Вядома, што пластык наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Некаторыя з хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці пластмас, могуць выклікаць дэрматыт пры кантакце са скурай чалавека. У многіх пластмасах гэтыя таксічныя хімічныя рэчывы выкарыстоўваюцца толькі ў невялікіх колькасцях, але часта патрабуецца значная колькасць тэстаў для таго, каб выявіць наяўнасць таксічных элементаў, якія ўтрымліваюцца ў пластыку. А перыяд іх распаду наносіць вялікую шкоду прыродзе.

Аўгіня Манцэвіч – адна з нешматлікіх беларусак, якая паступова адмаўляецца ад такіх рэчаў. Аўгіня знакамітая сваімі вандроўкамі, пра якія распавядала ў перадачы «Аўтаспынам па Беларусі». Разам са сваім мужам, Вераснем, яна аб’ехала вялікую колькасць краін па ўсім свеце. Цяпер яны жывуць у вёсцы Лохаўшчына (Валожынскі раён). Час ад часу ў сваім фэйсбуку яна паведамляе пра свае дасягненні ў сферы захавання экалогіі, што выклікае розную рэакцыю ў яе фэйсбучных сяброў. З гэтай нагоды «НН» пагутарыла з ёй, каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях і карысці для здароўя і навакольнага асяроддзя.

НН: Пачнём з пластыкавых ватных палачак. Чаму вырашылі адмовіцца ад іх? Сучасныя пракладкі і памперсы таксама неяк кепска уплываюць на нашую экалогію?

АМ: Часам мы выкарыстоўваем столькі пластыкавых рэчаў і нават не заўважаем гэтага. Мой муж — гідрагеолаг. Падчас практыкі ва ўніверсітэце ён наведваў ачышчальныя збудаванні. Дык вось, абсалютную большасць смецця, якое трапляе ў каналізацыю, складаюць менавіта пластыкавыя ватныя палачкі. Можа быць, я б ніколі і не задумалася пра тое, каб спыніць імі карыстацца. Але мужаў досвед прымусіў задумацца, ці патрэбныя мне гэтыя палачкі? У дзяцінстве я карысталася звычайнымі запалкамі — накручвала на іх ватку. І атрымлівалася зусім не горш. І нашмат экалагічней. Пластык будзе гніць вечна, а дрэва — узнаўляльны рэсурс. Да таго ж, уявіце маштаб: колькі людзей штодня карыстаюцца пластыкавымі ватнымі палачкамі. Іх не выкарыстоўваюць па некалькі разоў. Яны ідуць адразу ў сметніцу. Гэта ж колькі пластыкавага смецця мы плодзім усяго толькі дзеля таго, каб пачысьціць вушы ці паправіць макіяж!

Гігіенічныя пракладкі ў сваёй большасці, як і падгузнікі, вырабляюцца з матэрыялу, якому трэба ад 100 да 500 год, каб раскласціся. Прыбіраючы ў сябе на ўчастку, я знайшла закапаны скарб, — склад падгузнікаў. Не ведаю, колькі год яны там праляжалі ў зямлі, але яны нават не пачалі раскладацца. Таксама можна ўявіць сабе маштаб катастрофы, колькі жанчын штомесяц выкідаюць не менш за дзясятак пракладак, колькі бацькоў па некалькі год штодня выкідаюць падгузнікі. І ўсё гэта нікуды не дзяецца. Яно ўсё застаецца на нашай зямлі.

Да таго ж, можна дыскутаваць наконт шкоднасці пракладак і падгузнікаў, але гэта ўжо асабістая справа кожнага. Я, напрыклад, ведаю пра сіліконавыя гігіенічныя капы, баваўняныя тампоны, шматразовыя пракладкі і падгузнікі, а таксама метад высаджвання дзяцей.

НН: Я шмат чытаў, што людзі адмаўляюцца ад пакетаў ў крамах, але што канкрэтна кепскага ў іх?

АМ: Гэта лішняе смецце. Тварог, напрыклад, мы з’ядаем, а пластыкавы пакунак застаецца. Назаўсёды. Таму ідэальныя прадукты — на вагу, тыя, якія можам упакаваць ва ўласную тару. У крайнім выпадку — папяровыя пакункі, якія раскладуцца ў смецці за адзін сезон. На жаль, у Беларусі з гэтым усё вельмі дрэнна. Як ні дзіўна, я настальгую па савецкіх часах, калі прыходзіла ў краму, мне адразалі кавалак масла і заварочвалі яго ў паперу. Калі піражок клалі на кавалак паперы, а не ў пластыкавы пакет. Вядома, гэта пэўная нязручнасць. Але відавочная выгада для экалогіі.

Вельмі часта, калі я не кладу садавіну ці гародніну ў пакеты, на касе мне ўсё адно яго сунуць. А на маё «не трэба» кажуць: «Яны ж бясплатныя». Дарэчы, бясплатныя пакеты — абсалютнае зло. Я лічу, калі ўжо яны ўсё адно існуюць, яны павінны каштаваць грошай. Каб чалавек, перш чым пакласці прадукты ў чарговы пакет, задумаўся. Прывяду прыклад. Патагонія — вялізная раўнінная частка тэрыторыі Аргентыны. Там няма ніякай расліннасці — толькі нізкія кустарнікі. І пастаянна дзьмуць моцныя вятры. І гэтыя вятры разносяць тыя самыя пластыкавыя пакеты. Уявіце сабе — вялізная тэрыторыя, пакрытая кустарнікамі, і амаль на кожным кусціку матляецца ад ветру пластыкавы пакет. І вось мы прыязджаем у горад Рыа Гашэгас, што ў Патагоніі. А там і ў ваколіцах — чыста. Ніякіх пакетаў. Аказваецца, гарадскія ўлады забаранілі выкарыстанне пластыкавых пакетаў у крамах. Там іх не тое што не раздаюць, а нават не прадаюць. Толькі торбы з тканіны. Хочаш закупіцца ў краме — прынось торбу з сабой.

НН: Што тычыцца касметыкі, калі не сакрэт, адмовіліся ці чымсці замянілі?

АМ: Я не карыстаюся касметыкай. Максімум — крэм для твару.

Аўгіня і яе муж Верасень у сваім кругасветным падарожжы

Аўгіня і яе муж Верасень у сваім кругасветным падарожжы

НН: Таксама вы пішаце пра тое, што адмаўляецеся ад залішняй язды на аўто. Як гэта практычна атрымліваецца?

АМ: Мяне здзіўляюць мінчане, якія штодня ездзяць на працу на сваёй машыне. Разумею, калі вы жывяце за горадам і там не ходзіць нармальна транспарт. Але ж у Мінску з любога пункта ў любы пункт з самага рання да позняй ночы можна дабрацца на грамадскім транспарце. Я, напрыклад, калі мне не трэба купляць нічога буйнога, езджу ў Мінск на цягніку. Цягнікі і аўтобусы ўсё роўна ходзяць. Такім чынам мы выкарыстоўваем нашмат менш паліва і нашмат менш забруджваем паветра. У Каліфорніі, напрыклад, на дарогах ёсць адмысловая выдзеленая паласа для машын з двума і больш пасажырамі. Гэта падштурхоўвае людзей аб’ядноўвацца і не ехаць кожнаму на сваім аўто. Проста, зручна і экалагічна.

НН: Якая была матывацыя жыць больш экалагічна?

АМ: Матывацыя простая — хочацца жыць на чыстай зямлі, дыхаць чыстым паветрам, піць чыстую ваду. Мы з мужам шмат падарожнічалі і бачылі, да чаго прыводзіць неахайнае выкарыстанне пластыку. І многія людзі, на маю думку, яшчэ не навучыліся ім карыстацца і не ўсвядомілі маштаб трагедыі, да якой вядзе хуткаснае памнажэнне пластыку. Людзі па-ранейшаму выкідаюць пластык, як выкідалі жалеза ці гліну. А ён ізноў жа нікуды не дзяецца.

Мне было прыкра бачыць цудоўнае возера Атытлан у Гватэмале, куды мясцовыя індзейцы выкідаюць пластыкавыя бутэлькі. Мне было непрыемна плаваць у Аравійскім моры ў Індыі, хвалі якога перыядычна прыносілі вечнае смецце. Я ўжо не кажу пра тое, што дыхаць там таксама немагчыма — бо пластык там пастаянна паляць. Калі мы выляталі з Індыі, бачылі, як карычневая смуга паступова заставалася ўнізе. І здавалася, толькі Гімалаі ратавалі нас ад распаўсюду гэтай заслоны па ўсім свеце.

Мае сябры, якія пераплывалі акіян, расказвалі пра цэлыя вялізныя выспы смецця ў вадзе. Яно кіруецца плынямі і зблытваецца разам. А куды яму яшчэ дзявацца? Напэўна, там ёсць і вашыя ватныя палачкі, і падгузнікі, і пракладкі.

Па вяртанні з вялікага і доўгага падарожжа мы з мужам пераехалі жыць у вёску. А тут важнасць беражлівага стаўлення да прыроды адчуваецца найбольш востра. Ля мяне не стаіць смеццевы кантэйнер, які штодня спусташае машына. У мяне няма цэнтральнай каналізацыі. Усе мае адкіды застаюцца навідавоку. На маім участку. Ля маёй хаты. Сартаваць смецце тут проста неабходна. Арганіка — у кампост на ўгнаенні, папера — у печ, пластык — асобна ў сметніцу і вывозіць да бліжэйшага кантэйнера. У горадзе, зрэшты, такая неабходнасць таксама ёсць. Але там усё не так навідавоку. Здаецца, выкінуў усё ў сметніцу ці ўнітаз, і яго не стала. А яно застаецца. І магчыма, калісьці павялічыць тую самую смеццевую выспу ў акіяне.

Хата Аўгіні і Верасня ў Лохаўшчыне.

Хата Аўгіні і Верасня ў Лохаўшчыне.

Тое ж з бытавой хіміяй — на вёсцы вельмі добра адчуваецца, што ўсе рэчывы, якія я выкарыстоўваю ў сваім быце, пасля апынуцца на маім агародзе. Таму для мяне важна мінімізаваць выкарыстанне шкоднай хіміі. Напрыклад, лічу бессэнсоўным усякія мыйныя сродкі для падлогі, вокнаў і г.д. Усё гэта цудоўна мыецца звычайнай вадой. І дэзінфікаваць падлогу і сталы не бачу сэнсу.

Пакуль большасць бытавой хіміі я замяніла на мыльны арэх. Ён выдатна мые ўсё: валасы, цела, посуд, бялізну, падлогу, упрыгожанні. Вядома, гэта не найлепшы сродак у нашых шыротах, бо мыльны арэх тут не расце. І каб даставіць яго, таксама трацяцца рэсурсы і наносіцца шкода экалогіі. У нас ёсць гарчыца, сода, раствор дрэўнага попелу ды іншыя сродкі. Не ведаю, можа, будзе рэкламай, але я набываю мыльны арэх у краме «Востраў чысціні».

НН: Ад чаго было найскладаней адмовіцца? Што было самае цяжкае?

АМ: Самае цяжкае маральна ўсвядоміць, што, каб памыць посуд, мне не патрэбны «Фэры». Мой досвед паказаў, што ў большасці выпадкаў, каб памыць посуд, дастаткова звычайнай цёплай вады. Ці каб папраць бялізну, мне не трэба карыстацца пральным парашком. Бо ў большасці выпадкаў я мыю адзенне не для таго, каб вывесці нейкія суперстойкія плямы, а каб адмыць штодзённы бруд, пыл, пот. Гэта ўсё таксама выдатна адмываецца звычайнай цёплай вадой.

НН: Што ў далейшых планах па паляпшэнні экалогіі?

АМ: Вядома, я яшчэ далёка ад свайго экалагічнага ідэалу. Я не фанатык і да ўсяго стаўлюся рацыянальна. Я ўсё яшчэ захоўваю сродкі бытавой хіміі на экстранны выпадак. Але для мяне вельмі важна, што я імі не карыстаюся. Бо няхай пластык проста валяецца дзесьці, а хімія знішчае ўсё жывое вакол.

Але хацелася б і мінімізаваць выкарыстанне пластыкавай упакоўкі. Цалкам зрабіць гэта, думаю, у мяне не атрымаецца. Напрыклад, калі я купляю тую ж зубную пасту ці парашок, пасля мяне застаецца пластыкавае смецце. Можна пазбегнуць гэтага, самой гатуючы зубны парашок у натуральнай тары. Але тады ў мяне ўсё жыццё пойдзе на тое, каб толькі зрабіць сабе зубны парашок і г.д. Я пакуль не гатовая да гэтага. Але тое, што ў маіх сілах, раблю.

Напрыклад, страшна, як шмат людзей карыстаюцца папяровымі насовачкамі, папяровымі сурвэткамі. А гэта ж так проста замяніць на звычайныя насоўкі і сурвэткі з тканіны. Яны шматразовыя і нашмат больш прыемныя ў выкарыстанні.

Таксама ў планах ёсць пераход на незалежныя ўзнаўляльныя крыніцы энергіі. Напрыклад, паставіць вятрак ці сонечныя батарэі.

НН: Як у Лохаўшчыне ставяцца да вашай ініцыятывы? Як вам жывецца там? Пра што мясцовыя размаўляюць?

АМ: Калі мы толькі пераехалі ў Лохаўшчыну, адразу ўзяліся за разграбанне звалкі, якую стварылі папярэднія гаспадары і суседзі за доўгія гады. Паставілі таблічку «Калі ласка, не кідайце смецце». Цяпер ля нас чыста. Суседзі выкідаюць смецце цяпер за свой хлеў. Часам я прыходжу да іх прыбірацца — не магу глядзець, як у кустах маліны валяюцца абгорткі ад цукерак. Суседзі не разумеюць. Ім нават прапаноўвалі, што будзе прыязджаць смеццевая машына раз на тыдзень — каштаваць будзе штосьці тыпу 8 тысяч у месяц. Яны адмовіліся. Сказалі, што ў іх няма смецця. І самі працягваюць выкідаць яго за сарай. Можа, у іх разуменні, гэта сапраўды не смецце. Але я ўжо не спрачаюся. Яны старыя людзі. Мне прасцей прыйсці і самой прыбраць.

Лохаўшчына, краявіды

Лохаўшчына, краявіды

Важна ўсвядоміць, што гэта глабальная катастрофа. Пластык нікуды не знікае, а толькі назапашваецца. Кожная купленая газіроўка ў пластыкавай бутэльцы павялічвае выспы смецця ў акіяне. Кожнае мыццё галавы шампунем знішчае раслінны і жывёльны свет вакол нас, забруджвае ваду і невядома як уплывае на нашае здароўе. Колькасць алергій у сучасным свеце — таму сведчанне. Па ўсім свеце пачынаюць знікаць пчолы. У ЗША з 60-х колькасць пчол скарацілася ўдвая. У Кітаі людзі ўжо самі рукамі апыляюць расліны. Пчолы вельмі чуллівыя да розных хімікатаў і пестыцыдаў, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Такімі тэмпамі хутка не будзе каму апыляць расліны. А калі так здарыцца, падумайце самі, да чаго гэта прывядзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?