Украіна можа аднавіць паўнавартасны экспарт электраэнергіі ў Беларусь і Малдову ўжо ў сакавіку, паведаміў міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Уладзімір Дзямчышын 5 лютага на пасяджэнні камітэта Вярхоўнай рады па паліўна-энергетычным комплексе.

«Правялі перамовы з Літвой, Беларуссю і Малдовай… Перакананы, што з красавіка дакладна, а можа, нават ужо з сакавіка будзем аднаўляць экспарт электраэнергіі», — цытуе чыноўніка агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

На сёння экспарт электраэнергіі фактычна ажыццяўляецца толькі ў Еўропу: у студзені на 14,066 млн даляраў ЗША, пры гэтым у Малдову — на 0,097 млн, на Беларусь — на 0,003 млн.

Ва Украіне назіраецца істотнае падзенне спажывання электраэнергіі. Так, прыватны энергахолдынг ДТЭК, якому падкантрольныя тры з пяці цеплавых энергагенерыруючых кампаній (ГК ТЭС), у пачатку лютага паведаміў, што амаль палова энергаблокаў ТЭС кампаніі, цалкам забяспечаных палівам, застаецца ў рэзерве. Па стане на 1 лютага 24 энергаблокі ДТЭК з 55 не запатрабаваныя і прастойваюць. У цэлым па стане на 1 лютага 29 пылявугальных энергаблокаў ТЭС ва Украіне не запатрабаваныя.

Акрамя таго, пра балансавыя абмежаванні з боку НЭК «Укрэнерга» паведаміў аператар АЭС Украіны НАЭК «Энергаатам».

У 2015 годзе Украіна экспартавала электраэнергію на 150,057 млн даляраў, у тым ліку ў Венгрыю на 144,907 млн, Польшчу — на 2,722 млн, Малдову — на 1,173 млн, у іншыя краіны — на 1,255 млн. У 2015 годзе Украіна экспартавала 3,6 мільярдаў кВт•г, у 2014-м — 8,1 млрд кВт•г, у 2013-м — 9,9 млрд кВт•г, у 2012-м — 9,7 млрд кВт•г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?