Падрабязнасці трагедыі ў Слуцку з гібеллю двух жанчын у харчаблоку кавярні, якая адбылася 5 лютага, паведаміў тэлеканал СТВ у вячэрняй праграме «24 гадзіны».

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, разглядаюцца розныя версіі здарэння, у тым ліку атручэнне чадным газам. 5 лютага кавярня працавала па спецзаказе, жанчыны гатавалі ежу для мерапрыемства. Па факце службовай халатнасці, якая прывяла да гібелі двух чалавек, распачатая крымінальная справа па арт. 428 КК. Старшынёй Следчага камітэта яна ўзятая на асабісты кантроль.

Паводле інфармацыі СТВ, трагедыя адбылася ў кавярні на вуліцы Серпухаўскай. Дзве жанчыны, якія пражывалі насупраць установы, гатавалі для банкету, будынак быў зачынены на абслугоўванне. Целы знайшла цырульніца, сяброўка адной з загінулых. Яна працавала побач.

Адна з загінулых тыдзень таму засялілася ва ўласную кватэру, у другой сіротамі засталіся двое дзяцей.

Мясцовыя жыхары вельмі занепакоеныя тым, што адбылося, кажуць, што чулі пра ўцечку газу даўно, а на гэта ніхто не звяртаў увагу. Адна з суседак вельмі хвалюецца, бо збіралася ў гэтай кавярні ў маі святкаваць юбілей.

Адміністрацыя кавярні ад якіх-небудзь каментароў катэгарычна адмовілася.

Нагадаем, падобная трагедыя адбылася ў Барысаве 27 студзеня. Паводле папярэдняй версіі менавіта чадны газ забіў шэсць чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0