Двухбаковы канфлікт Польшчы і Расіі, які прывёў да прыпынення грузавых перавозак паміж краінамі з 1 лютага, выліўся ў чэргі на беларуска-літоўскай мяжы.

Пункт пропуску «Шальчынінкай» — «Беняконі», ўезд у Беларусь. 14 лютага 2016 года. Фота з камер назірання

Пункт пропуску «Шальчынінкай» — «Беняконі», ўезд у Беларусь. 14 лютага 2016 года. Фота з камер назірання

Дзяржпагранкамітэт РБ канстатуе ўзрастанне патоку грузавога транспарту на літоўскім напрамку беларускай мяжы.

У пункце пропуску «Каменны Лог» на мяжы з Літвой у чарзе на выезд — 140 грузавікоў, на ўезд — 10. Больш складаная сітуацыя ў пункце пропуску «Беняконі» — на выезд з Беларусі ў Літву стаяць 130 фур, на ўезд у Беларусь з Літвы — 250 фур. У пункце пропуску «Катлоўка» ў чарзе на выезд з Беларусі ў Літву — 120 грузавікоў.

«Пакуль Расія і Польшча не дамовяцца пра квоты дазволаў на праезд фур, увесь транспартны паток ляжа на плечы Беларусі і Прыбалтыкі», — растлумачыў TUT.BY прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Ён таксама сказаў, што сітуацыя далёкая ад катастрафічнай: «Мы і літоўскія калегі кінулі на гэтыя напрамкі дадатковыя чалавечыя рэсурсы, чарга не стаіць — павольна рухаецца».

Нагадаем, чэргі з фур на беларуска-літоўскай мяжы апошнім часам істотна павялічыліся. Прычына — адсутнасць пагаднення паміж Расіяй і Польшчай: бакі не ўзгаднілі квоты дазволаў на праезд фур. Расійскія перавозчыкі перанакіравалі грузапаток праз Беларусь: першы напрамак балтыйскі, другі ўкраінскі — кіроўцы едуць праз Беларусь ва Украіну, а потым у Венгрыю, Славакію і далей.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ва Украіне актывісты сталі блакаваць праезд праз тэрыторыю краіны не толькі фурам з расійскімі нумарамі, але і літоўскім, беларускім перавозчыкам, якія вязуць расійскія тавары. 12 лютага «блакаднікі» выставілі пасты паблізу пагранічнага пункта пропуску «Даманава» (Валынская вобласць, Украіна) — Макраны (Брэсцкая вобласць, Беларусь). Сёння стала вядома, што ўкраінскія актывісты выставілі пасты на дарогах у Жытомірскай вобласці (мяжуе з Гомельскай вобласцю) і Ровенскай вобласці (мяжуе з Брэсцкай вобласцю). Акрамя таго, фуры блакуюць і ў Закарпацці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?