У Баранавічах таксісты прыватнага ўнітарнага транспартнага прадпрыемства «Камандзір» збіраюць сродкі ў дапамогу пацярпелай у ДТЗ 18-гадовай жыхарцы вёскі Новая Мыш.

Як паведаміў таксіст Дзмітрый Акулік, 1 лютага такое рашэнне кіроўцы прынялі на сходзе. «Гэтая страшная аварыя забрала жыцці двух чалавек. Дзяўчына выжыла, і мы вырашылі ёй дапамагчы. З 2 па 7 лютага кожны кіроўца будзе перадаваць 15% свайго дзённага заробку на рэабілітацыю пацярпелай, — сказаў Акулік. — 7 лютага мы плануем наведаць дзяўчыну ў бальніцы і аддаць сабраныя сродкі».

30 студзеня прыкладна ў 14.00 у Баранавіцкім раёне на 9-м км аўтадарогі Р108 Баранавічы — Моўчадзь — Дзятлава здарылася сутыкненне «Рэно-Мегана-Сцэнік» і «Аўдзі 100». Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, перад гэтым «Рэно», якім кіраваў 66-гадовы жыхар Мінска, завяршаў з'езд з аўтамагістралі М1 на аўтадарогу Р108. У той момант ён меў намер здзейсніць манеўр павароту налева ў бок найбліжэйшага населенага пункта — вёскі Новая Мыш. Пры гэтым транспартны сродак выязджаў з другараднай дарогі. Па галоўнай у кірунку Баранавічаў ішоў «Аўдзі 100». За яго рулём знаходзіўся 21-гадовы жыхар Баранавічаў.

У выніку ДТЗ двое пасажыраў «Аўдзі», 23-гадовы і 17-гадовая жыхары Баранавічаў, якія ехалі на заднім сядзенні, ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерлі на месцы. 18-гадовая пасажырка, якая знаходзілася ў аўтамабілі спераду, з траўмай грудной клеткі і пераломамі касцей абедзвюх ног змешчаная ў бальніцу. Кіроўцы аўтамабіляў не пацярпелі.

Па факце ДТЗ Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух асоб). Згодна з вынікамі праведзенага агляду, абодва кіроўцы былі цвярозымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?