Зменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі найбліжэйшым часам не будзе, заявіла 12 лютага старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Як паведамлялася раней, сёння кіраўнік ЦВК сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам. Абмяркоўвалася выніковая справаздача місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ аб прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Лукашэнка даручыў стварыць міжведамасную экспертную групу для вывучэння рэкамендацый БДІПЧ.

Паводле слоў Ярмошынай, экспертная група будзе створаная ўжо сёння, а першае яе пасяджэнне плануецца правесці 16 лютага. ЦВК абагульніць высновы групы і падасць прэзідэнту напярэдадні парламенцкіх выбараў прапановы аб удасканаленні выбарчага працэсу.

«Тым не менш адразу магу сказаць, што, вядома, гаворка не можа ісці найбліжэйшым часам пра змену выбарчага закону. Гэтыя прапановы будуць рэалізоўвацца шляхам удасканалення правапрымяняльнай практыкі, якая вызначаецца метадычнымі тлумачэннямі Цэнтрвыбаркама», — цытуе Ярмошыну прэс-служба прэзідэнта.

Пры гэтым яна адзначыла, што ЦВК «ужо даўно праводзіць працу па вывучэнні гэтых рэкамендацый і прымяненні іх на практыцы падчас парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца». «Тым не менш мы лічым, што тут неабходны комплексны падыход для таго, каб у гэтай працэдуры ўдзельнічала не толькі Цэнтральная камісія, але і нашы найбольш аўтарытэтныя дзяржаўныя органы на ўзроўні экспертаў, якія б таксама выказалі сваю пазіцыю адносна дадзеных АБСЕ прапаноў, а таксама вызначылі шляхі рэалізацыі гэтых прапаноў», — сказала Ярмошына.

Нагадаем, у выніковай справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ адзначаецца: «Прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што Беларусі яшчэ трэба прайсці значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў». Назіральнікі звярнулі ўвагу на некаторае паляпшэнне і «гасціннае стаўленне» уладаў Беларусі да місіі, адзначылі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але «значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і сумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў», гаварылася ў справаздачы місіі.

У БДІПЧ мяркуюць, што ўлады Беларусі гатовыя рэалізаваць шэраг рэкамендацый справаздачы да чарговых (парламенцкіх) выбараў, якія павінны прайсці не пазней за 11 верасня 2016 года. «Я бачу гатоўнасць афіцыйных асоб або як мінімум нейкай іх часткі рэальна рэалізоўваць тыя змены, якія прывядуць Беларусь значна бліжэй да міжнародных стандартаў у галіне выбараў», — сказаў журналістам дырэктар БДІПЧ Міхаэль Георг Лінк падчас візіту ў Мінск 29 студзеня.

Аднак яшчэ раней Лідзія Ярмошына заяўляла, што прапанова БДІПЧ змяніць выбарчае заканадаўства да парламенцкіх выбараў супярэчаць дакументам Венецыянскай камісіі, якая рэкамендуе ўносіць такія змены не менш як за год да правядзення выбараў.

Каментуючы пазіцыю кіраўніка ЦВК, Лінк назваў гэта «пытаннем прыярытэтаў». «Венецыянская камісія рэкамендуе не змяняць фундаментальна выбарчае заканадаўства незадоўга да выбараў, і БДІПЧ таксама гэта не рэкамендуе», — адзначыў ён.

У сваю чаргу кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі Кент Харстэд, які наведаў Мінск разам з Лінкам, дадаў: «Тут трэба ўлічваць сутнасць змяненняў, якія ўносяцца. Калі гэтыя змены прынясуць паляпшэнне сітуацыі для выбаршчыкаў, кандыдатаў, для духу дэмакратыі… Не думаю, што гэтая рэкамендацыя (Венецыянскай камісіі) перашкаджае такім зменам».

Харстэд падкрэсліў, што працэдуру падліку галасоў можна зрабіць празрыстай да парламенцкіх выбараў 2016 года. «Не паглыбляючыся ў дэталі, скажу, што адным з недахопаў, якія сапраўды неабходна выправіць да парламенцкіх выбараў гэтага года, з'яўляецца немагчымасць назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў. Мы вельмі спадзяемся, што гэты недахоп будзе выпраўлены ўжо сёлета», — сказаў прадстаўнік АБСЕ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?