12 лютага на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі «Фінансавая дыета. Рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі». Складальнікам і суаўтарам кнігі стаў памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыл Руды.

Фота Вадзім Заміроўскі, tut.by.

Фота Вадзім Заміроўскі, tut.by.

Варта адзначыць, што да працы з «Фінансавай дыетай» былі прыцягнутыя эксперты з незалежных экпертных цэнтраў, як Beroc і ІПМ.

Прэзентацыя праходзіла ў дастаткова дзіўных дэкарацыях, калі на сценах былі развешаныя цытаты з Францішка Скарыны на расейскай мове, а побач ляжаў торт у выглядзе Бібліі Скарыны. За імпрэзай назірала каля 50 чалавек.

«Мы ўбачылі такі рукапіс, такую сур'ёзную навуковая працу, за якой стаяць не толькі канкрэтныя асобы, дзяржаўныя дзеячы, але, самае галоўнае, сур'ёзнае навуковае даследаванне тых працэсаў і з'яў, якія адбываюцца ў эканамічным жыцці краіны, - сказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, прадстаўляючы кнігу. - Мы былі ўпэўненыя, што кніга будзе цікавая не толькі для эканамістаў, але і для тых, хто ўважліва ўглядаецца ў жыццё і разумее, што жыццё шматстайная і ў ім бываюць перыяды, калі ўсё грамадства і дзяржава павінны больш уважліва ставіцца да такога адчувальнага сегменту, як дзяржаўныя фінансы».

У той жа час Ананіч падкрэсліла дасягненні краіны. «Мы сытыя, абутыя, апранутыя, не ходзім з працягнутай рукой, у нас выдатная моладзь, і шмат за гэтыя дваццаць гадоў зроблена ў краіне», — дадала яна.

Кніга выйшла таксама пры падтрымцы прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі. Кіраўнік прадстаўніцтва Санака Самарасінха сказаў, што ўпершыню пра кнігу пачуў у садзе ўласнага дома ад Кірылы Рудага. «Спачатку я скептычна паставіўся да гэтай ідэі», — шчыра прызнаўся спадар Самарасінха.

Прамова самога Кірылы Рудага цягнулася каля 15 хвілін. Вось некаторыя моманты з яго выступу:

«Калі эканамічны рост спыняецца, то для гэтага прапаноўваецца фінансавая дыета, то бок пераход на рацыянальны механізм выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў, каб грошы размяркоўвалі бесстаронна.

Чаканне, якое я чуў ад сяброў і знаёмых, ці будуць тут адказы на пытанні: што нам патрэбна развіваць, якія галіны будуць прыярытэтнымі, як мы бачым будучыню. Насамрэч гэтага ў кнізе няма.

Больш за тое, да такой папулярнай у Беларусі галіне як інфармацыйныя тэхналогіі, якая бачыцца відавочнай для развіцця, у нас стаўленне дастаткова скептычнае. Спадзяюся, гэта выкліча пэўныя дыскусіі, нават крытыку аўтараў.

У кнізе расказана пра тры варыянты, як выбіраць прыярытэты развіцця.

Адзін варыянт — гэта верыць, што сённяшнія прыярытэтныя прадпрыемствы дадуць вынік. Другі варыянт — адчуць дар празорцы, прызначыць новыя прадпрыемствы прыярытэтнымі і чакаць выніку ад іх. Трэці варыянт — мы не можам бачыць будучыню, нам трэба ісці ад жыцця, ад канкурэнцыі.

Для таго каб канкурэнцыя з’явілася, прапаноўваецца перайсці на конкурсную дзяржаўную падтрымку. Напрыклад, вывесці з падначалення міністэрстваў прадпрыемствы, акунуць іх у больш канкурэнтнае асяроддзе.

Але самым важным элементам для аздараўлення арганізма з’яўляюцца правільныя стымулы. Гэтыя стымулы не абавязкова павінны быць камандна-адміністрацыйнымі, але і добраахвотна-рыначнымі. Гэта праблема вельмі складаная. Цяпер ёсць дыскусія «сваё-несваё», «прыватнае-дзяржаўнае».

Калі вобразна падысці да спрэчкі, то ёсць такая аналогія — кватаранты не робяць рамонт у здымнай кватэры. Каб з’явіліся правільныя стымулы, павінен з’явіцца шырокі пласт уласнікаў, якія і будуць ствараць правільныя стымулы для эканомікі.

У кагосьці ёсць перасцярогі, у кагосьці — спадзяванні, што гэтая кніга — гэта маніфест лібералаў. У кнізе няма лібералізму ў яго звыклым значэнні. Няма заклікаў падняць эканоміку за кошт сацыяльнай сферы. Цэнтральныя ідэі кнігі, наадварот, гучаць дастаткова кансерватыўна. Гаворыцца пра ўзмацненне прававога парадку, кантроль над грашыма.

Сёння ў коле кнігалюбаў я б хацеў нагадаць, хто такія лібералы, у іх першасным значэнні. Менавіта лібералы ставяць прыярытэтам сацыяльную сферу. Яны выступаюць за адукацыю, ахову здароўя, культуру. У свой час менавіта лібералы, а не кансерватары адмянілі рабства, увялі пенсіі, дапамогу па беспрацоўі, дапамогу сям’і. Лібералы абараняюць экалогію, выступаюць за гендарную роўнасць. Таму ў гэтым сэнсе кніга з’яўляецца выключна ліберальнай. Бо галоўным прыярытэтам «фінансавай дыеты» стаіць сацыяльная сфера.

Менавіта сацыяльная сфера дае максімальны эфект для ўсяго грамадства, як ніводная іншая сфера. Калі развіць сацыяльную сферу, то яна дае зваротны эфект самой эканоміцы, кожнаму чалавеку. Пры развітай сацыяльнай сферы, пры тых жа фізічных і маральных высілках, вырасце прадукцыйнасць працы, заробкі і ўзровень жыцця. Усё гэта магчыма, безумоўна, пры датрыманні рыначнай эканомікі».

Пакуль што ніхто не можа ведаць, ці будуць выкарыстаныя ідэі Кірылы Рудага і ягонага кола кіраўніцтвам краіны, аднак нават тое, што яны гучаць – гэта нешта новае для Беларусі.

Глядзі таксама: Пяць фактаў пра памочніка прэзідэнта па эканоміцы Кірыла Рудага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?