Фота з сайту тэатру

6 красавіка ў Купалаўскім віншавалі заслужанага артыста Беларусі Ўладзімера Рагаўцова.

Юбіляр, прыняўшы кветкі ад калегаў і падарунак ад прафсаюзаў, прачытаў блокаўскі верш — сваё акторскае крэда, выклікаўшы ў глядацкай залі яшчэ адну порцыю заслужаных авацыяў. Але ў спэктаклі «Каханьне ў стылі барока» яму дасталася толькі эпізадычная роля Шумыцкага, пра што ў гэты вечар даводзілася толькі шкадаваць. Відавочнымі «бэнэфіцыянтамі» сталі іншыя акторы.

Імаверна, «Каханьне ў стылі барока» — адзіная п’еса ўкраінскага драматурга Яраслава Стэльмаха, якую ў найбліжэйшыя гады зможа паглядзець беларускі глядач. П’еса добрая. І вельмі добры атрымаўся спэктакль, пастаўлены ў 2003 годзе Барысам Уторавым — цудоўным рэжысэрам і пэдагогам. І драматурга, і рэжысэра, на жаль, ужо няма сярод жывых. А спэктакль жыве. Калі б гукарэжысэр не замінаў акторам сваімі дынамікамі сьпяваць, было б і зусім цудоўна.

Старая камэдыя сытуацый. Графа (Ігар Пятроў) бацька заручыў зь яго кузынай Олянай (Юлія Шпілеўская). Прайшло восем гадоў, бацькі абаіх заручоных сышлі з гэтага сьвету, а малады граф жаніцца ня хоча. І прыдумаў ён выдаць за сябе — то бок за маладога — уласнага падлоўчага Онысыма (Мікалай Кучыц). Але служка Ярыся (гэтую спрытную субрэтку бліскуча грае Марына Гардзіёнак) усё падслухала, данесла паненцы, а тая здолела так павярнуць усю справу, што граф і віну сваю прызнаў, і ў яе закахаўся… Увогуле, усё добра, што добра заканчваецца.

Дзіўныя справы Госпада нашага і неспавядальныя шляхі Яго! Граф у выкананьні Ігара Пятрова такі вытанчаны «кавалеж», што ня верыцца нават неяк у яго злосны намер ашукаць заручоную. І ня верыцца, што ён здольны быць хамаватым са служкам Стэпанам (выбітная праца Сяргея Чуба), што ён можа загадаць яму пакінуць дзьвюх прыбылых у замак жанчын у цемры, без кавалка хлеба, бязь цёплай вады, з адным недагаркам сьвечкі — фі! Але, зь іншага боку, з халасьцяцкім жыцьцём яму зусім ня хочацца разьвітвацца. Нават цікаўнасьць не адольвае яго: а як яна выглядае, гэтая мая кузына, якую я бачыў апошні раз восем гадоў таму? Чаго ня зробіш, каб захаваць свабоду?

І, вырашыўшы падмяніць сябе ў вачах маладой на вечна п’янага, выкачанага ў пер’і, сьмярдзючага Онысыма, ён ведае, што робіць: яму патрэбная яе добраахвотная адмова! А хто ж з паненак, што прыехалі з самага сапраўднага Парыжу, прыме вось такога жаніха, як Онысым?

Але якім бы п’яным і камічным ні выглядаў у першай дзеі Онысым у выкананьні Мікалая Кучыца, у другой дзеі ён ужо зусім іншы! Пераканаўшыся, што ён на самай справе і ёсьць — «грахв», п’яны падлоўчы раптоўна праймаецца пачуцьцём уласнай годнасьці.

Калі чытачы ня бачылі, як грае Мікалай Кучыц, стоячы сьпінай да залі гледачоў, я параіў бы купіць квіткі загадзя. Хвіліну таму ён быў усяго толькі згорбленым, тоўстым, нязграбным мужыком — і раптам выпростваецца пастава, рукі па‑майстэрску прыводзяць да ладу прычоску. Ён — «грахв», толькі натура засталася хамскай. Па‑хамску піхне ён нагой Стэпана, па‑хамску зарагоча, узгадаўшы, як падклаў другому падлоўчаму, Гаўрылу, граблі, а той на іх наступіў… Вядома, Кучыц утрыруе сьмешныя рысы ў абліччы свайго героя, але сутнасьць — хам раптам стаў панам, атрымаўшы ўладу над «людзьмі» — праз гэта менш страшнай ня стала. Онысым ня толькі вонкава пераўтварыўся — тое самае «грахвства» абудзіла ў ім усё, што было здушана столькі гадоў: лёкай‑баягуз, стаўшы панам, узьнёс хамства ў стыль свайго паўсядзённага жыцьця — хай сабе нават у чырвоным камзоле і ў вышытым залатым халаце (вось і прыгадаеш песьню Віктара Шалкеві¬ча:

Бяры залатоўку, мадліся, што сіл,
Каб хам нігды панам ня быў!).

Праз гэта добраахвотная пакута, прынятая на сябе графіняй Олянай, падвойваецца. Яна бачыць перад сабою ня пана, але хама, хама скончанага, — і вымушаная, дзеля выкананьня да канца гульні, якую сама і прыдумала, патураць яму, захапляцца ім. Ёй — Юлія Шпілеўская ў пэўны момант пачынае весьці сваю лінію са шчырым трагічным надрывам — гэтае прыроднае, натуральнае хамства напаўп’янога падлоўчага здаецца больш даравальным за цынічны падман такога высакароднага, такога далікатнага, такога міленькага… гм‑гм… графа, адным словам.

Але, зь іншага боку, і ў яе — у такую рашучую, вытанчаную, чорнавалосую, чарнавокую, зграбную, высокую — м‑м‑м! — цяжка не закахацца. І абсалютна відавочна, што ў Оляну ў выніку закаханыя абодва — і граф, і «грахв». І закаханы Онысым дазваляе сабе граць у жмуркі з пакаёўкамі, а закаханы граф, чытаючы кніжку ў аксамітнай чырвонай вокладцы, думае, як бы насьмеліцца і прызнацца сваёй заручонай — такой… такой… спакусьлівай — так! спакусьлівай — не дарма Онысыму карціць аблапаць яе. Так і граф, удаючы падлоўчага, ёй жа здуру, прыняўшы яе за служку, прапануе схадзіць у клуню…

Увогуле, «грахвыня», ці хочаце Вы вялікага і чыстага каханьня? У двух варыянтах? Ці ў клуні з графам, ці ў спальні з п’яным падлоўчым? Абодва кавалеры — да Вашых паслугаў!

Вось наконт закаханых служак сумненьняў няма ніякіх. Тут варыянтаў быць ня можа ў прынцыпе. Марына Гардзіёнак грае клясычную субрэтку ў духу Марыво, Сяргей Чуб — такога сабе хітраватага мальераўскага Каўеля. Уласьцівы гэтым пэрсанажам гумар, які трэба, каб крыху травэстыяваць высокія пачуцьці гаспадароў, зразумела, выклікае значна большы водгук у залі. Але акторы пры гэтым ведаюць меру, нідзе не пераігрываюць. І хаця Ярысі патрэбны перакладчык з «кабылячай мовы» на мову нармальных чалавечых пачуцьцяў, у іх ігры абышлося бяз пошласьці і «жарабяцінкі». (Як мне падаецца, гэтая асаблівасьць іх акторскіх талентаў была запатрабаваная і ў «Слугу двух гаспадароў».)

Усе выканаўцы купаюцца ў тэксьце камэдыі, як морапрадукты ў соўсе‑кактэйлі: ясі ад душы — атрымлівай асалоду! Нават у абсалютна бясслоўнай (адна фраза, па‑мойму?) ролі Кушча (ёсьць і напраўду ў гэтым сьпітым пэрсанажы нешта расьліннае) Вячаслаў Паўлюць умудраецца сыграць цэлае жыцьцё, прымусіць гледача палюбіць сябе і рэагаваць на кожны ўсхліп яго героя як на маналёг Гамлета.

Але тры цэнтральныя пэрсанажы гэтай гісторыі пра каханьне ўсё адно граюць ня столькі камэдыю, колькі трагікамэдыю. Таму што ў прынцыпе для іх — па сканчэньні сюжэту — усё зьмянілася карэнным чынам. Справа нават ня ў тым, што граф ажаніўся з Олянаю і разьвітаўся са свабодаю, што так нечакана надакучыла яму. Проста Онысым ніколі не забудзе той тыдзень, які ён правёў у графскіх пакоях, адчуваючы сябе паўнавартасным гаспадаром‑распарадчыкам чужых лёсаў. Граф ніколі не забу¬дзе сваёй віны перад жанчынай, якую ён нават не захацеў пабачыць, і так абразіў, і якая яму даравала — пазьней даравала — і нават пагадзілася стаць яго жонкай. А Оляна ўжо дакладна не забудзе, як яе будучы сужонец заляцаўся да прыгожанькай пакаёўкі і клікаў яе ў клуню — і што з таго, што гэтай пакаёўкай была яна сама? Бо сёньня яна, а заўтра ў клуню — зь іншай?!

Камэдыя сытуацый далёка не такая адназначна лёгкая, як можа падацца. І «Ноч памылак» Голдсміта, і «Жаніцьба Фігара» Бамаршэ напісаныя людзьмі, якія вельмі ўважліва чыталі Марыво. А Стэльмах уважліва чытаў і Голдсміта, і Бамаршэ. Таму і напісаў ён, хутчэй, трагікамэдыю, чым…

…Але тут на сцэну выйшаў Валер Раеўскі і прапанаваў павіншаваць юбіляра.

Яно, вядома, правільна: шэсьцьдзесят пяць год — цалкам паважны ўзрост. Трэба ўшанаваць.

Аляксандар Фядута, глядач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0