Стан беларускай нацыі

За мінулае стагоддзе беларусы дасягнулі значнага прагрэсу ў будаўніцтве сваёй дзяржавы – у свеце стала існаваць незалежная і суверэнная краіна Беларусь. У развіцці краіны за гэты час былі спрыяльныя і неспрыяльныя перыяды, а сучасныя дзяржаўнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусьзначна ўмацаваліся толькі пасля выхаду з СССР. Аднак, трэба адзначыць шэраг фактараў, якія не спрыяюць будаўніцтву нацыянальнай дзяржавы, а менавіта, прыхільнасць сучаснага кіраўніцтва да пабудовы рускамоўнай, цывільнай дзяржавы, зберажэнне савецкага, аўтарытарнага стылю кіравання краінай, выхаванне патрыятызму, заснаванаму толькі на кароткачасовай гісторыі апошняй вайны, прыгнёт Мовы і беларускасці, удзел у ваенных блоках (ОДКБ, асобныя дамовы з Расіяй), усё большае уключэнне краіны ў сферу «рускага міра», ідэалогія якога скіравана на ваенную, палітычную і культурную экспансію не толькі на суседнія, але і на далёкія краіны, дзе ёсць прыкметы рускай культуры.

Цяперашняя дзяржаўная палітыка знаходзіцца ў супярэчнасці з рэалізацыяй нацыянальнай ідэі,

аб чым сведчаць неўжыванне Мовы ў дзяржаўных установах, савецкая інтэрпрэтацыя гісторыі Беларусі, увядзенне ў вучэбных установах дысцыпліны «Ідэалогія беларускай дзяржавы», якая не асвятляе вырашэнне нацыянальных пытанняў, выцясненне беларускіх выканаўцаў і аўтараў з дзяржаўных тэле- і радыёканалаў, існаванне чорных спісаў музыкаў, пісьменнікаў, прадстаўнікоў іншых творчых прафесій, забарона ўжывання нацыянальных сімвалаў. Некаторыя праявы беларускасці з боку дзяржавы (рэдкія выступы кіраўнікоў па-беларуску, з’яўленне беларускіх білбордаў) не маюць сістэмнага характару і хутчэй выглядаюць рэхам лавіравання ў дзейснай геапалітычнай сітуацыі. Найноўшая мадыфікацыя патрыятызму, якая пераважна грунтуецца на дасягненнях савецкай эпохі і факце перамогі ў Другой сусветнай вайне, не можа лічыцца прадуктыўнай і перспектыўнай, бо перакрэслівае ўсю папярэднюю 1000-гадовую гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці, што пачынаецца з часоў Полацкага і Турава-Пінскага княстваў.У той жа час трэба адзначыць, што без непасрэдага удзелу самой дзяржавы нацыянальнае будаўніцтва сіламі толькі нацыянальнай эліты будзе ў значнай ступені запаволена.

Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы (грамадзянская/цывільная, культурная, уяўная) выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі.

Будаўніцтва цывільнай нацыі без належнага грунту этнакультурнай еднасці, падмацаванай агульнай гісторыяй, традыцыямі, мовай, светапоглядамі і, так ці іначай, этнічным паходжаннем, – з’яўляецца памылковым шляхам. Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу (83,7% насельніцтва краіны адчуваюць сябе беларусамі, 2009). Нельга пагадзіцца з тым, што Беларусь многанацыянальная краіна. Большасць нацыі складаюць беларусы (нацыяутвараючы этнас, тытульная нацыя), якія ў асноўным і вызначаюць менталітэт краіны, яе агульны настрой і адносіны да знешняга міру.

У той жа час у Беларусі нацыянальныя меншасці жывуць у бяспецы, дзякуючы як існуючым цывільным рэгулам, так і міралюбівым адносінам да нацыянальных меншасцяў саміх беларусаў.

Будучая этнанацыянальная дзяржава ўяўляецца такой дзяржавай, якая рэальна адстойвае інтарэсы тытульнай нацыі і ў якой грамадзянам меншасцяў гарантуюцца роўныя правы і абарона ад асіміляцыі пры рэалізацыі іх нацыянальных праектаў.

Толькі на гэтым шляху бачыцца будучыня нашай краіны. Беларусь не можа будаваць дзяржаву на аснове культурнай мадэлі ці цывільнай, рускамоўнай мадэлі, як гэта робіцца цяпер, па адной простай прычыне. І ў адным, і ў другім выпадку паглынанне беларускай дзяржавы «рускім мірам» з’яўляецца непазбежным.

Мяркуецца, што далейшае існаванне беларускай дзяржавы мусіць набыць фармат нейтральнасці.

На сёння ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што»Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай» (Артыкул 18). Стан нейтральнасці будзе палітычным выхадам з-пад пагрозы быць уцягнутымі ў сферу «рускага міра» і адпавядае як ментальнасці беларускага народа, так і дзяржаўным інтарэсам. Відавочна, што стан нейтральнасці не прадугледжвае сяброўства ў ваенных ці іншых блоках, уцягнутых у рэгіянальныя ці глабальныя канфлікты. Стан нейтральнасці дае прававыя і маральныя падставы супрацьстаяць ваеннай ці эканамічнай агрэсіі, якія пагражаюць незалежнасці і суверэнітэту краіны. Правы і абавязкі нейтральнай дзяржавы вызначаны ў раздзелах 5 [1] і 13 [2] Гаагскай канвенцыі ад 1907 года. Набыццё краінай юрыдычнага статусу нейтральнасці ў нашы дні можа быць прызнана ААН. Нейтральнымі краінамі ў Еўропе на сёння з’яўляюцца: Аўстрыя, Ірландыя, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова (з 1994), Сан-Марына, Сербія (з 2007), Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя (хаця некаторыя з гэтых краін ёсць сябрамі Еўрапейскага Саюза, ЕС). Пры гэтым важна таксама ўсведамляць, што ні шчыльны звяз з Еўрасаюзам, ні – тым больш – з Расіяй не будуць аптымальнымі варыянтамі далейшага развіцця.

Падаецца, што будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы не можа быць заснавана выключна на хрысціянскай маралі,

па некалькіх прычынах, многаканфесійнасці ў краіне, адсутнасці абсалютнай перавагі (больш 50%) якой-нібудзь рэлігійнай канфесіі, наяўнасці значнай долі нявернікаў сярод насельніцтва (41%).

Стан самаідэнтыфікацыі беларускай нацыі па-ранейшаму застаецца недастакова трывалым.

Прычынамі для гэтага з’яўляюцца як савецкая спадчына, так і працяг сучасным кіраўніцтвам амаль той жа палітыкі ў дачыненні да нацыянальных пытанняў. Грамадзяне Беларусі да гэтага часу не разглядаюць незалежнасць краіны, як адну з найважнейшых каштоўнасцяў. Але ў той жа час, калі казаць пра аднясенне сябе да беларускай нацыі, то 83.7% насельніцтва краіны называюць сябе беларусамі (перапіс 2009 года). Такая высокая нацыянальная аднароднасць ёсць добрым грунтам для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Сітуацыя з роднай Мовай вельмі балючая і катастрафічная,

што сталася вынікам як аб’ектыўных працэсаў, звязаных з урбанізацыяй, так і з бяздзейнасцю сучаснага урада, што фактычна вядзе да паступовага выцяснення Мовы з нацыянальнай свядомасці. Адзначаючы, што пераважная большасць грамадзян Беларусі прыхільна ставіцца да беларускай мовы і культуры, усё ж ва ўмовах заняпаду Мовы спадзявацца на дастойнае і поўнае будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы можна толькі пры дапушчэнні, што беларусы будуць глыбока ведаць сваю даўнішнюю гісторыю (Полацкае княства, ВКЛ), узровень ведаў пра якую яшчэ недастатковы.

Станаўленне і развіццё грамадзянскай супольнасці, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях, ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму вельмі абмежаваныя.

Пад уплывам Расіі і Расійскай праваслаўнай царквы ў апошнія 2 стагоддзі ментальнасць беларускага насельніцтва фармавалася на карысць інтарэсаў царскай улады Расійскай імперыі, а потым у інтарэсах камуністычнай дыктатуры СССР - пасіўнасці, моцнай дзяржаўнай улады, і не была скіравана на развіццё асобы, яе свабоды і павагі да прыватнай уласнасці. Усё гэта разам з сучаснай дзяржаўнай прапагандай прывяло да таго, што палітычная культура беларусаў і ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці застаюцца на дастакова нізкім узроўні. Відавочна, што людзі не ўспрымаюць аўтарытарны рэжым, як пагрозу дэмакратычным свабодам, што магчыма звязана як з асобай кіраўніка дзяржавы і з той палітыкай якую ён праводзіць, з эканамічнай і палітычнай стабільнасцю, якая на гэты час іх задавальняе, так і з антыканстытуцыйным ціскам на свабоду слова і татальным падпарадкаваннем СМІ дзяржаве. Парадаксальна, але грамадзяне Беларусі, падтрымліваючы ў большасці дэмакратыю (75.3%), у той жа час не супраць аўтарытарнага стылю кіравання (61.6%). На рэферэндуме 1996-га году 65% грамадзян прагаласавалі за тое, што дзяржава не павінна даваць справаздачу грамадскасці за фінансаванне ўсіх галін улады. Толькі дэзарыентаванае, збітае прапагандай насельніцтва магло прагаласаваць такім чынам. Спадзявацца ж на сапраўднае паўнавартаснае супрацоўніцтва з аўтарытарнай дзяржавай не выпадае ў сілу таго, што сучаснае кіраўніцтва не разглядае грамадства ў якасці раўнапраўнага партнёра.

Ментальнасць беларусаў недасткова падрыхтаваная да ўспрыймання каштоўнасцей, звязаных з роўнасцю людзей, якія ў цывілізаваным свеце паступова ўваходзяць у жыццё і з разуменнем успрымаюцца грамадствам - беларусы недастаткова талерантныя ў адносінах да іншых расаў, нетрадыцыйных рэлігій і да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, адмоўна ставяцца да адмены смяротнага пакарання.

Неталерантнасць і ксенафобія, якія часта прыпісваюць «нацыяналістам», павінны быць пад пільнай увагай і кантролем з боку нацыянальнай эліты як цяпер, так і ў будучыні.

Нацыянальная свядомасць саміх грамадзян Беларусі пакуль што вельмі слабая.

Такія прыметы як некарыстанне Мовай, нежаданне весці дзяцей у беларускія школы і садкі, нізкая актыўнасць у пратэстных акцыях, абыякавасць да нацыянальных каштоўнасцяў, настальгія па савецкасці, успрыманне рускай культуры як сваёй, а ўспрыманне сваёй культуры як другаснай, знівеліраванае пачуццё нацыянальнага гонару ніяк нельга аднесці ў актыў нацыянальнай свядомасці. Да таго ж «рускі свет» непазбежна атачае нас штодня. На вывучэнні твораў менавіта рускіх пісьменнікаў грунтуюцца каштоўнасныя арыентацыі навучэнцаў сярэдніх школ; п’есы рускіх драматургаў пераважаюць у айчынных тэатрах; расійская папса бясспрэчна дамінуе на большасці канцэртных пляцовак Беларусі і ў медыясферы. Відавочна, што беларускае грамадства не зможа выкараскацца са сваіх посткаланіяльных сутарэнняў да таго часу, пакуль не пераадолее рэфлекс бясконцага азірання ў бок Расіі. Не спрыяе росту нацыянальнай свядомасці і пастаянна прапагандуемая і не адпавядаючая гістарычным фактам ідэя аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў, што асабліва стала відавочна падчас ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Будаўніцтва паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы пры недахопе якасцяў аб якіх ішла размова вышэй будзе запаволена, нягледзячы на тое, што па сваёй адукаванасці і нават па ўзроўню жыцця Беларусь магла б адпавядаць еўрапейскім стандартам.

Будаўніцтва нацый-дзяржаў у Еўропе працягваецца ў такіх этнічна аднародных краінах як Сербія (83% насельніцтва складаюць сербы), Харватыя (88%), Славенія (89%), Літва (84%). Беларусь мае патэнцыял будаваць нацыянальную дзяржаву таксама.

Беларуская нацыянальная эліта імкнецца выкарыстоўваць каштоўнасці, заснаваныя на глыбокай гісторыі, даўнішняй культуры і традыцыях беларускага народа.

Культура ў народа можа быць толькі адна. Падзяленне яе на праўрадавую, нацыянальную ці іншыя культуры, штучнае.

Сучаснае дзяржаўнае чынавенства і нацыянальная эліта, як высвятляецца з публічных прамоваў, збіраюцца будаваць розныя мадэлі Беларусі, якія, паводле логікі, слаба сумяшчальныя паміж сабой. У падзяленне эліт на ўрадавую, нацыянальную, творчую ці іншую можна было б верыць толькі тады, калі б у грамадстве існаваў свабодны абмен думак, адкрытае поле для змагання ідэй. Сцвярджаць, што ёсць урадавая культура, г. зн. прызнаваць сваю паразу. Часовая перавага дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры адразу знікне, як толькі будзе вызвалена трыбуна для ўсіх адпушчаных на волю грамадзян краіны, для ўсіх тых, каго ўлада за самастойныя погляды і незалежную пазіцыю загнала ў палітычную і культурную рэзервацыю, для тых, каго яна запісала ў творчыя чорныя спісы.

Прапанаваная Стратэгія развіцця беларускай нацыі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга палітычнага\геапалітычнага характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае).

Не адмаўляючы і падтрымліваючы палітычныя падыходы, трэба заўважыць, што пастаяннай задачай нацыянальных сіл мусіць быць змаганне за нацыянальную свядомасць грамадзян Беларусі, а такая праца патрабуе доўгага часу і не можа быць вырашана кароткачасовымі кампаніямі.

Сілы нацыянальнай эліты за апошні час значна пашырыліся за кошт шматлікіх інстытутаў, арганізацый і вэб-структур, аднак, на жаль, значная колькасць іх вымушана дзейнічаць з-за мяжы. Свабодна ж працаваць на радзіме вельмі складана з-за шматлікіх абмежаванняў і прынятых законаў, якія фактычна загналі свабодную думку разам з Мовай у «беларускае гета». Нягледзячы на пэўныя слабасці «няспелай» беларускай нацыі магчымасць будаўніцтва поўнавартаснай нацыі і нейтральнай, беларускай нацыянальнай дзяржавы застаецца. Гэта надзея базуецца на: незалежнасці і суверэнітэце, якую зараз мае РБ, высокай нацыянальнай аднароднасці насельніцтва (83.7% беларусы), наяўнасці незначнай па колькасці, але актыўна працуючай нацыяналай эліты, істотнай долі насельніцтва, якая спачувае ці можа патрымаць ідэі, скіраваныя на ўмацаванне нацыі, узрастаючай колькасці інфармацыйных рэсурсаў, спрыяльных знешніх умовах, тэарэтычных доказах магчымасці будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў пост-мадэрны перыяд, у часы існавання інфармацыйнага грамадства.

Мэта Cтратэгіі

Мэтай прапаноўваемай Стратэгіі з'яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы,у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і прадстаўнікі нацыяутвараючага этнаса - беларусы.

Задачы, які вынікаюць з характарыстыкі сучаснага стану беларускай нацыі і пастаўленай мэты:

Распаўсюджваць ідэю аб атрыманні краінай нейтральнага стану праз правядзенне рэферэндума і замацаванні гэтага палажэння ў Канстытуцыі РБ.

Патрымліваць ідэю аб гістарычнай унікальнасці беларускай народа, развіццё якога істотна адрозніваецца ад развіцця народаў Расіі і ў значнай ступені ад развіцця украінскага народа. Лічыць ідэю аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў (Беларусі, Расіі, Украіны) не адпавядаючай гістарычнай праўдзе.

Дабівацца сусветнага прызнання выключнай ці роўнай ролі беларускага народа ў развіцці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай – вялікіх еўрапейскіх дзяржаў мінулага, на тэрыторыі якіх сёння пражываюць людзі сучасных незалежных краін, Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Не падтрымліваць ідэю «ліцвінства», як канцэпцыі, якая супроцьстаўляецца «беларускасці» з мэтай пазбаўлення гістарычнай пераемнасці беларускай дзяржаўнасці - выцісканне і прыніжэнне любога гістарычнага перыяда не адпавядае інтарэсам нацыі.

Для папярэджання пагрозы страты незалежнасці і суверэнітэту РБ праз ваенныя, эканамічныя ці культурныя механізмы супрацьстаяць ідэалогіі «рускага міра» і н’юеўразізма, якія ўяўляюць сабой абноўленыя формы імперскага шавінізму.

Не падтрымліваць сучасны ўрад у будаўніцтве цывільнай, рускамоўнай дзяржавы, і адначасова працягваць актыўнае ўзаемадзенне ў рамках законаў індывідуальна і арганізаванымі групамі грамадзян з мясцовымі ўладамі для паляпшэння сітуацыі ў адносінах да мовы (садкі, класы, школы, дакументацыя), гісторыі (назвы вуліц, памятныя знакі) і па іншых пытаннях.

На сучасным этапе праводзіць асветніцкую дзейнасцьсярод насельніцтва ў першую чаргу ў галіне гісторыі, элітарнай і мас-культуры і традыцый беларускага народа (Полацкая дзяржава, ВКЛ, БНР, БССР, адраджэнне 90-х), не збаўляючы высілкаў па вызваленні Мовы з прыгнечанага стану. Дабівацца раўнапраўнага, непрымусовага ўжывання беларускай мовы ў дзяржаве.

Ва ўмовах сфальшаванага двумоўя і невыканання «Закона аб мовах» стымуляваць выкарыстанне Мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця, ужываючы ўсе магчымыя падыходы і сродкі, прадстаўленыя ў «Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі» (2012), уключаючы: адкрыццё беларускага нацыянальнага універсітэта, заахвочванне грамадзян Беларусі аддаваць дзяцей у беларускія садкі і школы, зааахвочванне рэлігійных абшчын розных канфесій да правядзення багаслужбы на беларускай мове і грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў да вывучэння беларускай мовы і гісторыі, заахвочванне грамадзян Беларусі і адпаведных рытуальных агенцтваў ужываць Мову на надмагільных надпісах.

Для асветы насельніцтва стварыць агульны нацыянальны інфармацыйны канал і шэраг інфармацыйных пляцовак (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне), пабудаваных па прынцыпу грамадскіх СМІ, на якія не змогуць ўплываць і ціснуць ідэалагічныя структуры аўтарытарнага рэжыму.

Даводзіць інфармацыю пра ўсе станоўчыя праяўленні беларускасці і рэагаваць на ўсе без выключэння праявы этнацыду беларусаў. Ганарыцца дасягненнямі, які мае беларускі народ сёння.

Папулярызаваць нацыянальных дзеячаў, зрабіўшых найбольшы ўклад у развіццё нацыі: І. Насовіч, Н. Орда, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Я. Карскі, М. Доўнар-Запольскі, Б. Эпімах-Шыпіла, І. Луцкевіч, Я. Купала, Я. Колас, У. Галубок, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, А. Луцкевіч, М. Багдановіч, А. Чарвякоў, Б. Тарашкевіч, Р. Шырма, Г. Цітовіч, Л. Геніюш, М. Ермаловіч, В. Быкаў, А. Адамовіч, У. Караткевіч, У. Мулявін.

Адзначаць нацыянальныя святы, якія пакуль што не значацца ў афіцыйным календары: 25 сакавіка – Дзень Волі, першае абвяшчэнне незалежнасці краіны, Беларускай Народнай Рэспублікі; 15 ліпеня – Грунвальдская бітва; 27 ліпеня – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь; 8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы, 27 лістапада – Слуцкі збройны чын.

Падыходы і сродкі рэалізацыі

1. У сваіх адносінах паміж людзьмі, якія будуць падтрымліваць рэалізацыю Стратэгіі пажадана выконваць наступныя правілы «Кодэкса гонару»: лічыць, што ўдзел у будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы гэта вялікі гонар для беларусаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў; праяўляць узаемапавагу і падтрымку; крытычна і абгрунтавана весці спрэчкі з недапушчэннем абраз і ўжывання неправераных фактаў; быць талерантнымі да выказванняў думак апанентаў; максімальна ўжываць Мову дома і па-за домам; прытрымлівацца адзіных падыходаў пры выкананні задач Стратэгіі; пазбягаць фракцыйнасці - пабудаваць нацыянальную дзяржаву можна толькі праз адзінства людзей, незалежна ад таго, прыхільнікамі якіх партый, рухаў, рэлігійных і іншых плыняў яны з’яўляюцца.

2. Давесці змест Стратэгіі да максімальнай колькасці грамадзян РБ. Пажадана каб тэкст Стратэгіі мела кожная сям’я.

3. Рэалізацыя Стратэгіі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае).

4. Для рэалізацыі Стратэгіі выхаванне і падтрымка адпаведнага нацыянальна-свядомага настрою ў грамадстве ў доўгатэрміновай перспектыве важней за наяўнасць ці адсутнасць матэрыяльных магчымасцяў.

5. Паступовае пашырэнне кола нацыянальна свядомых грамадзян РБ праз асвету і правядзенне пастаяных і рэгулярных акцый, скіраванных на выкананне пастаўленых задач, з удзелам адбудаванай адкрытай грамадзянскай супольнасці як унутры краіны, так і за яе межамі.

6. Для вырашэння задач стратэгіі, ва ўмовах абмежаванага доступу да СМІ і адсутнасці дапамогі з боку дзяржавы, выкарыстоўваць усе наяўныя і шукаць магчымыя сілы і сродкі беларускага грамадства – нацыянальна свядомых сіл і прыхільных да нацыянальнай ідэі грамадзян РБ, спонсараў, інтэрнэт-рэсурсаў, незалежных і дзяржаўных СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0