Улады Мінска ў бліжэйшыя шэсць месяцаў маюць намер кардынальна вырашыць пытанне выканання аўтаўладальнікамі правілаў паркоўкі, паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац сёння на пленарным пасяджэнні I Форуму працоўнай моладзі.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра адказнасць за неаплату платнай паркоўкі і паркоўку ў неўстаноўленым месцы. Мэр сталіцы адзначыў, што ў горадзе развіваецца сетка платных парковак. Але, разам з тым, адсутнічае адказнасць за неаплату іх паслуг.

«Прэзідэнт пагадзіўся, і калі мы ўвядзём адказнасць, то будзе прымяняцца простая схема, — сказаў Андрэй Шорац. — Калі сёння факт карыстання стаянкай трэба даказваць праз суд, то мяркуецца, што супрацоўнікі ДАІ будуць ездзіць на машынах, выкарыстоўваць у працы планшэты, і тыя, хто стаіць пад знакам, будуць атрымліваць «лісты шчасця».

Андрэй Шорац упэўнены, што аўтаўладальнік, заплаціўшы 10-20 тысяч рублёў за гадзіну паркоўкі, будзе разумець, што гэта танней, чым 200 тысяч штрафу за няправільную або неаплачаную паркоўку.

У цэлым ён канстатаваў, што ў Мінску праблем з наяўнасцю парковачных месцаў няма. Як правіла, паркінгі пустуюць, канстатаваў Андрэй Шорац.

«Ёсць пустуючыя месцы, але людзі ўсё роўна паркуюцца ў двары», — адзначыў кіраўнік горада. «Гэта, напэўна, нармальнае чалавечае жаданне. Нездарма пра мінчан прыдумалі анекдот. Сусед пытае іншага суседа: — Чаму ты два тыдні на машыне не ездзіш? — Так добра прыпаркаваўся, што з'язджаць крыўдна», — распавёў Андрэй Шорац.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?