Правілы аўтамабільных перавозак грузаў зменены ў Беларусі пастановай Савета Міністраў нумар 102 ад 5 лютага, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

«У дакуменце выкладзены ў новай рэдакцыі пункты 15, 22 і 340 Правіл аўтамабільных перавозак грузаў у мэтах вызначэння асобна для аўтамабільнага перавозчыка і грузаадпраўшчыка пераліку дакументаў, якія яны павінны прадаставіць вадзіцелю для выканання аўтамабільных перавозак грузаў», — растлумачылі спецыялісты. Таксама дапоўнены пункт, што прадугледжвае выпадкі, пры якіх выкананне аўтамабільнай перавозкі грузаў дапускаецца без афармлення таварна-транспартнай накладной.

Форма таварнай накладной і парадак яе афармлення вызначаны Інструкцыяй па запаўненні тыпавых форм першасных уліковых дакументаў ТТН-1 «Таварна-транспартная накладная» і ТН-2 «Таварная накладная», зацверджанай Мінфінам у 2008 годзе. Бланк таварнай накладной формы ТН-2 з'яўляецца першасным уліковым дакументам, у якім змешчаны вартасныя паказчыкі перавозімага тавару. «Нарматыўнае замацаванне афармлення таварнай накладной ТН-2 замест таварна-транспартнай накладной ТТН-1 у якасці суправаджальнага дакумента на груз пры экспарце тавараў не будзе супярэчыць патрабаванням раздзела II «Парадак прымянення ўскосных падаткаў пры экспарце тавараў» пратакола аб парадку спагнання ўскосных падаткаў і механізме кантролю за іх выплатай пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг, што з'яўляецца дадаткам 18 да дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе», — звярнулі ўвагу спецыялісты.

Акрамя таго, у правілы дабаўлена норма, якая выключае абавязак аўтамабільнага перавозчыка правяраць паўнату і правільнасць аформленых грузаадпраўшчыкам дакументаў на груз. «Гэта дапаўненне неабходна для выключэння выпадкаў неабгрунтаванага прыцягнення перавозчыкаў да адказнасці за адсутнасць або няправільнае афармленне грузасуправаджальных дакументаў», — удакладнілі ў прэс-службе.

У пастанове канкрэтызаваны абавязак грузаадпраўшчыка па афармленні і прадстаўленні перавозчыку транспартных і грузасуправаджальных дакументаў. Таксама ўнесены змяненні ўдакладняючага характару ў нормы аб адказнасці грузаадпраўшчыка, звязаныя з гэтым абавязкам.

Пастанова нумар 102 уступае ў сілу праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання, за выключэннем другога пункта, які ўступае ў сілу з дня прыняцця дакумента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?