09.02.2016 / 19:16

Апазіцыя заклікае ЕС і ЗША не адмяняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў 5

Прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў Беларусі заклікаюць Савет міністраў ЕС і ўрад ЗША не адмяняць візавыя і фінансавыя санкцыі супраць чыноўнікаў, якія бралі непасрэдны ўдзел у рэпрэсіях у дачыненні да палітычных апанентаў ці фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Адпаведны зварот падпісалі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч і кіраўнік аргкамітэта руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў.

Палітыкі адзначаюць, што «кропкавыя візавыя і фінансавыя абмежаванні, уведзеныя Еўрапейскім саюзам, а таксама ЗША ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і суддзяў, з'явіліся вынікам парушэнняў гэтымі людзьмі Канстытуцыі Беларусі і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь».

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія назіраюцца ў краіне на працягу апошніх шасці месяцаў, сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае змяненне сітуацыі ў галіне правоў чалавека, не адбылося, лічаць аўтары дакумента.

Прадстаўнікі апазіцыі прапаноўваюць ЕС і ЗША вярнуцца да разгляду пытання аб санкцыях па выніках парламенцкай выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў 2016 годзе.

Яны таксама прапаноўваюць прыняць у фармаце заключэння і абнародаваць план першачарговых чаканых ад беларускіх уладаў мер, накіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека (уключаючы рэгістрацыю палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, спыненне пераследу журналістаў), а таксама стандартаў АБСЕ пры правядзенні выбарчых кампаній.

Акрамя таго, апазіцыйныя палітыкі лічаць неабходным дамагацца ад уладаў рэабілітацыі і аднаўлення ў правах вызваленых палітвязняў і вызвалення тых, хто па палітычных прычынах знаходзіцца ў турме.

Прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што да парламенцкіх выбараў беларускія ўлады павінны выканаць асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ. Сярод іх: забеспячэнне прыярытэтнага права палітычным партыям на ўключэнне ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; стварэнне магчымасці для назіральнікаў рэальна назіраць падлік галасоў; рэалізацыя права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій усіх узроўняў. Улады, на думку апазіцыйных палітыкаў, таксама павінны вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства.

«Мы, прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб'яднанняў Беларусі, лічым, што спалучэнне пастаяннага маніторынгу, палітычнага націску і аб'яднальнага дыялогу, які адкрывае прастору для грамадзянскай супольнасці, неабходна для прагрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў звароце.

Дакумент, паведаміў Анатоль Лябедзька, будзе перададзены прадстаўнікам міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы (Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі), а таксама Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Германіі, якія 9—10 лютага знаходзяцца ў Мінску. Візіты еўрапейскіх чыноўнікаў праходзяць напярэдадні пасяджэння Савета Еўрасаюза па замежных справах, якое адбудзецца 15 лютага ў Бруселі. У парадак пасяджэння ўключана пытанне па Беларусі. Чакаецца, што ЕС вызначыцца наконт абмежавальных мер у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Рашэнне аб прыпыненні санкцый у дачыненні да 171 фізічнай і 10 юрыдычных асоб Беларусі было прынята Еўрасаюзам 31 кастрычніка 2015 года і дзейнічае да канца лютага.

0
Рэлер / Адказаць
09.02.2016 / 23:59
Вось нарэшце адзін правільны супольны крок!
0
Тутэйшы / Адказаць
10.02.2016 / 01:25
Адмена санкцыяу пэуна прывядзе да зьмяншэньня финансаваньня гэтых "апазыцыянэрау". Якия мижнародныя угоды парушыла Беларусь?! А што тычыцца Канстытуцыи, то гэта справа самих беларусау, а не Эуразьвязу. 3
0
Рэлер / Адказаць
10.02.2016 / 11:51
2 Тутэйшы Справа ЭС - каб Беларусь ВЫКОНВАЛА канстытуцыю. Хоць якую. Каб людзей не зьбівалі ў судах, каб можна было хоць як абмежаваць міліцэйскі гвалт. Каб людзі мелі свабоду сходаў. Каб нарэшце ў краіне былі выбары, а не іх імітацыя.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру