Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі лічыць, што Паўночнаатлантычны альянс павінен будаваць вайсковую інфраструктуру на ўсходзе, нягледзячы на ранейшыя абавязацельствы альянсу перад Расіяй.

Пра гэта Вашчыкоўскі заявіў на Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, паведамляе з Мюнхена карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».

Вашчыкоўскі адзначыў, што Базавы акт аб адносінах і супрацоўніцтве паміж НАТА і Расіяй 1997 года, на яго думку, страціў сілу і НАТА мае права не выконваць яго.

«Гэты акт быў ухвалены ў прынцыпова іншай сітуацыі, калі не было цяперашняй агрэсіўнай Расіі, і таму ён па сутнасці ўжо не мае сілы», — заявіў ён.

На думку Вашчыкоўскага, дамова з Расіяй дыскрымінуе шэраг краін-членаў НАТА.

«Мы не просім прывілеяў, мы просім роўнага стаўлення да нас. Цяпер жа няма роўнасці. Заходняя частка Еўропы абароненая інфраструктурай, прысутнасцю войскаў. Між тым як усходняя і цэнтральная частка значна менш абароненая… Недахоп вайсковай структуры стварае ўразлівасць нашых краін», — заявіў ён.

«Гэта была палітычная дэкларацыя, якая юрыдычна не абавязвае. Яна з'явілася ў прынцыпова іншы час, калі мы, новыя члены НАТА, нават не былі яе бокам. Чаму мы павінны зараз прытрымлівацца гэтага дакумента?» — задаў пытанне Вашчыкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0