Як кліент банка, я прыдбаў сабе паслугу інтэрнэт-банкінгу.

Маю такую завядзёнку: усе дакументы, якія мне выдае дзяржава, прымаю толькі на беларускай мове. Тэхнічныя пашпарты на нерухомасць, тэхпашпарт на аўтамабіль. Практыкую тое самае і з камерцыйнымі недзяржаўнымі структурамі, «квазі» і сапраўднымі, такімі, як страхавыя або чыста камерцыйныя фірмы. Рэзон просты: калі ўжо я плачу грошы, то пасаромна было б, каб «і гаршком назвалі, і ў печ паставілі». Прыкладам, усе мае банкаўскія карткі падпісаныя на беларускай мове.

У гэтым выпадку ўсё ішло гладка, пакуль не зайшоў на сайт «Беларусбанка». Гузік «Інтэрнэт-банкінг» уключаецца толькі ва ўвязцы з расейскай мовай. Таму напісаў электронны ліст адміністрацыі банка, дзе паставіў пытанне, калі я, карыстаючыся платнай паслугай банка, не буду зведваць дыскрымінацыю па прыкмеце мовы. Іншымі словамі, калі мяне за мае грошы перастануць дыскрымінаваць па прыкмеце беларускай мовы ў краіне, якая называецца Беларусь.

Праз восем дзён атрымаў адказ. Ён на даволі добрай беларускай мове. У тэксце за подпісам намесніка Старшыні праўлення «Беларусбанка» С.М. Мельніка, у прыватнасці, гаворыцца:

«На сёння меню сістэмы «Iнтэрнэт-банкінг» ААТ «ААБ Беларусбанк» фарміруецца на рускай мове. Магчымасць выкарыстання ў меню дзвюх дзяржаўных моў разглядалася банкам. Аднак, паколькі большая частка даных, якія выводзяцца пры здзяйсненні плацяжоў, прадастаўляецца банку пастаўшчыкамі паслуг (атрымальнікамі плацяжу), у тым ліку ўдзельнікамі сістэмы «Разлік» (АІС АРІП), і фарміруецца на рускай мове, банк не валодае паўнамоцтвамі па ажыццяўленні перакладу дадзенай інфармацыі на беларускую мову».

(Тут і далей цытаты падаюцца з арфаграфіяй і сінтаксісам арыгіналаЯ.Б.)

Далей аўтары адказу пішуць, што «Беларусбанк» ініцыяваў перад заснавальнікам сістэмы «Разлік», Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, ужытак пры здзяйсненні разлікаў таксама і беларускай мовы. Трэба разумець, «зверху» ініцыятыву не ўхвалілі — гэта вынікае з наступнага пасажа: «разгляд пытання аб выкарыстанні беларускай мовы ў меню сістэмы «Iнтэрнэт-банкінг» можа ажыццяўляцца ААТ «ААБ Беларусбанк» толькі пры ўмове пераходу пастаўшчыкоў паслуг (у тым ліку ўдзельнікаў сістэмы «Разлік» (АІС АРІП) да фарміравання інфармацыі аб плацяжах на беларускай мове». (вылучана мною – Яўг.Б.)

Такім чынам, дыскрымінацыя па прыкмеце мовы будзе працягнута, і шчырая падзяка за цікавасць, выказаная ў лісце, выглядае неяк няшчыра. Было б больш уцямна, каб атрымальнікі майго запыту звярнуліся па тлумачэнні ў вышэйстаячую інстанцыю, або ў Канстытуцыйны суд, а мяне праінфармавалі б. Гэта ж не дзіцячы садок, маўляў, табе машынкі няма, і ўсё. 

Органы і ўстановы гэтай дзяржавы часам выглядаюць разбітымі нейкім дзіўным паралюшам і недзеяздольнымі. Нават там, дзе сітуацыя яшчэ не стала канфліктнай, яйка выедзенага не вартая, паўстаюць завалы, якія грамадзянам даводзіцца разграбаць уласнымі рукамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?