У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля сёння пачалося слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да 66-гадовай жанчыны, якая пырнула нажом мужа за тое, што ён купіў за яе грошы селядзец.

Пра выпадак паведаміла прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.

З матэрыялаў справы вядома, што сямейная пара, якая раней у крымінальных справах заўважаная не была, вяла паасобны бюджэт

Муж быў на пенсіі, але яшчэ і падпрацоўваў, перад інцыдэнтам меўся атрымаць заробак. Але перад гэтым захацеў паспытаць селядца. Пазычыўшы грошай у жонкі, ён адправіўся на рынак. Жонка дала мужу Br200 тыс. З умовай, што той патраціць іх толькі, калі яго заробак яшчэ на картку не пералічаны. Даўшы згоду, пенсіянер адправіўся на рынак, а жонка назірала за ім з балкона.

Мужчына мінуў банкамат. Дадому вярнуўся з рыбай, на пытанне жонкі, ці атрымаў заробак, даў адмоўны адказ.

Гэта абурыла жанчыну, і яна пачала выгаворваць мужу. Сварка пенсіянераў скончылася нетрывіяльна: жанчына не разлічыла і пырнула мужа ў бок кухонным нажом. Мужчына адразу адправіўся ў міліцыю, адкуль быў шпіталізаваны. У цяперашні час яго стан праблемаў не выклікае.

Жанчыне прад'яўленае абвінавачванне па ч.1 арт.147 (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) КК Беларусі. Сёння падчас судовага пасяджэння былі дапытаныя пацярпелы і абвінавачаная. Пенсіянерка сваю віну цалкам прызнае. У бліжэйшы час таксама плануецца дапытаць сведак па гэтай крымінальнай справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?