Група «дзевак без цара ў галаве» захоплівае старажытны замак — сімвал мужчынскага панавання на гэтай зямлі — разам з персаналам і наведвальнікамі. Тры дні яны трымаюць у страху закладнікаў. Што стаіць за гэтым дзёрзкім учынкам?

Напрыклад, стаіць Рука. Пачварная Рука маленькага чалавека, якая з’яўляецца знянацку ў перапоўненым тралейбусе, праціскаецца праз людскую масу і пачынае нахабна мацаць вучаніцу мастацкай школы Лізу, лезці пад спадніцу, у майткі. І так паўтараецца дзень за днём. «Ёй падалося, што яе зараз званітуе — палец быў гнюсны, як чарвяк, а Рука цёплая і настойлівая, чужая, упэўненая, валасатая».

Такія і падобныя гісторыі прыніжэнняў жанчын паўтараюцца старонка за старонкай. Яны звязваюцца ў агульны клубок, каб урэшце жанчыны вайшлі з-пад кантролю.

Кагосьці бацькі з дзяцінства называлі «малалетнімі прастытуткамі». Кагосьці дабрадушны таксіст завёз да сябрукоў на «фазэнду», каб выбіць усё лесбіянства. Усё проста, бо ў «Краіне Замкаў» жывуць «людзі», а недзе побач існуюць «жанчыны».

У «Белай мусе» Бахарэвіч што сілы крычыць пра жаночую роўнасць, пра месца жанчыны ў сучасным свеце, змагаецца з забабонамі мінулага. Гэта феміністычны раман — самы феміністычны ў беларускай літаратуры апошніх гадоў.

Мужчыны ў «Белай мусе» абсалютна ўсе карыкатурныя — ад немца Хольгера Кунцэ, які прыехаў у Беларусь страляць зуброў, да беларускамоўнага Паўлюка. Хіба што адстаўнік-дыверсант свет Міхаіл Юр’евіч крыху выбіваецца з гэтага шэрагу. Увогуле, Бахарэвічу найбольш удаецца выпісаць персанажаў, да якіх ён адчувае калі не нянавісць, то прынамсі агіду.

У «Дзецях Аліндаркі» гэткім быў пісьменнік Міхась Барадаўкін (ён прамільгне і ў новым рамане), які натхнёна будуе прыбіральню на лецішчы. А ў «Белай мусе» як не заўважыць дырэктарку музейнага комплексу Галіну Вітольдаўну Бабец. «Жанчыны выклікалі ў ёй пачуццё пратэсту. Асабліва маладыя. Было ў іх нешта такое… Ну вот как вам сказаць. Такое хітрае і двухсэнсоўнае. Яны нават выглядалі ўсе неяк няправільна. Ну што гэта такое ўсё, на самам дзеле: усе гэтыя губы, цыцкі, лыткі, завушніцы, усмешачкі. Навошта гэта ўсё? […] Галіна Вітольдаўна любіла, калі на яе крычалі мужчыны. І яны крычалі: мацюкалі, камандавалі, гразілі, грукалі кулаком па стале. І тады Галіну Вітольдаўну апаноўваў такі жар, быццам яе прывязалі і яна не можа паварушыцца, прывязалі і паднеслі да самага нізу жывата расплаўленае жалеза…» Нікога не нагадвае? У мяне дык адразу перад вачыма паўсталі некаторыя высокапастаўленыя жанчыны.

Персанальна для мяне гэта яшчэ кніга яркіх вобразаў. Напрыклад, такіх як зімовы рытуал выбівання дываноў. «Дыван трэба раскласці так, каб быць разам з усімі і пры гэтым ні да кога не быць занадта блізка. Толькі людзі, што выбіваюць на раёне дываны зімовай раніцай на першым сапраўдным снезе, маюць адчуванне гэтай адлегласці. Калі раскласці дыван занадта блізка ад кагосьці — падумаюць, што ты ад іх чагосьці хочаш. […] А калі размясціцца занадта далёка ад іхніх палеткаў і нівак— падумаюць, што ты не хочаш ад іх нічога, і пакрыўдзяцца». Угледзьцеся ў гэты абрад у сваіх Зялёных Лугах, Шабанах і Кунцаўшчынах— нешта ў гэтым сапраўды ёсць.

З мінусаў я б адзначыў змазаную канцоўку.

З плюсоў— сюжэт. У Бахарэвіча ніколі не было праблемаў з тым, што прынята называць прыгожым пісьмом. А ў «Белай мусе» яшчэ дадаўся я(ка)сны сюжэт, чаго так часта бракуе сучаснай беларускай літаратуры.

Адзін мой сябра, добры знаўца творчасці Альгерда Бахарэвіча, часта паўтарае, што найлепшыя кнігі аўтар напісаў дастаткова даўно — гэта «Ніякай літасці Валянціне Г.» і «Праклятыя госці сталіцы». Маўляў, тыя кнігі — «кроў і цела» ад нашага жыцця. А вось творчасць перыяду часовай эміграцыі называе не самай удалай. Хочаш не хочаш, але за мяжой немінуча адбываецца адрыў ад беларускай штодзённасці і жывой мовы.

Здаецца, пасля вяртання ў Беларусь Бахарэвіч атрымаў новы глыток паветра для творчасці. Пасля не надта ўдалых «Шабаноў» і вельмі асабістай гісторыі «Дзяцей Аліндаркі» свет пабачыў моцны твор.

«Белая муха, забойца мужчын» — найлепшая кніга Бахарэвіча, якую мне даводзілася чытаць.

***

Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын. — Мінск, «Галіяфы», 2015. Наклад 300 асобнікаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?