У Брэсце з вайсковай часці № 92616 збеглі двое салдат. Здарэнне адбылося 3 лютага. Пайсці на крайнія меры двух Іванаў — землякоў з Веткі — вымусіла вымагальніцтва з боку стараслужачых. Афіцэры нібыта «не чулі».

Высокія вайсковыя чыны заяўляюць, што кожны факт дзедаўшчыны — гэта надзвычайнае здарэнне для беларускай арміі. Але, падобна, існуюць вайсковыя часткі, дзе пры папушчальніцтве камандзіраў нястатутныя адносіны з'яўляюцца нормай.

Што адбываецца ў вайсковай часці № 92616? Якія выхаваўчыя меры прымяняюцца да салдат, ад якіх потым у хлопцаў сінія рукі і ногі? У гэтым 8 лютага на месцы падзей паспрабавалі разабрацца сваякі нядаўніх прызыўнікоў.

У Брэст з Веткі адправіліся маці, цётка і айчым аднаго Івана, а таксама сястра другога Івана.

Усё было добра, камандзір хваліў

Два Іваны з Веткі марылі пайсці служыць менавіта ў ПДВ.

«Ванька раз дзесяць у ваенкамат тэлефанаваў, усё пытаўся — ці сапраўды возьмуць яго ў ПДВ, ужо надакучыў ім, кажуць — не тэлефануй, забяруць цябе! Ён проста рваўся туды, у дэсантнікі, дачакацца не мог прызыву», — распавядае маці ваеннаслужачага Ларыса.

18-гадовага Івана і яго цёзку прызвалі на тэрміновую вайсковую службу 16 лістапада 2015 года. Хлопцы трапілі ў 38-ю асобную Гвардзейскую мабільную Венскую Чырванасцяжную брыгаду (воінская часць №92616, Брэст).

12 снежня Іваны прынялі прысягу. Бацькі і сваякі прыязджалі да іх у Брэст, хлопцы былі задаволеныя, ні на што не скардзіліся.

«Яны задаволеныя былі, што патрапілі ў ПДВ! І камандзір іх хваліў. Хлопцы казалі — кормяць добра, усё нармальна, толькі берцы прасілі прывезці», — адна другую перабіваючы, ўспамінаюць маці Івана і сястра яго цёзкі Алена.

У войску, здавалася б, усё проста. На КПП вайсковай часці ў Брэсце два стэнды з фотаздымкамі дэсантнікаў. Тыя, хто не мае «залётаў» і маюць поспехі «у баявой падрыхтоўцы» — трапілі на стэнд «Яны выдатна нясуць службу». Фатаграфіі тых, хто праштрафіўся, змешчаныя на стэндзе «Яны ганьбяць землякоў». Здавалася б — выконвай нарматывы, статут, скачы з парашутам, бегай з аўтаматам, змагайся, трэніруйся, выхоўвай цела і дух.

Толькі не ўсё проста і адназначна склалася ў прызыўнікоў з Веткі, калі ўжо яны адважыліся на ўцёкі.

«Іх білі жалезнай вешалкай па нагах і руках»

«Паверце — нашы дзеці не выраслі ў аранжарэйных умовах! У нас небагатыя сем'і, усім трэба было працаваць. Гэта дужыя хлопцы ва ўсіх сэнсах. Яны ніколі не баяліся цяжкасцяў, фізічна падрыхтаваныя, заўсёды маглі пастаяць за сябе, і тое, што адбылося з імі ў арміі — шок для нас», — распавядаюць сваякі.

І вось 3 лютага Ларысе, маці Івана, патэлефанавалі з вайсковай часці і паведамілі, што яе сын разам з земляком-цёзкай збеглі.

«Прадстаўнік вайсковай часці ўжыў ненарматыўную лексіку і пагражаў, што калі сам першы іх знойдзе, то па дзесяць разоў мінімум ударыць па галаве. Да гэтага, пасля прысягі, нам не раз тэлефанавалі дзеці, прасілі выслаць грошы, завялікія для нас, для Веткі сумы — ад 300 да 700 тысяч за раз. Яны тлумачылі, што грошы ім трэба камусьці заплаціць за розныя нібыта «касякі». Потым аказалася — грошы ў іх проста вымагалі, білі іх. Мы даведаліся, што грошы ў хлопцаў вымагаюць стараслужачыя — «дзяды», — дзеляцца сваякі.

Аказалася, што хлопцы збеглі, хутчэй за ўсё, ад роспачы і пасля таго, як іх шматкроць збівалі.

«Іх білі жалезнай вешалкай па нагах і руках, у Вані ўсе ногі сінія і рукі разбітыя. Ваню наносілі, па розных звестках, па сорак удараў жалезнай вешалкай. Адзін чалавек мне перадаў, што наогул майму брату далі па сто удараў вешалкай. Білі таксама па галаве, з локця, каб слядоў не было, у сківіцу. У аўторак ці сераду брат даслаў СМС — тэрмінова патрэбныя 500 тысяч, або яму «хана». У мяне не было грошай, я так і напісала. Ён адказаў, што «дзяды» сказалі: вам тэрмін да чацвярга, або самі лезьце ў пятлю, або мы вас павесім», — сястра Алена не можа стрымаць слёз.

Пасля самавольнага адлучэння з часткі салдат сталі шукаць. Прыехалі вайскоўцы адразу і да сваякоў у Ветку, чакалі, што хлопцы з'явяцца дома. Але тут бацькам Івана патэлефанаваў незнаёмы чалавек, жыхар Брэста.

«Мужчына сказаў, што знайшоў нашых хлопцаў у пад'ездзе дома, што яны збітыя і напалоханыя. Той чалавек сказаў: калі жадаеце бачыць дзяцей жывымі і здаровымі — тэрмінова самі прыязджайце за імі ў Брэст, я іх камандзірам не аддам без вашай прысутнасці», — успамінае Ларыса.

Яна з сястрой другога Івана выехалі ў Брэст. Там ужо ад хлопцаў і даведаліся падрабязнасці іх службы ў Гвардзейскай мабільнай Чырванасцяжнай брыгадзе.

«Дзяды» білі, а куды глядзелі афіцэры, камандзіры? Уключалі музыку і фільмы на ноўтбуку, каб не чуваць было крыкі? Няўжо такое здарылася толькі з нашымі хлопцамі? Іншых усё задавальняе? Іх выводзілі ноччу, па адным, і доўга і жорстка збівалі — ніхто не бачыў і не чуў? Хто ўсё гэта пакрывае? Хто будзе адказваць, акрамя «дзядоў»?» — цяпер у сваякоў больш пытанняў, чым адказаў.

Калі пасля ўцёкаў сваякі прыехалі ў часць і даведаліся пра здзекі, камандзіры абяцалі разабрацца, пакараць вінаватых, абяцалі патэлефанаваць бацькам і далі нумары сваіх тэлефонаў.

«Але мы ні да кога не датэлефанаваліся, і нам ніхто не патэлефанаваў. Таму зноў вырашылі ехаць у Брэст», — адзначыла Алена.

8 лютага сваякі наведалі камандаванне вайсковай часці, камендатуру, абласную пракуратуру, аддзел пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках.

У аддзеле пракуратуры Брэсцкай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войску дэлегацыю з Веткі прыняў выканаўца абавязкаў начальніка аддзела Дзмітрый Пузанкевіч.

Ён паведаміў, што па гэтым факце вядзецца праверка, па выніках якой будзе прынятае рашэнне, каб распачаць крымінальную справу або адмовіць у гэтым. Праверка была прызначаная камандаваннем брыгады і даручана дазнаўцу аддзела пракуратуры.

Па факце самавольнай адлучкі вайскоўцаў таксама будзе прымацца працэсуальнае рашэнне. Разгляд праводзіць вайсковая камендатура, там 8 лютага былі апытаныя сваякі вайскоўцаў.

Таксама сваякоў прыняў камандзір 38-й асобнай Гвардзейскай мабільнай брыгады Зміцер Собаль. Ён запэўніў сваякоў, што будзе праведзена аб'ектыўнае разьбіральніцтва гэтых фактаў.

У ваеннай камендатуры пры апытанні сваякам сказалі, што «дзяды» ўжо нібыта прызналіся і, хутчэй за ўсё, будуць пакараныя.

«Мы сустрэліся з хлопцамі, але гэтая сустрэча пакінула цяжкае ўражанне. Так, яны не паказвалі віду пры нас, усміхаліся, але якія ў іх былі вочы пры гэтым… Яны распавялі, што 8 лютага было шыхтаванне, і з гэтых «дзядоў» перад строем знялі цяльняшкі за такую, маўляў, правіну. Але ці пакінуць нашых дзяцей у спакоі? Ці будуць пакараныя ўсе вінаватыя, каб іншым непанадна было? Мяне насцярожыла, што Ваня прыходзіў на сустрэчу з намі ў суправаджэнні сяржанта, і той сяржант ні на секунду не адыходзіў ад яго — мы не маглі пагаварыць. Ваня толькі сказаў, што не хацеў бы заставацца тут», — кажа Алена.

Яна баіцца, што яму нехта пагражае.

«З бязлітаснай цвёрдасцю»?

Міністэрства абароны неаднаразова заяўляла, што «ў беларускім войску барацьба з нестатутнымі ўзаемаадносінамі вядзецца з бязлітаснай цвёрдасцю».

«Для параўнання: калі ў 2013 годзе 26 вайскоўцаў сталі ўдзельнікамі такога роду злачынстваў, то ў 2003-м іх было 134 — скарачэнне ў 5 з лішнім разоў. І гэта нягледзячы на тое, што колькасць ваеннаслужачых тэрміновай службы за гэты час амаль не змянілася», — заяўляла Міністэрства абароны ў 2014 годзе.

У ліпені 2015 года да пяці гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму быў прыгавораны малодшы сяржант вайсковай часці № 92616, які нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні салдату тэрміновай службы. Сяржанту не спадабалася, што салдат не дастаткова хутка прыбіраўся ў казарме.

У 2015 годзе была распачата крымінальная справа па артыкуле 443 КК па фактах нестатутных адносін у Заслонаўскім гарнізоне пад Лепелем.

На пачатку 2016 года стала вядома, што за незаконны загад і збіццё салдата сяржант прысуджаны да двух гадоў абмежавання волі. Інцыдэнт з начным уздымам байцоў адбыўся ў адной з вайсковых часцей Гомельскай вобласці. Салдат тэрміновай службы паднялі ноччу з-за невыканання навабранцам негалосных нестатутных правілаў.

Камандзір аддзялення ў званні сяржанта загадаў маладым салдатам стаяць каля сваіх ложкаў да раніцы. Устаноўлена, калі адзін з байцоў адмовіўся выконваць незаконны загад, сяржант ужыў сілу. Яму прысудзілі абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады. Акрамя таго, яго на 2 гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў і выкананнем функцый прадстаўнікоў улады. Прысуд уступіў у законную сілу

«Ва Узброеных сілах забяспечаны бескампрамісны падыход да правапарушальнікаў і няўхільнае пакаранне тых, хто вінаваты ў злачынствах, у адпаведнасці з заканадаўствам», — казаў раней прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

Журналісты будуць сачыць і за наступствамі інцыдэнту ў вайсковай часці №92616 з прызыўнікамі з Веткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?