Жыхар Івацэвіцкага раёна асуджаны за выраб парнаграфічнага матэрыялу і вымагальніцтва з дапамогай інтэрнэту, паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка Пінскага ГАУС Анатоль Калядзіч.

Інцыдэнт з выкарыстаннем вэб-камеры ў парнаграфічных мэтах адбыўся ў 2015 годзе. Жыхар Івацэвіцкага раёна 1987 года нараджэння пазнаёміўся праз сацыяльную сетку з жыхаром Пінска, выдаўшы сябе за дзяўчыну. Віртуальныя сябры вырашылі працягнуць зносіны ў Skype. Па просьбе «чароўнай незнаёмкі» пінчук распрануўся перад камерай, пры гэтым свайго візаві ён так і не ўбачыў з-за нібыта ўзніклай тэхнічнай праблемы з відэасувяззю. Праз некаторы час пінчук атрымаў відэазапіс, на якім ён пазіраваў ў аголеным выглядзе, і пагрозу выкласці відэа ў інтэрнэт. «Шантажыстка» запатрабавала за маўчанне за 2,5 млн рублёў.

Пасля атрымання грошай шантаж прадоўжыўся. Тады пінчук звярнуўся ў праваахоўныя органы. Супрацоўнікі міліцыі высветлілі асобу «відэааператара». Як аказалася, ён валодае талентам да пераўвасабленняў і ў бліжэйшы час планаваў узяць удзел у тэлешоу «Точь в точь» у вобразе Мікалая Баскава. Аднак у бліжэйшыя пяць гадоў яго планам не наканавана спраўдзіцца. За выраб парнаграфічнага матэрыялу і вымагальніцтва ён асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі і цяпер адбывае турэмны тэрмін.

У 2015 годзе Пінскім ГАУС распачата восем крымінальных спраў за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў (у 2014-м — чатыры крымінальныя справы). Па словах Анатоля Калядзіча, у асноўным усе супрацьпраўныя дзеянні былі здзейсненыя ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?