Ва Украінскай грэка-каталіцкай царкве скептычна ацэньваюць сустрэчу Папы рымскага Францыска з Патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам.

Пра гэта прадстаяцель УГКЦ Святаслаў (Шаўчук) сказаў у інтэрв'ю прэс-службе УГКЦ.

«Безумоўна, гэты тэкст выклікаў глыбокае расчараванне сярод многіх вернікаў нашай царквы і проста неабыякавых грамадзян Украіны», — каментуе Шаўчук заяву, падпісаную на сустрэчы ў Гаване.

«Сёння багата хто звяртаўся да мяне з гэтай нагоды і казалі, што адчуваюць сябе здраджанымі Ватыканам, расчараванымі палавінчатасцю праўды ў гэтым дакуменце і нават ўскоснай падтрымкай з боку апостальскай сталіцы агрэсіі Расіі супраць Украіны. Я, вядома, разумею гэтыя пачуцці», — працягнуў Шаўчук.

Статус УГКЦ, якая падпарадкоўваецца Ватыкану, але прытрымліваецца пераважна ўсходняга абраду, застаецца вострай тэмай у адносінах Рымска-каталіцкай царквы і Маскоўскага патрыярхату.

У сумеснай дэкларацыі царкоўныя лідары выказалі надзею, што іх сустрэча зробіць унёсак у прымірэнне ў тых сферах, дзе існуюць супярэчнасці паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. На думку Папы і Патрыярха, мінулыя метады «ўніятызму» не ёсць шляхам аднаўлення адзінства, аднак царкоўныя грамады, якія з'явіліся ў выніку гістарычных абставінаў, маюць права існаваць.

«З нашага шматгадовага досведу можна сказаць: калі Ватыкан і Масква арганізуюць сустрэчы або падпісваюць нейкія агульныя тэксты, то нам не варта чакаць ад гэтага нічога добрага», — дадаў Шаўчук.

Паводле яго, пункты ў сумеснай заяве двух царкоўных лідараў, прысвечаныя Украіне, выклікаюць у яго больш пытанняў, чым адказаў: у прыватнасці, 26-ы пункт, дзе Патрыярх і Папа заклікаюць ўсе бакі канфлікту да разважлівасці, грамадскай салідарнасці і актыўнай міратворнасці.

«Ствараецца такое ўражанне, што Маскоўская патрыярхія або ўпарта не прызнаецца, што з'яўляецца бокам канфлікту, гэта значыць адкрыта падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны […] або звяртаецца перш за ўсё да свайго сумлення, заклікае саму сябе да разважлівасці, грамадскай салідарнасці і да дзейнага будаўніцтва свету», — сказаў кіраўнік ўкраінскіх грэка-каталікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?