Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Вось прыходзіць малады трэнер на зарплату 1,3 мільёны. Ну, што рабіць, такая зарплата! Вы ўсе гасударавы людзі і павінны разумець сітуацыю ў краіне», — заявіла віцэ-прэм’ер Наталля Качанава на калегіі Мінспорту.

Прыкладна 1,3 мільёна зарабляе трэнер «Баварыі» Хасэп Гвардзіола. Толькі стоп! Каталонцу плацяць у еўра, а Качанава сказала пра беларускія рублі.

«Я зараз на працы, і многія абураны яе выказваннем. Пажыла б яна сама так! Я працую на паўтары стаўкі, у мяне шэсць груп дзяцей. І зарплата пры гэтым 4 мільёны. Выжываю, бо жыву з бацькамі», — выказваецца Еўрарадыё маладая трэнер па барацьбе з Мінска, якая за некалькі год працы змагла падрыхтаваць прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Трэнер кажа, што працуе толькі за кошт матывацыі, «таму што маладая і няма сям’і». Пры гэтым дзяўчына адзначае, што апроч фінансавых у яе прафесіі хапае і іншых складанасцяў.

«Самая няпростая праца — гэта маладым трэнерам, калі ты поўзаеш і перастаўляеш малым ногі. А, як правіла, калі падрыхтуеш спартсмена для нацыянальнай каманды, яго ў цябе забяруць, іначай у зборную яго проста не возьмуць», — абмалёўвае трэнер свае перспектывы.

Наталля Качанава прапаноўвае «праводзіць вельмі сур’ёзны падбор кадраў», якія пры гэтым «адэкватна ўспрымуць гэты перыяд з зарплатай у 1,3 мільёны».

Што гэта было? Віцэ-прэм’ер такім чынам раіць маладым трэнерам стаць мазахістамі? Ці Качанава мае рацыю, і такім чынам у беларускім спорце павінен здарыцца натуральны адбор?

Каб зразумець сітуацыю, звязваемся з іншымі маладымі педагогамі ад спорту. Вадзім Жук з Баранавічаў чацвёрты год вучыць дзяцей гандболу.

«Як малады спецыяліст я пакуль яшчэ нешта зарабляю, бо ёсць даплата тысяч у 800. А на наступны год зарплата будзе максімум 3 мільёны. Ёсць дзяўчынка на працы, якая зарабляе менш за 1,5 мільёны. Людзям трэба сям'ю карміць. Вось як быць гэтай дзяўчынцы?» — задае рытарычнае пытанне гандбольны трэнер.

Вадзім Жук тлумачыць, як выкручваецца. Ён не павінен здымаць кватэру, бо пакуль жыве пры бацьках і бярэцца за ўсе магчымыя падпрацоўкі. Улетку ў яго скончыцца кантракт. Але сыходзіць спецыяліст не збіраецца.

«У мяне займаецца каля 50 дзяцей. Калі я сыйду, то кіну іх. Прыйдзе нехта іншы і зруйнуе маю шматгадовую працу. А так я давяду іх да класу 10-11. Некага перадам у клуб, нехта, спадзяюся, загуляе за зборную. А пасля, калі нічога не зменіцца, працаваць дзіцячым трэнерам я не змагу, трэба ствараць сям’ю», — адзначае Жук. 

Трэнер па лёгкай атлетыцы са Смаргоні Міхаіл Броўка забяспечвае сябе толькі са спорту. Яму пашчасціла зняць кватэру за 100 долараў, хоць арэнда жылля ў яго горадзе з-за будаўніцтва АЭС падскочыла да 150-200 зялёных.

«Зарплата ў 1,8 мільёны на стаўку — гэта 18 гадзін. У мяне 32 гадзіны, і плацяць 3,5 мільёны, — падлічвае Міхаіл. — Яшчэ на паўстаўкі я працую ў школе, каб неяк выжыць. І бяру групу па цяжкай атлетыцы. Калі б мне нармальна плацілі ў спартшколе, то я б мог засяродзіцца на працы ў адным відзе спорту, не распыляючыся. Займаўся б тым, што люблю. А так трэба грошы зарабляць».

Трэнер мае куды сысці са спартовай школы, але не спяшаецца адрывацца ад каранёў.

«У дадзены момант мая матывацыя — гэта дзеці. У некаторых атрымліваецца і ёсць вынік. Не было б гэтых дзяцей, я б сышоў. А так усё ж хочацца працаваць і развівацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?