Еўрасаюз заклікае Турцыю адкрыць мяжу сірыйскім бежанцам з Алепа. «Па-ранейшаму захоўвае дзеянне жэнеўская канвенцыя, якая абавязвае прымаць бежанцаў», — заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэс Хан у суботу, 6 лютага, на сустрэчы ў Амстэрдаме, у якой узялі ўдзел кіраўнікі МЗС краін ЕС і дзяржаў-кандыдатаў на ўступленне ў ЕС, у тым ліку Турцыя.

«Існуе сур'ёзная імавернасць таго, што да нас адправіцца вялікі паток бежанцаў», — папярэдзіў, у сваю чаргу, міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн. Паводле яго слоў, прычынай новага крызісу стаў наступ урадавай арміі ў раёне Алепа, што адбываецца пры падтрымцы Расіі. У гэтай сувязі Асельборн заклікаў ЗША паскорыць перамовы з Расіяй па пошуку палітычнага вырашэння сірыйскага канфлікту. На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адкрыецца 12 лютага, неабходна «сапраўды спыніць тое, што павінна быць спынена», — лічыць Асельборн.

Напярэдадні прадстаўнік каардынацыйнага бюро ААН па гуманітарных пытаннях Лінда Том паведаміла, што на мяжу з Турцыяй, ратуючыся ад наступу урадавай арміі ў раёне горада Алепа, збеглі каля 30 тысяч сірыйцаў. Днём раней прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутаглу заявіў, што баі вакол Алепа вымусілі 10 тысяч чалавек бегчы да турэцкай мяжы, яшчэ 70 тысяч уцекачоў знаходзяцца на шляху туды. Давутаглу запэўніў, што Турцыя пусціць бежанцаў на сваю тэрыторыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?