14.04.2008 / 18:30

Аж чвэрць жыхароў Пухавіцкага раёну падпісаліся супраць будаўніцтва заводу

Прэзыдыум Саўміну разгледзіць пытаньне пра мэтазгоднасьць будаўніцтва заводу «Август‑Бел» ў аўторак.


Сёння ініцыятыўная група грамадзянаў, што пражываюць у пасёлках Дружны, Рудня і Свіслач Пухавіцкага раёна перадалі ў Савет міністраў, Мінаблвыканкам, райвыканкам подпісы, сабраныя супраць будаўніцтва расійскага прадпрыемства па вытворчасці сродкаў абароны раслінаў «Август‑Бел».

Усяго за чатыры дні былі сабраныя 5 262 подпісы. Гэта больш за чвэрць ад агульнай кольскасці жыхароў рэгіёна.

‑ Мы не збіраемся спыняцца і зараз рыхтуемся да правядзення мясцовага рэферэндума, — распавёў Рацыі адзін з мясцовых актывістаў Сяргей Абразоўскі. — Калі ўлады не пажадаюць прыслухацца да меркавання людзей, мы абавязкова правядзем гэтае мерапрыемства. Таму, калі яны не хочуць пабачыць усіх гэтых людзей на плошчы, то мусяць прапанаваць пад будаўніцтва «Август‑Бел» іншую пляцоўку.

Дарэчы, Пухавіцкі раённы суд ужо аштрафаваў «Август‑Бел» на…300 тысячаў рублёў за незаконны захоп зямлі. Справа ў тым, што канчатковае рашэнне пра выдзяленне ўчастка ўрадам яшчэ не прынята. Але тэрыторыя будучага заводу ядахімікатаў ужо абнесеная плотам. На яе нават завезеныя металічныя канструкцыі, з якіх будзе сабраны першы цэх па вытворчасці гербіцыдаў.

У той жа час самога С.Абразоўскага 10 красавіка аштрафавалі на паўтара мільёна рублёў за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі пратэсту. 22 сакавіка некалькі тысячаў чалавек правялі ў пасёлку Дружны мітынг, пасля якога найбольш рашуча настроеныя месцічы адправіліся за сем кіламетраў да будаўнічай пляцоўкі «Август‑Бел», дзе ўсталявалі драўляны крыж. Ён сімвалізуе небяспеку, якая сыходзіць для навакольнага асяроддзя ад расійскага прадпрыемства.

Каб падтрымаць Абразоўскага, людзі пачалі збор грошай на выплату штрафа.

‑ Гэта вельмі важна для мяне. Людзі не пакінулі ў бядзе чалавека, які заступіўся за іх правы. Яны добра разумеюць, што суд проста прызначыў вінаватага замест таго, каб разабрацца ў сітуацыі і высветліць, што насамрэч стала падставай дзеля правядзення акцыі пратэсту.

Заўтра прэзідыум Савету Міністраў павінен разгледзіць пытанне пра мэтазгоднасць будаўніцтва ў Пухавіцкім раёне завода «Август‑Бел».

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру