Гданьская пракуратура накіравала ў Варшаўскі акружны суд акт абвінавачваньня супраць беларуса, які быццам бы шпіёніў супраць Польшчы.

«Сяргей М. абвінавачаны ва ўдзеле ў разьведцы на карысьць Беларусі і дзеяньнях на шкоду Польшчы. За гэта пагражае 10 гадоў пазбаўленьня волі», — сказаў Збігнеў Немчык, шэф Гданьскага бюро па справах арганізаванай злачыннасьці Краёвай пракуратуры.

Спаслаўшыся на неабходнасьць захаваньня таямніцы сьледзтва, Немчык адмовіўся паведаміць падрабязнасьці.

У студзені мінулага году, калі справай яшчэ займалася Гданьская апэляцыйная пракуратура, яе прэс‑сакратар Кшыштаф Трынка гаварыў, што мужчыну падазраюць у тым, што «у 2005‑2006 гадах на тэрыторыі іншай краіны ён намаўляў грамадзяніна Польшчы да дзеяньняў на карысьць беларускай разьведкі супраць Польшчы».

Ад знаёмага — грамадзяніна Польшчы Кшыштафа Г. — Сяргей М. хацеў здабыць сьпіс працоўнікаў польскага МЗС і іх нумары тэлефонаў, а таксама сакрэтныя дакумэнты міністэрства. За абяцаньні прадастаўленьня інфармацыі беларус абяцаў заплаціць 500 даляраў. Сяргей М. адхіліў абвінавачваньні, сьцьвярджаючы, што невінаваты і зьяўляецца ахвярай правакацыі Кшыштафа Г., паведамляе агенцтва PAP.

41‑гадовы Сяргей М. быў затрыманы ў Літве ў лістападзе 2006 году на просьбу Польшчы, якая пасьля запатрабавала яго экстрадыцыі. Некалькімі днямі пазьней беларус быў выдадзены польскаму боку.

via Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0