Расія з поўдня аўторка цалкам прыпыніла транзіт па сваёй тэрыторыі грузавых транспартных сродкаў, зарэгістраваных ва Украіне, паведаміла расійскае міністэрства транспарту.
«У сувязі з працягам блакавання руху расійскіх грузавых транспартных сродкаў па тэрыторыі Украіны з 12:00 мск 16 лютага 2016 года на тэрыторыі РФ цалкам прыпыняецца рух украінскіх грузавых транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць транзітныя перавозкі грузаў», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Дастаўка грузаў на тэрыторыю Казахстана будзе ажыццяўляцца перавозчыкамі іншых дзяржаў. У міністэрстве ўдакладнілі, што гэтыя меры будуць дзейнічаць «да ўрэгулявання сітуацыі, звязанай з блакаваннем украінскім бокам расійскіх грузавых транспартных сродкаў».
Ранкам 16 лютага Растранснагляд прыпыніў на тэрыторыі Расіі рух 324 украінскіх фур.
Украінскія актывісты пачалі блакаваць расійскія грузавікі, якія накіроўваюцца ў бок Беларусі, 12 лютага. У адказ Растранснагляд увёў узмоцнены кантроль над перамяшчэннем ўкраінскіх аўтамабіляў па Расіі.
У панядзелак урад Украіны паведаміў пра часовае спыненне транзітных перавозак грузавымі аўтамабілямі з расійскімі нумарамі па тэрыторыі краіны.
Расійскі бок патрабуе ад украінскіх уладаў вырашыць гэты канфлікт.