15.02.2016 / 15:37

У Магілёве на акцыю выйшлі 30 індывідуальных прадпрымальнікаў

Каля 30 індывідуальных прадпрымальнікаў выйшлі сёння на плошчу Леніна да Дома саветаў у Магілёве. Пры гэтым прадпрымальнікі не разгортвалі якіх-небудзь транспарантаў, яны проста гутарылі паміж сабой.

Акрамя таго, дэлегацыя ІП з шасці чалавек наведала аблвыканкам, дзе сустрэліся з начальнікам упраўлення прадпрымальніцтва Віктарам Красоўскім. Сваю сустрэчу з чыноўнікам яны назвалі безвыніковай. «Я не ведаю, для чаго гэтая сустрэча была. Захацелі асобныя прадстаўнікі пагутарыць з Красоўскім. Сэнсу ніякага ў гэтай сустрэчы няма. Я ад Красоўскага нічога не чакаю, ён нічога не можа», — заявіў пасля сустрэчы адзін з прадпрымальнікаў, які ўдзельнічаў у ёй.

Яшчэ адзін удзельнік візіту ў аблвыканкам паведаміў, што паўторная сустрэча з ІП пройдзе ў аблвыканкаме ў сераду ў 11 гадзін: «Будуць усе службы, і нас будуць зноў слухаць. Дакументы нашы паглядзяць і скажуць, ці можна па ім працаваць ці не». Ён таксама адзначыў, што не ўсе прысутныя сёння на плошчы Леніна ў Магілёве падтрымліваюць акцыю ў Мінску. «Акцыю ў Мінску хтосьці падтрымлівае, хтосьці не падтрымлівае», — сказаў прадпрымальнік.

Як паведаміў магілёўскі прадпрымальнік, які ўдзельнічаў у мітынгу ў Мінску, магілёўцаў на ім было каля 50 чалавек. Да сталіцы яны дабраліся без інцыдэнтаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру