Яшчэ не аціх скандал вакол брэсцкага інспектара ДПС Пятручыка, які паслаў кіроўцу на тры літары, як супрацоўнікі з паласатымі палачкамі зноў патрапілі ў стужкі навін. На гэты раз адзначыліся інспектары з Навагрудка.

Інцыдэнт адбыўся 8 лютага каля вёскі Арковічы Навагрудскага раёна.

Інспектары, якія спынілі машыну мінчука для, як яны заявілі, праверкі дакументаў, адмовіліся выносіць пастанову аб адміністрацыйным спагнанні пасля таго, як кіроўца паведаміў ім, што забыўся дакументы і гатовы аплаціць штраф на працягу пяці дзён, як дазваляе ПВКоАП. Кіроўца таксама адмовіўся прайсці ў аўтамабіль ДАІ.

Спроба кіроўцы растлумачыць супрацоўнікам ДАІ свае правы і нормы заканадаўства не мела поспеху. Паводле афіцыйнай інфармацыі, кіроўца «паводзіў сябе абуральна».

Адзін з інспектараў ліхтарыкам разбіў бакавое шкло ў аўтамабілі, адчыніў дзверы і з дапамогай свайго напарніка выцягнуў кіроўцу.

На мінчука былі надзетыя кайданкі. Яго адвезлі ў Навагрудскі РУУС, дзе склалі пяць пратаколаў - чатыры па арт. 18.18 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае дакументаў, прадугледжаных правіламі дарожнага руху) і адзін 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КоАП.

У паведамленні УУС Гродзенскага аблвыканкама, апублікаваным пад загалоўкам «Збілі пыху правакатару», гаворыцца, што суд Навагрудскага раёна прызначыў кіроўцу пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь, пры гэтым адзначаецца, што правапарушальнік на паседжанне суду не з’явіўся.

Аднак сведка, якая ехала ў адной машыне з мінчуком, сцвярджае, што, па-першае, кіроўца быў на судзе, а па-другое, быў прысуджаны яшчэ і да сутак адміністрацыйнага арышту.

Таксама сведка абвяргае сцвярджэнне УУС, што затрыманы аказваў фізічны супраціў пры затрыманні і прыведзеную ў міліцэйскім паведамленні інфармацыю аб ранейшых судзімасцях кіроўцы, называючы ўсё гэта паклёпам і хлуснёй з боку праваахоўных органаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?