16.02.2016 / 17:01

Незалежны фільм «ГараШ» акупіўся за тыдзень пракату + Алег Грушэцкі: Пра што «ГараШ»? 16

Зборы склалі 162 мільёны рублёў.

Трагікамедыя пра Шабаны сабрала ў тры разы больш за свой бюджэт у першы ж уік-энд рэспубліканскага пракату.

Зборы склалі 162 мільёны рублёў (з улікам прэв’ю на фестывалі «Лістапад»). На фільм, які здымаўся ў чэрвені 2015 года, выдаткавалі 51 мільён рублёў.

«Відавочна, мы сабралі менш, чым галівудскія блокбастары, — каментуе Андрэй Курэйчык. — Але ў нас было па краіне ўсяго каля 40 сеансаў, прычым у малых залах у асноўным.

Дайце нам такую ж колькасць залаў і расклад па 3-4 сеансы ў дзень, як сярэдняй расійскай камедыі, пусціце карціну ў рэгіёны, і мы патроім суму збораў»,

— упэўнены ён.

«ГараШ» стартаваў у пракаце 11 лютага.

У Мінску стужка дэманструецца ў кінатэатрах «Масква», «Перамога», «Арт-кінатэатр» і «Сільверскрын». А вось з пракатам па рэгіёнах ёсць праблемы, кажуць стваральнікі.

«Магілёўскі кінапракат адмовіўся пракатваць «ГараШ» у вобласці наогул, — распавядае пракатчык і супрадзюсар фільма Дзмітрый Фрыга. — Фільм не ўбачаць у Гомелі — другім па памерах горадзе Беларусі.

Заблакаваны паказ у Барысаве, Маладзечне, Салігорску. Многія гарады, якія заключылі дамовы на сеанс, раптам пачалі сабатаваць пракат нашага фільма, фактычна зрываючы сеансы, адмяняючы творчыя сустрэчы, не выконваючы падпісаныя дамовы. Гэта прафесійна? Пры гэтым нам пішуць сотні абураных гледачоў, жадаючых паглядзець фільм у гэтых гарадах.

Чаму ўсякую расійскую і амерыканскую мішуру там паказваюць, а беларускаму кіно адмаўляюць? Гэта нармальная пазіцыя ў год беларускай культуры?»

Сяргей Мікулевіч

Пра што «ГараШ»

Гэта фільм пра маладога беларуса, які пражыў пяць год у ЗША, але быў вымушаны вярнуцца на Радзіму.

Філасофская сатыра на тэму сутыкнення цывілізацый, канфлікту паміж заходнім цывілізаваным мысленнем і кансерватыўным постсавецкім.

Дзея разгортваецца на ўскраіне Мінска, у мікрараёне Шабаны (таму і «Ш» на канцы слова-назвы фільма). Шабаны для многіх сталі знакам «савецкага» ладу жыцця, ментальнасці і эстэтыкі.

Галоўны герой (акцёр Тэатра беларускай драматургіі Арцём Курань) — Віталь Барзоў, з’ехаў у ЗША па праграме Work & Travel і працаваў аўтамеханікам у прэстыжным аўтасэрвісе ў горадзе Сэнт-Луіс. Пасля пяці год жыцця ў ЗША хлопец вырашыў там застацца і, каб яго не выслалі на радзіму, парваў беларускі пашпарт. Але гэта не выратавала яго ад дэпартацыі. Хлопец апынуўся без дакументаў на радзіме. І адзінае месца, дзе яму ўдаецца знайсці працу — гаражнае СТА на ўскраіне Мінска, у мікрараёне Шабаны. Ён працуе пад кіраўніцтвам мясцовых механікаў.

Ролю Барыса Рыгоравіча, брутальнага ўласніка гаража, выканаў рок-музыка Аляксандр Кулінковіч.

У фільме гучыць і песня ў яго выкананні.

Маладая актрыса Лізавета Шукава сыграла дачку чыноўніка.

Ён па іроніі лёсу правярае той гараж, і работнікі СТА вымушаны адкупляцца ад праверак. А тут яго дачка прыязджае рамантаваць машыну, і майстры «разводзяць» яе на грошы. Грошы бацькавы, ясная справа, а сума ўдвая большая за той хабар, які бацька атрымаў у гаражы… Такім чынам працаўнікі гаража аддаюць службоўцу яго ж грошы, іх хапае яшчэ і на першы заробак Віталю.

Паміж героямі стужкі ўвесь час адбываюцца смешныя і не вельмі сутычкі, з-за рознага светаўспрымання.

Няўдалы эмігрант наноў адкрывае для сябе радзіму і спрабуе зразумець тонкасці мыслення мясцовых жыхароў і нюансы працы тут.

13 лютага ў кінатэатры «Масква» адбылася і сустрэча гледачоў са стваральнікамі карціны і акцёрамі.

Тое, што людзей у зале будзе багата, я здагадаўся, калі касірка, якая мне прадавала квіток, жартам спытала: «Сёння што, ўсе з гаражоў з’ехаліся?». Паказ адбыўся пры аншлагу. Тое ж адбылося днём раней і ў Гродне.

Выступ творчай групы зала вітала апладысментамі. Гераіню фільма Лізавету Шукаву Андрэй Курэйчык прадставіў, як будучую зорку беларускага кіно.

Публіка прыняла фільм цёпла і эмацыйна. Яна раз за разам выбухала смехам і апладысментамі.

Асабліва гучныя і працяглыя апладысменты гучалі пасля «эратычнай» сцэны Эвеліны Сакура, якая сыграла сталую стрыптызёрку па выкліку, якая ўдзень працуе ў аддзеле сацзабеспячэння, афармляючы пенсіі, а ўвечары падрабляе па выкліку, каб забяспечваць дзяцей.

Таксама горача ўспрынялі гледачы філасофскі «тутэйшы падыход» — жарты пра чыноўнікаў-карупцыянераў і «закон пра дармаедаў». Жарты раскрываюць праблемы, зразумелыя сучаснаму беларусу, з тымі часам абсурднымі сітуацыямі, з якімі грамадзяніну даводзіцца сутыкацца ў штодзённым жыцці.

Фільм адлюстроўвае вобраз мыслення беларусаў, якія з аднаго боку жадаюць мець заходні ўзровень дабрабыту, але ніяк не адвыкнуць думаць савецкімі штампамі.

Мы імкнёмся да еўрапейскіх каштоўнасцяў, адносім сябе да Еўропы, але жывём дзесьці на яе ўскраіне. Як Шабаны, размешчаныя на ўскраіне сталіцы — не цэнтр, але ўсё ж частка горада.

Побач са мной сядзелі маладыя людзі з Шабаноў.

Калі б не чуў іх размовы — падумаў бы, што гэта студэнты, напрыклад, Інстытута культуры. Акуратна, нават трохі ўрачыста апранутыя, культурная размова, сціплыя і выхаваныя. Толькі час ад часу, калі паказвалі шабаноўскія пейзажы, ажыўляліся, згадваючы, дзе тое ці іншае месца з карціны знаходзіцца.

Публіка ў зале была збольшага — сучасная моладзь, шчырая, адкрытая і ўдзячная. Наша будучыня.

У фільме не было дарагіх спецэфектаў, выбухаў і экшэну. Проста філасофска-сатырычны погляд на сучаснае жыццё. Але пасля прагляду зала доўга апладзіравала стоячы.

Курэйчыку і кампаніі ўдалося не проста зняць незалежнае некамерцыйнае кіно пра Беларусь без дзяржаўнай падтрымкі. Стваральнікі фільма паказалі яго на «Лістападзе», у Еўропе, і вывялі ў шырокі пракат. Пры гэтым збіраючы поўныя залы і прымусіўшы гаварыць пра сваё кіно. Што ўжо само па сабе заслугоўвае вялікай павагі.

Стваральнікі фільма наўмысна пакінулі канцоўку без развязкі.

Здымачная група абяцала зняць працяг стужкі. А ўлічваючы зацікаўленасць гледачоў, гэта цалкам верагодна. Толькі па выніках старту фільм стаў другім па праглядах пасля амерыканскай стужкі «Дэдпул», якая ішла паралельна з «ГараШом». Таму верыцца, што мы яшчэ пабачым працяг гісторыі пра бесшабашных шабаноўскіх аўтарамонтнікаў.

Алег Грушэцкі

 

* * *

Зняты за пару тысяч даляраў і чатыры дні

Ідэя фільма нарадзілася ў кампазітара Дзмітрыя Фрыгі. Ён падзяліўся з аператарам-пастаноўшчыкам Аляксандрам Крупінай і сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам, пасля чаго Андрэй напісаў сцэнар. Стваральнікі знялі фільм цалкам за ўласныя грошы, выдаткаваўшы 51 мільён рублёў. Здымкі праходзілі чатыры дні ўлетку 2015 у Шабанах і астатнім Мінску. Праца ішла ў аўральным рэжыме, працавалі па 15 гадзін у суткі. 

0
belariy / Адказаць
16.02.2016 / 19:17
дзе там тыя "мы - браты", ці як яго там, той "шыдзеўр" за НАШЫЯ 2 ляма баксаў, на які гледачоў сілай зганяюць ?? вучыцеся, дылетанты. усё геніяльнае - проста.
0
Дзед Талаш / Адказаць
16.02.2016 / 20:22
belariy, былі нашыя, сталі іхнія.
0
Аляксей / Адказаць
16.02.2016 / 21:24
Як паглядзець у Полацку?
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру