкія часы, людзі не маюць сёння доступу да важнай інфармацыі, якая звязана з галоўным — бяспекай іх жыцця і здароўя. Больш за тое, іх пачалі падманваць, сцвярджаючы, што забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі можна выкарыстоўваць ў сельскай гаспадарцы. Пры гэтым беларускія стандарты чысціні прадукцыі на парадкі ніжэй за агульнаеўрапейскія.

Трэба спыніць падобную злачынную практыку. Мы не хочам, каб дзеці нашых дзяцей адчулі Чарнобыль і на сваім здароўе. Палітыка ўлады, якая не клапоціцца пра здароўе сваіх грамадзян — антынародная і амаральная. Амаральным ёсць рашэнне ўраду, які пазбаўляе ільготаў перасяленцаў, інвалідаў і ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС.

26 красавіка — гэта і Дзень напаміну пра небясьпеку «мірнага атама».

Атам заўсёды небяспечны для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя асабліва ў недэмакратычных дзяржавах, дзе няма празрыстасці і доступу да праўдзівай інфармацыі.

Рашэнне пра будаўніцтва АЭС ў Беларусі без абнародаванай навуковай экспертызы і без грамадскай дыскусіі нясе пагрозу для беларусаў і для нашых суседзяў. Заклікаю ўсіх суграмадзянаў выйсці ў гэты дзень на Чарнобыльскі Шлях, каб сказаць:

НЕ адмене сацыяльных гарантыяў пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС!

НЕ будаўніцтву АЭС!

НЕ закрытасці інфармацыі пра ўплыў радыяцыі на чалавека і прыроду!

НЕ сельгасвытворчасці на забруджаных землях!

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0