У Мінску нагрузка на насельніцтва працаздольнага ўзросту пажылымі людзьмі дасягнула максімальнага значэння за ўсю пасляваенную гісторыю. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч сёння на пасяджэнні калегіі, дзе падводзіліся вынікі працы органаў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму камітэта, за 2015 год.

Характарызуючы ўзроставую структуру насельніцтва сталіцы, старшыня камітэта адзначыла, што ў горадзе павялічваецца доля пажылых людзей і зніжаецца ўдзельная вага дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Такія фактары ўплываюць на фарміраванне працоўных рэсурсаў горада — дэмаграфічную нагрузку на працаздольнае насельніцтва (колькасць людзей непрацаздольнага ўзросту на 1 тыс. працаздольнага).

«На пачатак 2015 года колькасць 15-гадовых падлеткаў, якія праз год дасягнуць працаздольнага ўзросту, склала 15,3 тыс. чалавек. У той жа час колькасць людзей, якiя выбываюць з гэтага ўзросту (59-гадовых мужчын і 54-гадовых жанчын), — 27 тыс. чалавек. У далейшым дыспрапорцыя паміж гэтымі ўзроставымі групамі яшчэ больш павялічыцца», — сказала Жанна Рамановіч.

Кожны пяты жыхар Мінска старэйшы за працаздольны ўзрост, у той час як у 1999 годзе ім быў кожны шосты. У цэлым па горадзе лік пенсіянераў (ступень пенсійнай цяжкасці) на 1 тыс. грамадзян у працаздольным узросце вырас з 307 у 2011 годзе да 351 у 2015. А колькасць дзяцей, якія прыходзяцца на 1 тыс. грамадзян працаздольнага ўзросту, паменшылася з 311 у 1999 годзе да 252 у 2015.

«Азначаная тэндэнцыя непазбежна паўплывае на працоўны патэнцыял і прывядзе да павелічэння дэфіцыту працоўных рэсурсаў, павялічыць нагрузку на працаздольнае насельніцтва, выкліча рост выдаткаў ВУП на пенсійнае забеспячэнне», — канстатавала кіраўнік профільнага камітэта мэрыі.

У гэтай сувязі першараднай задачай яна назвала павелічэнне працягласці здаровага жыцця ў інтарэсах устойлівага развіцця краіны і горада — каб людзі маглі даўжэй працаваць і самастойна падтрымліваць дабрабыт свой і членаў сваёй сям'і. У гэтым кантэксце актуальнымі названыя павышэнне эфектыўнасці функцыянавання прафілактычнага, дыягнастычнага і рэабілітацыйнага кампанентаў аховы здароўя, а таксама ўзмацненне адказнасці працаздольнага насельніцтва за сваё здароўе, здароўе дзяцей і састарэлых бацькоў.

Колькасць насельніцтва Мінска за пяць гадоў павялічылася на 74,8 тыс. чалавек і ў 2016 годзе склала 1 959,9 тыс. чалавек, або 20,6% ад агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?