Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова загадвае студэнтам папярэджваць ня менш як за два тыдні пра плянаваныя паездкі за межы Беларусі. Адпаведны загад за № 71 пабачыў сьвет 27 сакавіка 2008 году.

Тэкст загаду стаў агульнадаступным дзякуючы сайту mgu.ucoz.ru.

Свае дзеяньні рэктарат МДУ імя Куляшова абгрунтаваў неабходнасьцю «забясьпечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў».

— Гэты загад супярэчыць усяму дзейнаму заканадаўству Беларусі, ня кажучы пра міжнародныя нормы. Па‑першае, забясьпечваць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян павінны праваахоўныя органы. Такім чынам Установа адукацыі «МДУ імя А. А. Куляшова» спрабуе заняцца нестатутнай дзейнасьцю. Кожны грамадзянін Беларусі мае права на таямніцу асабістага жыцьця, права бесьперашкоднага руху па Беларусі й за яе межы… Магілёўскія незалежныя юрысты ў хуткім часе пададуць заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыпыніць дзеяньне загаду й прыцягнуць да адказнасьці адміністрацыю ўнівэрсытэту, — пракамэнтаваў зьмест загаду № 71 Аляксандар Каралёў, юрыст‑консульт Магілёўскага прадстаўніцтва прафсаюзу РЭП.

Паводле: Андрэй Воўкаў, «Наш Магілёў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0