Беларуская выканаўца Настасся Лейкіна стала пераможцай першага міжнароднага музычнага інтэрнэт-конкурсу Your Voice 2016 («Твой голас»). 

Настасся апярэдзіла канкурэнтаў з 29 краін і заваявала сімпатыі інтэрнэт-гледачоў і журы. Кампазітар і прадзюсар Лейкінай Вадзім Рузаў не ўтойвае радасці з нагоды поспеху падапечнай. «Новая зорачка запалілася на небасхіле беларускага шоу-бізнесу. Настасся спявае пранікліва, шчыра. Менавіта гэтыя якасці і падкупілі арганізатараў інтэрнэт-праекта Your Voice 2016. Яны прапанавалі Настассі прыняць удзел у конкурсе ад Чэхіі, паколькі прадстаўнік ад Беларусі ўжо быў выбраны», — расказаў Вадзім Рузаў.

Паводле ўмоў конкурсу, выбраныя ад кожнай краіны артысты прадставілі відэа свайго выканання. Усе матэрыялы размяшчаліся ў інтэрнэце і былі даступны для карыстальнікаў. Галасаванне гледачоў і журы, у склад якога ўвайшлі артысты з розных краін, у тым ліку пераможцы і ўдзельнікі песенных праектаў, праходзіла ў рэжыме анлайн. Больш за ўсё балаў — 709 — набрала відэа Настассі Лейкінай з песняй Лары Фабіян Je suis malade. Менавіта з гэтай песняй беларуска стала лідарам праекта «Спяваючыя гарады. Трэці сезон».

Для Настассі як пераможцы арганізатары інтэрнэт-конкурсу напішуць песню і прадаставяць магчымасць зняць на яе відэакліп з наступнай папулярызацыяй у Сусветнай павуціне.

22-гадовая Настасся Лейкіна стала вядомай дзякуючы паспяховаму ўдзелу ў музычных праектах і конкурсах. Цяпер дзяўчына працуе над новымі песнямі, якія напісаў для яе Вадзім Рузаў. Таксама яна мае намер удзельнічаць у адборы на конкурс «Славянскага базару ў Віцебску».