Кліп на песню пра лабутэны групіроўкі «Ленінград» за тры тыдні на YouTube прагледзелі больш за 33 мільёны разоў.

Лабутэны — гэта расійская народная назва жаночых туфляў брэнда Christian Louboutin (Крыстыян Любутэн). Яны вылучаюцца высачэзным тонкім абцасам і чырвонай падэшвай.

Абутак прыгожы, якасны і нятанны: майстры выкарыстоўваюць аксаміт і экзатычную скуру, стразы Свароўскі і іншыя дарагія матэрыялы.

Пунсовая падэшва — зарэгістраваны гандлёвы знак брэнда.

Дызайнер сцвярджае, што пры распрацоўцы гэтага абутку ён браў за аснову чаравікі для прафесійных танцаў, таму, нягледзячы на высокі абцас, хадзіць у ім вельмі зручна.

Louboutin выпускае таксама і іншы абутак: боты, бацільёны, басаножкі і нават кеды.

У Мінску Louboutin таксама прадаюцца. Тыповы кошт — 250—650 даляраў за пару.

Можна набыць праз інтэрнэт-краму (напрыклад, тут).

Для больш сціплых патрабаванняў: беларуска-кітайская крама tao.by прапануе «рэплікі» — кітайскія лабутэны, за іх давядзецца заплаціць каля ста даляраў.

А сярод прыватных аб’яў можна знайсці чаравічкі сэканд-хэнд ад 200 да 700 тысяч беларускіх рублёў.

Найбліжэйшае афіцыйнае прадстаўніцтва вядомага брэнда знаходзіцца ў Маскве. «Распродажныя» цэны тут пачынаюцца ад 30 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 400 даляраў).

Пошукавыя рэсурсы суседняй Польшчы на наш запыт выдалі некалькі спасылак на тыя ж далікатна названыя «рэплікі» з коштам 500—700 злотых (120—180 даляраў) за пару.

У Вільні любутэны па інтэрнэт-запыце выяўленыя не былі.

У Кіеве выбар даволі багаты, цэны вагаюцца ад 18 да 52 тысяч грывень (700—2000 даляраў).

Дарэчы, пасля выхаду песні «Экспанат», якая праславіла лабутэны, на маскоўскай выставе «Ван Гог. Палотны, што ажылі 2.0», у пэўныя дні дзяўчаты «ў абутку на шпільках вышэйшых за 10 см» атрымалі магчымасць наведаць выставу бясплатна.

Крысціян Любутэн між тым заявіў, што на аб’ём продажаў папулярнасць хіта ніяк не паўплывала.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?