Група дэпутатаў Вярхоўнай Рады ўнесла на разгляд украінскага парламента праект пастановы аб скасаванні бязвізавага рэжыму з Расіяй. Праект згадваецца ў электроннай базе Рады, але сам яго тэкст там не прыводзіцца.

Адзін з ініцыятараў ўнясення дакумент — дэпутат Андрэй Парубій — напісаў у фэйсбуку, што выступаў з падобнай ініцыятывай яшчэ будучы сакратаром РНБА.

Свае дзеянні ён аргументуе стаўленнем грамадзян Расіі да анексіі Крыма і да Украіны ў цэлым. «93% падтрымлівае анексію Крыма Расіяй, з іх 80% — нават калі прыйдзецца пачаць вайну. 59% расейцаў негатыўна ставяцца да Украіны, а 37% лічаць украінцаў ворагамі», — сцвярджае дэпутат.

Паводле яго слоў, неабходна кантраляваць кожнага расейца, які хоча трапіць на тэрыторыю Украіны: «Мы не маем права нават дапусціць магчымасць, каб праз бязвізавы рэжым на нашу тэрыторыю траплялі варожая агентура і дыверсійныя групы».

У снежні 2015 года сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў выказаў надзею на тое, што даручэнне ўраду ўвесці «жорсткі» візавы рэжым з Расіяй будзе выкананае ў пачатку 2016 года.

Па словах Турчынава, украінскаму міністэрству замежных спраў было даручана ўвесці візавы рэжым з Расіяй яшчэ ў 2014 годзе, а «першы этап гэтай задачы» — адмена ўезду на ўкраінскую тэрыторыю па ўнутраным расійскім пашпарце — ужо быў выкананы вясной гэтага года. У лютым 2015 года ўрад Украіны прыняў рашэнне з 1 сакавіка 2015 года забараніць грамадзянам Расіі ўезд у краіну па ўнутраных пашпартах.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?