У Мінску не плануецца ўводзіць забарону на продаж алкаголю ў позні час сутак. Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац сёння на пленарным пасяджэнні I Форуму працоўнай моладзі.

Мэр сталіцы канстатаваў, што ўведзеная раней забарона не прынела адчувальных вынікаў.

«Мы не змаглі спыніць вал кантрафакту», — заўважыў кіраўнік горада. Незаконны абарот алкаголю арганізавалі ў інтэрнэце. Андрэй Шорац прывёў факты «творчага», паводле яго ацэнкі, падыходу ў рэалізацыі алкагольных напояў у інтэрнэце: «Набіраю ў пошукавіку запыт «купіць алкаголь ноччу». У нас народ вельмі «творчы» ў гэтым плане. Так, алкаголь «здавалі ў арэнду», былі аб'явы «прывязу піцу, бутэлька гарэлкі ў прыдачу», «давязу па гарэлку». Зразумела, што нікуды ён не павязе, гарэлка ў яго ёсць».

«З улікам таго, што мы не змаглі арганізаваць канфіскацыю кантрафакту, забарону (на начны продаж алкаголю) адмянілі. Вяртацца да гэтага больш не будзем», — сказаў на заканчэнне Андрэй Шорац.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?