Святлана Яроменка прыйшла ў «Белавія» на пасаду другога пілота ў лістападзе. Гэта першая дзяўчына-пілот у беларускай авіякампаніі. Пасажыры, якія заўважылі яе ў акне кабіны экіпажа, спрабуюць проста з трапа самалёта сфатаграфаваць на тэлефон. Адкуль яна ўзялася ў «Белавія»? Як змагла прарвацца ў стэрэатыпна мужчынскую прафесію? Адкуль смеласць — браць адказнасць за сотні пасажыраў на рэйсе?

TUT.BY задаў Святлане свае пытанні, а яна на іх цярпліва адказала.

Святлана Яроменка, 28 гадоў. Скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт грамадзянскай авіяцыі па спецыяльнасці «лётная эксплуатацыя грамадзянскіх паветраных судоў». Кар'еру пачынала ў «Пскоўавія», на самалётах Ан-24/Ан-26. Затым працавала ў «Трансаэра», прайшла перападрыхтоўку на Boeing-737NG — менавіта на такім самалёце цяпер лётае ў беларускай авіякампаніі.

Святлана Яроменка, 28 гадоў. Скончыла Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт грамадзянскай авіяцыі па спецыяльнасці «лётная эксплуатацыя грамадзянскіх паветраных судоў». Кар'еру пачынала ў «Пскоўавія», на самалётах Ан-24/Ан-26. Затым працавала ў «Трансаэра», прайшла перападрыхтоўку на Boeing-737NG — менавіта на такім самалёце цяпер лётае ў беларускай авіякампаніі.

«Да мяне тут сур'ёзна паставіліся», або Адкуль Святлана ўзялася ў «Белавія»

— А я даслала рэзюмэ (смяецца). Але ў Беларусі я і да гэтага бывала: яшчэ калі працавала ў «Пскоўавія» на Ан-26, у нас было некалькі рэйсаў з Мінска. Ехалі сюды службовай машынай, а потым ужо ляцелі.

Да «Белавія» працавала ў «Трансаэра». Там я праходзіла перападрыхтоўку на канкрэтны тып самалёта: і тэарэтычную, і на трэнажорах. Але палётаць, на жаль, я там не паспела (расійскі перавозчык «Трансаэра» летась збанкрутаваў).

Як пілоты ўладкоўваюцца на працу? Ёсць вакансія «пілот», калі цябе ўсё задавальняе і ты — авіякампанію, то ідзеш працаваць. Наогул, я адправіла рэзюмэ ў некалькі кампаній. Але першай мне адказала «Белавія» — і я адразу сюды. Думаю, магла б пайсці сюды, нават калі б адказалі не першымі. Зараз растлумачу чаму.

У некаторых расійскіх кампаніях здараліся вельмі смешныя дыялогі. Тэлефануеш і пытаешся: «Добры дзень, у вас ёсць вакансія «пілот». А якія ў вас патрабаванні?». У адказ: «Ну, узровень». «Узровень ёсць, а ўмовы якія? Што вы можаце прапанаваць?». Мне кажуць: «А хай сам тэлефануе». Пытаюся: «Хто сам?». «Ну, за каго вы там тэлефануеце — хай ён і тэлефануе». Я адказваю, што за сябе тэлефаную. Мне: «А ў нас дзяўчат няма». «Ну я ж не пытаюся, ці ёсць у вас дзяўчаты. Я тэлефаную па вакансіі». Мне: «Няма ў нас дзяўчат-пілотаў і не будзе». То ёсць часам ужо па тэлефоне вось такое стаўленне. А у Беларусі абсалютна не было ніякага: «Што?! Дзяўчына?!». Да мяне тут сур'ёзна паставіліся, як калісьці ў «Трансаэра». Гэта і спадабалася.

А яшчэ ў мяне прабабуля па татавай лініі — беларуска. Яе лёс прывёў у Сібір у часы Сталыпінскай рэформы. Можа, кроў паклікала?

Дзяцінства на маленькім паўночным аэрадроме

— Нарадзілася я ў Якуціі, у пасёлку маленечкім — Хонуу. Туды толькі самалётамі дабрацца. У нас там быў маленькі аэрадром Мома. Калі я была маленькай, да самалёта на нашым аэрадроме мог падысці любы. Самалёту ляцець, а мы, дзеці, калі дазволяць, запаўзем у салон, усё разведаем.

Тата ў мяне — авіяцыйны спецыяліст у галіне радыётэхнічных сродкаў. Бацька хацеў стаць пілотам, «хварэў» гэтым з дзяцінства, але не атрымалася, таму што зрок дрэнны. Мама, да таго як з татам пазнаёмілася, была далёкая ад авіяцыі: скончыла кулінарную вучэльню ў Ташкенце і прыехала працаваць на поўнач кухарам. Потым тата ёй сваю любоў перадаў, так што мама пайшла вучыцца на метэаролага, працавала на метэастанцыі, а потым атрымала вышэйшую адукацыю і стала інжынерам па авіяцыйнай бяспецы.

Мы ў дзяцінстве бавілі вельмі шмат часу на аэрадроме. Нядаўна тата прызнаўся, што часам нават нас там на цэлы дзень пакідаў, калі трэба было кудысьці з'ехаць па справах.

На пытанне: «Кім будзеш, калі вырасцеш?» — ужо гадоў з трох-чатырох я чамусьці вельмі сур'ёзна адказвала: «лётчыцай-знішчальніцай». Але, вядома, мной толькі замілоўваліся.

Да майго трэцяга класа мы жылі ў пасёлку ў Якуціі, потым тата ўсё ж такі перавёў нас у Іркуцк, у горад.

Аэрадром Мома, на якім правяла ранняе дзяцінства Святлана Яроменка. Рэспубліка Саха (Якуція). Фота: Уладзімір Уласаў, russianplanes.net

Аэрадром Мома, на якім правяла ранняе дзяцінства Святлана Яроменка. Рэспубліка Саха (Якуція). Фота: Уладзімір Уласаў, russianplanes.net

Шлях да штурвала

— Калі заканчвала школу, калі шчыра, не вельмі верыла, што атрымаецца прабіцца ў пілоты. Паступала я ў 2004 годзе — тады дзяўчынцы трэба было атрымліваць асобны дазвол, каб вучыцца на факультэце лётнай эксплуатацыі. Пісала рэктару, каб залічылі ў якасці выключэння.

Пасля адзінаццаці класаў адразу ж паляцела ў Піцер — паступаць ва ўніверсітэт, які тады называўся Акадэміяй грамадзянскай авіяцыі. Я не баялася з'ехаць далёка ад дома. Гэта нармальна, калі ты вельмі хочаш, а тым больш — калі табе далі шанец і дазволілі вучыцца.

Спачатку паступіла не на пілота, а на штурмана. На пілота былі месцы толькі платныя, а мая сям'я, на жаль, не магла аплаціць такую дарагую вучобу. Спачатку спадзявалася перавесціся на пілота ўжо падчас вучобы, калі вызваляцца бюджэтныя месцы, але так і не дачакалася. Вочна вучылася на штурмана, а завочна — на пілота. Лётала ў аэраклубе. Таму цяпер у мяне дзве вышэйшыя адукацыі, абедзьве лётныя. Штурманам я, дарэчы, таксама паспела папрацаваць — у «Пскоўавія».

Вучыцца было цікава. Жыла ў інтэрнаце, стыпендыя была капейкавая — трыста рублёў. Але лётным спецыяльнасцям — дыспетчарам, пілотам, штурманам і наземным штурманам — выдавалі талоны на харчаванне. А талоны былі аж на дзве тысячы рублёў. Ты мог на іх дадому малака набраць, хлеба, ва ўніверсітэце паесці на іх жа. Некаторым так хапала талонаў, што яны іх яшчэ і прадавалі (смяецца).

Падзарабляла афіцыянткай, таму што на палёты трэба было збіраць грошы — усё ж не бясплатна. Потым пачала курсавыя вырашаць хлопцам — таксама падпрацоўка.

Калі даведваліся, што я вучуся ў універсітэце грамадзянскай авіяцыі, то першае пытанне было: «На сцюардэсу?». Ківала: «На сцюардэсу, так».

Дзяўчыне-пілоту заўсёды шмат увагі, якую я, калі шчыра, не вельмі люблю. Я разумею, што ўсім факт жанчыны ў авіяцыі вельмі цікавы. Даводзіцца адказваць на адны і тыя ж пытанні. Часам мне было так сумна, што я прыдумвала розныя адказы, каб сябе хоць бы неяк павесяліць.

Лётаць навучылася раней, чым кіраваць машынай

— Чаму хацела стаць менавіта пілотам? Ммм… А вы ў кабіне пілота былі? Як вам адчуванні? А калі ты сам трымаеш гэтую машыну? А калі ты цягнеш яе на сябе, яна ўзнімаецца — і ты разумееш, што гэтая вось махіна ў тваіх руках і што ты ёй кіруеш… Мне здаецца, такое захапленне ёсць у людзей, якія першы раз кіруюць аўтамабілем. У каго ёсць схільнасць да зносін з тэхнікай, мяне зразумеюць.

Лётаць, дарэчы, я навучылася раней, чым кіраваць машынай. Кіраваць я люблю, але ў гэтым я пакуль пачатковец. На аўтамабілі не люблю перавышаць хуткасць, люблю ўсё кантраляваць. Падабаецца, каб людзям, якія едуць са мной, было камфортна.

За штурвалам самалёта самастойна ўпершыню сядзела ў восьмым годзе. Было сонечна, што само па сабе рэдкасць у Піцеры. Я проста прыехала на палёты, а мне вырашылі зрабіць падарунак перад Днём авіяцыі: «Ты гатовая, давай сама». Хвалявалася: рукі дрыжалі, ногі. Але моцна не паспела спалохацца. Усё прайшло выдатна, таму што перад гэтым я дастаткова шмат лётала і за працай хлопцаў-пілотаў назірала. Тады я заўважыла, што ўсе па-рознаму адчуваюць самалёт, па-рознаму камунікуюць з ім.

«Аўтаматызацыя ў сучасных самалётах — гэта вельмі добра. Яна не выключае, але мінімізуе магчымасць чалавечага фактару і памылкі. Аўтапілот дапамагае. Але любая машына можа калісьці збіцца, гэта ж камп'ютар. Таму чалавек неабходны нават тады, калі працуе аўтапілот».

«Аўтаматызацыя ў сучасных самалётах — гэта вельмі добра. Яна не выключае, але мінімізуе магчымасць чалавечага фактару і памылкі. Аўтапілот дапамагае. Але любая машына можа калісьці збіцца, гэта ж камп'ютар. Таму чалавек неабходны нават тады, калі працуе аўтапілот».

Я люблю, калі да самалёта паважліва ставяцца. Не торгаюць рычагі рэзка, а робяць усё беражліва, з любоўю. Тумблеры пераключыць, на кнопачку націснуць (усміхаецца). Але, можа, гэта таму, што я жанчына.

Не, беражлівае стаўленне не займае больш часу. Ведаеце, у авіяцыі ёсць такое: рабіць хутка азначае рабіць бесперапынна і разумна. То бок, калі я штосьці хутка націсну, не глянуўшы, значна горш будзе. А так, пакуль я націскаю, я думаю.

Памяць пілотам патрэбна добрая, так. Трэба чытаць шмат тэхнічнай літаратуры. Да майго сораму, мастацкую чытаць няма калі. Мне нават няёмка, калі хто-небудзь з сяброў распавядае, што ён нешта ўчора цікавенькага прачытаў — а я ўчора чытала навігацыю. Але мне тэхнічнае бліжэй. Часам і падручнікі, праўда, надакучваюць… Прачытаеш нешта і думаеш: ну колькі можна пра гэта пісаць? Потым сутыкнешся з апісанай сітуацыяй і ўспамінаеш раптоўна і тэкст той, і карцінку на старонцы. Але вяртаешся да яе зноў і ўжо запамінаеш назаўжды. Таму памяць памяццю, але трэба старацца, у першую чаргу, ва ўсё ўнікнуць і разабрацца.

Справа тэхнікі

 — Самалёт, на якім я цяпер лётаю, — адзін з самых распаўсюджаных і надзейных. Я рада, што кіраванне на «Боінгу» — штурвальнае. Сёння ёсць самалёты, дзе кіраванне — пры дапамозе сайдстыка (ад англійскага side-stick, бакавая ручка кіравання). Мне здаецца, штурвал мне бліжэйшы.

Да пытання аб тым, на чым бы я палётала. Наогул я вельмі люблю Ан-124 «Руслан». Я нават тэлефанавала — штурманам спрабавала ўладкавацца, каб папрацаваць на «Руслане». Таму што такая махіна! А Ан-225 «Мрыя» — наогул супер.

Паміж працай пілота і штурмана адрозненні адчувальныя. І праграмы адрозніваліся: у штурманскай справе больш увагі на аэранавігацыю, а ў лётнай — на аэрадынаміку, тэхніку пілатавання. Але гэта ўсё вельмі побач.

Штурманская праца больш звязаная з разлікамі: на Ан-26 штурман адказваў за вядзенне дакументаў на борце, за радыёсувязь. Гэты досвед цяпер, у «Белавія», мне вельмі спатрэбіўся. Я працую на паветраным судне, дзе ўсяго два чалавекі ў кабіне. Другі пілот і камандзір вядуць сувязь па чарзе. Дзякуючы досведу штурманскаму я ўжо не губляюся ў эфіры.

Раней, праўда, я вяла радыёсувязь на рускай мове. А паколькі ў «Белавія» палёты ў асноўным міжнародныя, даводзіцца рабіць усё на англійскай.

Адрозніваецца ад маёй ранейшай працы многае. Напрыклад, цяпер мы лётаем ў верхняй прасторы. Меншыя інтэрвалы эшэланавання, усе лётаюць побач. Калі ўпершыню паляцела ў Еўропу, вельмі здзівілася, наколькі блізка ўсе адзін да аднаго ў небе. Над Расіяй на велізарных прасторах гэта не так прыкметна, а тут ляціш і бачыш побач іншыя самалёты.

Я лётаю пакуль што з інструктарам, яшчэ з намі ляціць запасны пілот, якога называюць safеty pilot (пілот бяспекі). Ён кантралюе мяне, глядзіць, каб я ўсе працэдуры правільна рабіла. Дае парады.

Зачароўваюць лясы з вышыні. Асабліва над Расіяй — лясы, лясы, а потым светлы маленькі агеньчык гарадка. Мне гэта здаецца ўтульным. А ў Еўропе, вядома, горад на горадзе.

Цяпер у нас ёсць рэйс у Хургаду — вельмі прыгожа зверху, піраміды відаць.

На Мінск зверху гляджу мала. Калі мы падлятаем, у асноўным ідзе падрыхтоўка да пасадкі. Горад відаць, але мы вельмі занятыя: розныя этапы падрыхтоўкі прыбораў, зніжэнне. Усё вельмі напружана.

Не хвалюйся за пасажыраў, проста рабі сваю працу

— Пакуль у мяне няма досведу працы ў складаных метэаўмовах. Цьфу-цьфу-цьфу, мне вельмі шанцуе: складаныя сітуацыі бачыла толькі на трэнажорах пакуль.

Але самае галоўнае ў працы пілота — дакладна разумець свае задачы. Ведаеце, мне вельмі шанцуе з настаўнікамі, інструктарамі. Хтосьці з іх мне сказаў словы, якія я вельмі запомніла: не хвалюйся за людзей. Ты павінен проста ведаць, што ў цябе адказная праца і што трэба прыляцець з пункта А ў пункт Б. Нават калі самалёт будзе ляцець пусты. Ты павінен быць адказным. Яшчэ трэба памятаць пра сябе. Настаўнік па псіхафізіялогіі нам тлумачыў: рэсурсы чалавечыя бязмежныя. Інстынкт самазахавання на поўную магутнасць працуе, калі ты перажываеш у першую чаргу за сваё жыццё. Так і на рэйсе: калі ты захаваеш сваё жыццё, захаваеш і ўсе астатнія.

Па жыцці я не экстремалка, не. Праўда, у дзяцінстве я вельмі хацела скокнуць з парашутам — мне не дазвалялі. І гэта было першае, што я зрабіла, як толькі з'ехала ў Піцер ад бацькоў. І ведаеце, больш не хачу.

А я скокнула без падрыхтоўкі, без інструктара. Авіяцыйны народ яшчэ такі вясёлы. Я наіўная дзяўчынка шаснаццаці гадоў, а яны жартачкі адпускалі: «Ой, кроў з мінулага разу не адмылася», «Ой, пачакайце: зараз парашуты зашыем і паедзем» (смяецца). Ну і, вядома ж, усё вельмі нервова было. І яшчэ хлопчык мяне адзін напалохаў у самалёце. Сядзеў насупраць мяне, а ў руках нейкі кавалак зямлі з траўкай. Я пытаюся: «А што гэта?». Ён кажа: «А трэба з сабой абавязкова кавалачак зямлі браць». Я сяджу і думаю: а ў мяне ж няма! Мяне падмануць, вядома, было раз плюнуць.

Калі выскачыла — я не разумела, што рабіць, як кіраваць парашутам. Сцяміла, як ён працуе, і палову свайго палёту спрабавала яго пілатаваць: падцягвалася на канаце, спрабуючы яго павярнуць ад вёскі, на якую я ляцела.

Мяне тады проста цягнула ў неба, але я не ведала, што такое скачок. Потым я зразумела, што да ўсяго трэба рыхтавацца, усяму трэба вучыцца.

Пра каханне. «Мы не бачыліся тыдзень — і мяне ўжо не хвалюе, дзе ён раскідаў свае шкарпэткі»

— Муж у мяне таксама пілот, працуе ў авіякампаніі «Расія». Мы пазнаёміліся, калі я была ў Екацярынбургу на вучобе. Мяне адправілі працаваць на Ан-26, шмат хто ведаў, што я штурман, што магу па навігацыі дапамагчы, калі каму-небудзь што-небудзь незразумела. Сяргей патэлефанаваў мне, каб я дапамагла з матэрыяламі да заліку.

Сёння ён працуе ў Піцеры, а я ў Мінску. Дом наш у Санкт-Пецярбургу, бацькі мае таксама туды пераехалі жыць. Але Мінск на Піцер падобны па настроі, тут усё размерана.

Усё добра, з мужам мы заўсёды на сувязі. Сёння папросту можна убачыцца па інтэрнэце. Ён прыязджае да мяне ў госці вельмі часта, я езджу, калі ў мяне ёсць час. На самай справе так нават цікавей. Мы не бачыліся тыдзень — мяне ўжо не хвалюе, дзе ён там раскідаў свае шкарпэткі, дзе ён гуляў ўчора з сябрамі. Мне проста важна яго ўбачыць. І яму таксама. І гэта выдатна.

Муж лётае шмат: і па Еўропе, і па Расіі — у Омск, Цюмень, Самару. Ён, дарэчы, вельмі здзіўлены геаграфіяй нашай: «Куды-куды ты ляціш? У Жэневу? Ух ты, я там ніколі не быў. У Ашхабад? Мы пра такое толькі чулі». Па-добраму зайздросціць мне, жартуе, але ён, вядома, вельмі за мяне рады.

Я, у прынцыпе, не прывязаная да нейкага месца, горада. Я там, дзе мне ёсць чым заняцца. І калі я ў «Трансаэра» працавала, прыйшлося з'ехаць у Маскву. Усё кінула — паехала сюды, таму што няма межаў. Неба адно і над Магаданам, і над Мінскам. А тут цяпер ёсць тое, да чаго я ішла столькі гадоў.

«Гэта ўжо не так экзатычна — жанчына за штурвалам»

Дзявочае прозвішча маё — Кніжнічэнка. Цяпер — Яроменка. У студэнцтве я марыла: вось выйду замуж, і ў мяне нарэшце будзе «нармальнае» прозвішча, па якім будзе адразу відаць, што я дзяўчына. А аказалася, што ўсё застаецца па-ранейшаму (усміхаецца).

Бываюць смешныя сітуацыі. Праходжу медыцынскі агляд перад рэйсам — і мяне адзначаюць як бортправадніцу. Кажу: «Дык я не бортправадніца». Мне ў адказ: «Як гэта не? Толькі ў бортправадніцы ў спісе членаў экіпажа жаночае прозвішча».

Поўную форму для дзяўчыны пілота «Белавія» пакуль яшчэ шыюць. «Для мяне перашывалі дзве кашулі мужчынскія. Цяпер мне замовілі жаночую форму — я ездзіла ў Маскву на прымерку. А так пакуль і фуражка мужчынская. Я б і мужчынскую насіла, мне падабаецца, але яна мне вялікая, хоць гэта і самы маленькі памер. Штаны я купіла тыя, што для дзяўчат-сцюардэс».

Поўную форму для дзяўчыны пілота «Белавія» пакуль яшчэ шыюць. «Для мяне перашывалі дзве кашулі мужчынскія. Цяпер мне замовілі жаночую форму — я ездзіла ў Маскву на прымерку. А так пакуль і фуражка мужчынская. Я б і мужчынскую насіла, мне падабаецца, але яна мне вялікая, хоць гэта і самы маленькі памер. Штаны я купіла тыя, што для дзяўчат-сцюардэс».

Калі б мне прапанавалі выбраць іншую працу, не пілотам, то адзінае, што б я абрала, — гэта працу мамай. Я б хацела сваіх дваіх дзяцей — дзяўчынку і хлопчыка. Мы шмат размаўлялі з мужам пра гэта. Але, калі шчыра, я была б рада ўзяць, акрамя двух сваіх дзяцей, яшчэ і дзіця з дзіцячага дома. І не зусім маленькае, а гадоў васьмі-дзесяці. Каб гэтае дзіця ўжо магло параўноўваць і магло паверыць у цуд. Я лічу, што любога чалавека можна выхаваць і дапамагчы яму ўстаць на ногі — і ён ацэніць. Яшчэ я лічу, што ўсім патрэбны цуд.

Ці сустракаюся сама з цудамі? Так. Напрыклад, калі я нарадзілася, мой дзядуля захварэў вельмі сур'ёзна на анкалогію. І мы лічым вялікім цудам тое, што ён да гэтага часу жыве. Хоць ён сам 1928 года нараджэння.

Сваіх дзяцей не буду адгаворваць, калі прафесія ім сапраўды падабаецца. Хоча быць пілотам — хай будзе, хоча быць журналістам — хай будзе, калі яму гэта падабаецца і ўсё атрымліваецца. У мяне мама некаторы час казала: «Ты ўпэўненая?», «А табе гэта трэба?», «А дзяўчаткі так не робяць». Але потым, вядома, мяне сям'ёй вельмі падтрымлівалі. Дзіця павінна ісці сваёй дарогай.

Вядома, дзяўчаты так робяць. Я ведаю парадку двух-трох дзясяткаў дзяўчат, якія хочуць лётаць або лётаюць. Так, нас пакуль мізэрныя працэнты. Але ўсё роўна справа ідзе да таго, што гэта ўжо не так экзатычна — жанчына за штурвалам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?