Сёння афіцыйны сайт Uber паведаміў пра тое, што з сённяшняга дня кампанія запускае UberX — бюджэтны прадукт Uber з аўтамабілямі камфорт-класа, такімі як Skoda Rapid, Kia Rio, Volkswagen Polo, Hyundai Solaris, малодшымі за 5 гадоў.

Карыстальнікам ў Мінску будуць прапанаваныя наступныя тарыфы на UberX: 27 000 рублёў за падачу, 5 700 рублёў за кіламетр і 600 рублёў за хвіліну. Так, кошт паездкі ад чыгуначнага вакзала да парку Горкага складзе 48 635—55 847 рублёў, ад метро Няміга да Мінск-Арэны — 70 369—84 700 рублёў, а ад раёна вул. Кастрычніцкай да раёна пл. Свабоды — 45 153— 51 144 рублі.

Кошт паездкі ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» з любой кропкі горада, як і кошт зваротнай дарогі, будзе фіксаваным і складзе 350 000 рублёў.

У абноўленай аплікацыі цяпер ёсць магчымасць абраць таксі розных класаў і цэнавой катэгорыі.

***

Uber — міжнародная кампанія з Сан-Францыска, якая стварыла аднайменную мабільную аплікацыю для пошуку, выкліку і аплаты таксі або прыватных кіроўцаў. З дапамогай аплікацыі Uber заказчык рэзервуе машыну з кіроўцам і адсочвае яе перасоўванне да паказанай кропкі, аплата робіцца з дапамогай дадзеных банкаўскай карты.

Дзейнасць сэрвісу выклікала канфліктныя сітуацыі і пратэсты ў мностве краін, уключаючы Францыю, Германію, Італію, Нідэрланды. У некаторых краінах кампанія Uber атрымлівала штрафы, у іншых забараняліся некаторыя або ўсе яе паслугі. Праблема звязаная з неадпаведнасцю правілаў сэрвісу заканадаўству ў шэрагу еўрапейскіх краін (часцей за ўсё, адсутнасць ліцэнзій на прадастаўленне паслуг возніцтва), а таксама заніжаныя тарыфы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?