Аб'яднаная грамадзянская партыя «пазітыўна» ставіцца да ідэі правядзення кангрэса дэмакратычных сіл і гатова працаваць з яго аргкамітэтам. Пра гэта паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька па выніках пасяджэння палітсавета арганізацыі, якое адбылося 5 лютага ў Мінску.

Правядзенне кангрэса дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала 17 снежня група вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. Зараз апроч названых палітыкаў у склад аргкамітэту ўваходзяць Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Лябедзька паведаміў, што на гэты момант не плануе далучацца да аргкамітэта. Паводле яго слоў, правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую апроч АГП уваходзяць рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», хацела б зрабіць кангрэс «інструментам актыўнай працы з грамадзянамі, сапраўды аб'яднаўчай пляцоўкай для пераважнай большасці палітычных структур».

«АГП сфармулявала сваё стаўленне да самой ідэі правядзення кангрэса, яно станоўчае. Калі кангрэс, напрыклад, прымае рашэнне аб стварэнні асамблеі народных прадстаўнікоў, то гэта будзе важным. У гэтым ёсць развіццё, так мы прыцягнем у склад асамблеі тых, хто актыўна адпрацаваў у выбарчай кампаніі, хто мае рэальную падтрымку не толькі палітычных структур, але і людзей. Мы б хацелі не толькі паставіць галачку, што правялі кангрэс, але і каб ён на самай справе нешта ствараў, умацоўваў, развіваў», — адзначыў таксама Лябедзька.

Раней палітык заяўляў, што асамблею народных прадстаўнікоў неабходна стварыць пасля парламенцкіх выбараў 2016 года. Паводле яго слоў, у яе маглі б увайсці «і правыя, і левыя, і незалежныя кандыдаты, якія падзяляюць пазіцыю, што ў сённяшнюю сістэму не трэба ўбудоўвацца, яе трэба мяняць».

Дакладная дата парламенцкіх выбараў павінна быць вызначаная не пазней за 10 чэрвеня, апошні тэрмін іх правядзення — 11 верасня 2016 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?