Жыў-быў адзін чалавек.

Харошы такі.

Добры, спагадлівы, шчыры і шчодры.

Як яго звалі, вы ўжо ведаеце, прачытаўшы назву гэтай прыпавесці.

Некаторыя лічаць, што дабро павінна быць з кулакамі. І кулакі ў яго былі — уга якія. А ён ніколі не скарыстоўваў іх як зброю. Праўда-праўда, далоні ягоныя ніколі не сціскаліся ў кулакі.

Мусіце мне паверыць, бо ўжо не зможаце праверыць.

Калі жыццё крыўдзіла, Валянцін тлумачыў сабе, што нечым правініў Бога, і Усявышні такім чынам настаўляе яго на існы шлях.

А шлях гэты ён трактаваў традыцыйна для прыстойнага верніка: не забі, не скрадзі, не схлусі, не пажадай, а любі, дзяліся, сведчы і паважай. І заўсёды падганяў свае дзеянні пад гэтыя правілы. Ды часта прыдзіраўся да сябе: а ці насамрэч думаю так, як сказаў; і ці не прамарудзіў, ускокваючы з лаўкі тралейбуса, калі туды зайшла бабулька; а ці не пажадлівым быў той адзіны позірк, які кінуў на прыгожую дзяўчыну ў натоўпе?

Валянцін не паліў, але заўсёды насіў з сабой цыгарэты і запальнічку. Таму, калі да яго чапляліся на вуліцы, ён з гатоўнасцю даваў прыкурыць і пакурыць, без крыўды аддаваў апошнія грошы і нават шапку пры адпаведным надвор’і. Яго ўрэшце ўсё адно білі, а ён намагаўся ўсміхацца, лежачы на брудным асфальце ці ў гурбе, і думаў: вось выльюць зараз хлопцы на мяне злосць — і нікога сёння на вуліцы больш не зачэпяць. А тыя ад гэтай усмешкі ўваходзілі ва ўсё большы шал і прыгаворвалі:

— Іш, святоша нашолся!

Пасылаць яго ў краму трэба было па тое, што спатрэбіцца не раней як заўтра, бо ён праводзіў там гадзіны, і не заўсёды мог патлумачыць, чаму так доўга. А справа ў тым, што Валянцін абавязкова саступаў сваю чаргу тым, у каго ў руках было мала пакупак, старэнькім жанчынам, людзям з дзеткамі, нават калі дзеткі былі ўжо вышэйшыя за яго, і ўвогуле кожнаму, хто казаў, што спяшаецца. Ну, сапраўдны джэнтльмен! «От, дзякуй, добры чалавек!» — чуў ён іншы раз, і сэрца ягонае перапаўнялася пяшчотай да людзей.

Кар’ера не складалася, сядзеў ён ужо гадоў з дваццаць малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце дабрыні Нацыянальнай акадэміі навук, хаця ягоныя равеснікі, менш абцяжараныя маральнасцю, ужо выбіліся ў начальнікі або з’ехалі ў замежныя інстытуты на лепшыя заробкі. Пару разоў начальства пыталася, як бы ён паставіўся, калі б яго прызначылі намеснікам загадчыка аддзела па справядлівым размеркаванні месцаў пад сонцам, але ён чырванеў і казаў, што ягоны напарнік, які толькі прыйшоў у інстытут па размеркаванні, больш заслугоўвае такой пасады. Начальства паблажліва ляпала па плячы, дзякавала за сумленную працу і за добрую параду, а як толькі за ім зачыняліся дзверы, круціла пальцам каля скроні:

— Не ўсіх дурных вайна пабіла!..

Адзіны ягоны сябра, Валодзька Шабаноў, раз на месяц завітваў у госці, каб пазычыць грошай да палучкі, і, п’ючы ў Валянціна на кухні ягоную гарэлку, купленую адмыслова на выпадак, калі прыйдзе найлепшы сябар, ушчуваў яго за залішнюю дабрыню:

— От ты жывеш ужо за сорак гадоў на свеце, а чаго дамогся? Кватэра табе дасталася ад бацькоў, жонка гуляшчая, дзеці прыходзяць дадому толькі начаваць, гарэлку купляеш мярзотную, абы танней, касцюм у цябе ўсяго адзін, і той носіш ужо дзясяты год… Дзеля чаго жывеш?

Валянцін маўчаў, толькі добра ўсміхаўся, а сам сабе думаў: ну як жа ж! Вунь сябар у яго ёсць, і дзеткі, як малыя былі, казалі, што любяць, і праца якая-ніякая, не сядзіць жа сям’я галодная, і жонка не ў абносках ходзіць. А калі і завяла сабе нейкага палюбоўніка, дык што ж, Валянцін не прыгажун, талентаў асаблівых не мае… Добра яшчэ, што каханая не кідае яго і з хаты не выганяе.

— Дурань ты! — які ўжо раз рабіў выснову сябрук і перакульваў чарговую чарку.

Мо з-за боязі кпінаў з яго боку Валянцін і не прызнаваўся ніколі, што трымае галубоў. Гадоў за пяць ён употай ад жонкі заашчадзіў дастатковую суму, змайстраваў на суседнім гмаху галубятню, купіў колькі пар звычайных шызых галубоў, а ў кампанію да іх — двух белых турманаў і столькі ж рыжых якабінаў. І вось цяпер іх было ўжо больш за трыццаць, пароды перамяшаліся і далі столькі варыянтаў!

О, як ён любіў ганяць іх надвячоркам! Калі сонца ўжо невысокае і ашчаднае на прамяні. Глядзець, як з першым гукам ягонага свісту птушкі ўспырхваюць амаль вертыкальна ўверх і, падхопленыя ўзыходзячымі плынямі паветра, кружаць у велізарным, кранутым чырванню віры… Валянцін сам нібыта пакідаў дах і аказваўся з імі, крыло ў крыло, — гэтакія пачуцці ахоплівалі яго!

Але галубы не здольныя да доўгага палёту. Пакружыўшыся над мікрараёнам, птушкі вярталіся на родны дах, паслухмяна заляталі ў галубятню і доўга ўзбуджана буркавалі.

Валянціну таксама трэба было вяртацца на зямлю, да любай жонкі, бо зрання ж на любімую працу…

А назаўтра былі не толькі праца, а і прыкрае здарэнне. Узняўшыся на дах суседняга гмаха, Валянцін заспеў, як нейкія з выгляду бяздомнікі жалезным прутам узломвалі дзверцы галубятні і запіхвалі ягоных птушак у зрэбны мех.

— Людцы, што вы робіце! — кінуўся да іх Валянцін, не сціскаючы далоні ў кулакі.

Мужчыны спужана азірнуліся, а адзін з іх са страху трэснуў прутам Валянціна па галаве. Той войкнуў, грымнуўся патыліцай аб кут галубятні і знерухомеў. Бамжы яшчэ больш перапалохаліся, нехта з іх свіснуў — маўляў, рукі ў ногі! — і яны кінуліся наўцёкі, не забыўшыся, аднак, прыхапіць мех з ужо ўпаляванай здабычай.

Валянцін застаўся на даху, прыхіліўся плечуком да галубінай хаткі. Успуджаныя птушкі кружылі высока над ім, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй, нібы ў велізарным віры. Валянцін глядзеў на іх адзіным не заплыўшым крывёй вокам, і кранутыя лёгкай усмешкай вусны шапталі:

— Птушкі мае, птушкі, скіньце па пяры, я з вамі палячу…

Наўкол яго валялася шмат галубіных пёраў, страчаных птушкамі ў бойцы з галоднымі драпежнікамі, і некаторыя з іх ужо набрынялі чалавечай крывёй. Хоць ты бяры і малюй імі апошні прыжыццёвы партрэт чалавека.

Харошага такога.

Добрага, спагадлівага, шчырага і шчодрага.

…Праз пару дзён, калі бамжы даелі злоўленых галубоў і вярнуліся па новых, незачыненыя ў клетцы птушкі ўспырхнулі пры першых жа кроках паляўнічых. Тыя зазірнулі ў галубятню, не знайшлі там птушак і абступілі Валянціна. Твар яго быў ужо ўшчэнт раскляваны.

— Можэт, его раздзелаем? — кінуў адзін з мужчын.

— Ты што, ахрэнел? Саўсем ужэ мазгі атпіл? — накінуўся на яго сябрук. — Пашлі атсюда!

Унізе, ля падножжа гмаха, ён падышоў да бабулькі, што сядзела на лаўцы ля пад’езда, са словамі:

— Там на крышэ вашэва дома труп.

— Га? — перапытала яна, не расчуўшы з першага разу.

Але бомж нават не азірнуўся, подбегам даганяў напарніка.

* * *

Хавалі Валянціна праз два дні.

Хавалі нават ад позіркаў занадта цікаўных суседзяў, у закрытай труне.

Святы быў чалавек, казалі над магілаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0