На першым пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па святкаванні 25 сакавіка Дня Волі, якое адбылося 3 лютага ў Мінску, абмяркоўваўся фармат правядзення вулічнай акцыі.

У пасяджэнні аргкамітэта ўдзельнічалі старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык. У аргкамітэт Дня Волі таксама ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Сёлета аргкамітэт вырашыў змяніць маршрут акцыі. У папярэднія некалькі гадоў удзельнікі Дня Волі збіраліся каля станцыі метро «Акадэмія навук» і ішлі да парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор. Зараз аргкамітэт мае намер заяўляць маршрут шэсця па праспекце Незалежнасці да парку імя Янкі Купалы, каб ускласці кветкі да помніка паэту.

Аргкамітэт таксама прыняў рашэнне звярнуцца да старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Івонкі Сурвілы з прапановай загадзя напісаць віншавальны тэкст да Дня Волі, каб выкарыстоўваць яго ў падрыхтоўчай і інфармацыйнай кампаніях, для правядзення акцыі ў Мінску.

Чарговае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 9 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?