Паўтарай за мной: я малады, малады.
…Малачко дапі, з’еш катлетку…
Але прыходзіць холад, а за ім — халады, халады
І запаўняюць усяго, усяго. Кожную клетку.
І гэта значыць, што я старэю і больш не расту.
І мушу пачаць забываць і пісаць сюды хоць
За кожны год прадрапаўшы берасту,
Што мне не дыхаць бывае лягчэй, чым дыхаць,
Што я ахвяра пропісаў і папер
Сабе цьвярджу што гэта напэўна зіма і
Усё нязменна.
Ды вецер не той. Цяпер
Ён больш не дзьме, а проста мяне выдзімае.
З краіны з паверхні з-пад купала ліхтара
З такой зямной і зразумелай арбіты.
І крок наперад, і зноў назад паўтара,
І нават страчаны цэніш нібы здабыты…
Як у маленстве ў валенках на катку,
Шукаеш, за што б схапіцца мёртваю хваткай,
Сваёй здранцвелай, сагнутай ў лакатку
Рукою і пахнеш у ёй заціснутай ваткай.
І ведаеш, ніхто не прыйдзе і не ўвядзе,
І страх не знікне ў тваім безвалосым пузе.
І будуць сняжынкі таяць у зелёнай вадзе
І больш ніколі
Ніколі-ніколі
Нічога не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0