Працягваць узвядзенне будынкаў для Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту «няма эканамічнай магчымасці», заявіла намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава на пасяджэнні калегіі Мінспорту 3 лютага.

Цэнтр, які складаецца з двух будынкаў на скрыжаванні вуліц Нарачанскай і Ціміразева ў Мінску, планавалася здаць у эксплуатацыю да 1 студзеня 2016 года, паведаміў дырэктар РНПЦ Генадзь Загарадны. Паводле яго слоў, чатырохпавярховы будынак гатовы на 90%, сяміпавярховы — на 25%.

Цяпер цэнтр займае частку плошчаў паліклінікі Беларускай чыгункі на вуліцы Варанянскага. Выступаючы на калегіі, Загарадны заявіў пра пагрозу здароўю спартсменаў, паколькі ў адным ліфце можа апынуцца, умоўна, Вікторыя Азаранка, якая прыехала на кансультацыю, і хворы на грып. Раней РНПЦ быў выселены з будынка па вуліцы Свярдлова каля стадыёна «Дынама» і Мінспорту. Будынак знеслі перад чэмпіянатам свету па хакеі 2014 года па прычыне будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу, аднак гэтая будоўля была замарожаная, фактычна не пачаўшыся.

У той жа час чыноўнікі паабяцалі на калегіі дапамагчы цэнтру з новым абсталяваннем. Большасці цяпер эксплуатаваных апаратаў каля 10 гадоў, і з іх, па словах Загараднага, выціскаюцца «апошнія сокі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?