Ураджэнец Мастоўскага раёна з пазыўным Мантана пасля вяртання ў Беларусь хваліўся аднавясцоўцам, што ўласнаручна забіў 20 украінцаў! Раней за свае 22 гады беларус меў аж 5 судзімасцяў за крадзяжы. На радзіме Мантана вербаваў аднакласніка, якому абяцаў штомесячны заробак у памеры 300 даляраў, а таксама магчымасць займацца марадзёрствам і забіраць рэчы загінулых.

Рэцыдывіст з Мастоўскага раёна, які ваюе ў падраздзяленні ДНР «Прывід», што праславілася жорсткасцю.

Рэцыдывіст з Мастоўскага раёна, які ваюе ў падраздзяленні ДНР «Прывід», што праславілася жорсткасцю.

У ходзе апытання міліцыяй ён прызнаў, што ваяваў на баку ЛНР. Пасля апытання ён схаваўся, прызнае міліцыя.

У «Советской Белоруссіі» быў надрукаваны вялікі артыкул «Гастарбайтары вайны», у якім на грунце інфармацыі, сабранай міліцыяй, ідзе гаворка пра грамадзян Беларусі, якія паехалі ваяваць на ўсход Украіны.

Аўтарам публікацыі выступіў галоўны рэдактар часопіса «Спецназ» Андрэй Дземянцьеўскі, які раней пісаў у негатыўным святле пра футбольных фанатаў.

Частка, якая прысвечаная беларусам, што ваююць на баку Украіны, малацікавая. Новага ў ёй мала. Яна грунтуецца на публікацыях у незалежных СМІ, у тым ліку «Нашай Ніве».

Напрыклад, пра беларускіх інструктараў у батальёне «Азоў», а таксама пра даўбанутага Данілу Лешука (пазыўны Маджахед, батальён «Тарнада»), якога ўкраінскія ўлады арыштавалі і будуць судзіць за здзекі з цывільнага насельніцтва.

Затое Дземянцьеўскі публікуе шмат новай інфармацыі пра беларусаў, якія ваююць у шэрагах баевікоў «ЛНР» і «ДНР». Відаць, што тут беларуская міліцыя накапала пра іх нямала фактуры.

Расказана гісторыя чалавека з пазыўным Пушкін з Магілёўшчыны. Паводле публікацыі, Пушкін быў затрыманы беларускімі сілавікамі, дапытаны адносна ўдзелу ў вайне. Пушкін нават прызнаўся, што атрымліваў якія-ніякія грошы. Аднак, мяркуючы па старонцы баевіка ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», Пушкін цяпер ізноў на волі і пазіруе на фотаздымках са зброяй.

Яшчэ адзін баявік — 38-гадовы ўраджэнец Ваўкавыска з пазыўным Гарыныч. Ён мае пяць судзімасцяў, у тым ліку за забойства. «СБ» паведамляе, што гэты чалавек, хутчэй за ўсё, наркаман. У баявых дзеяннях ён браў удзел у складзе разведкі «ЛНР». «СБ» абвяргае дачыненне Гарыныча да беларускай міліцыі, пра якое пісалі некаторыя СМІ, даверыўшыся ненадзейнай крыніцы ў ЮТубе.

Пяць разоў судзімы «Гарыныч» з Ваўкавыска ваюе ў складзе ЛНР.

Пяць разоў судзімы «Гарыныч» з Ваўкавыска ваюе ў складзе ЛНР.

Разам з Гарынычам ваюе яшчэ адзін беларус з крымінальнай справай за плячыма.

Цікава, што байцоў так званай «Наваросіі» нават абвінавачваюць у неанацызме. Гэта тычыцца нацбола з Салігорска Ігара Шчукі, які ў свой час быў у шэрагах РНЕ.

«Мяркуючы па матэрыялах, сабраных МУС на ўдзельнікаў данбаскіх баёў, беларусаў, якія ваююць на баку «ДНР» і «ЛНР», у некалькі разоў больш, чым іх землякоў з украінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў. Да таго ж беларускія прыхільнікі сепаратыстаў і ўзростам старэйшыя, і вайсковая падрыхтоўка, баявы вопыт на парадак вышэйшы», — піша «Советская Белоруссія».

Аднак пасля такіх прызнанняў ідзе зусім нелагічная выснова: «Асаблівую пагрозу нацыянальнай бяспецы прадстаўляюць беларускія грамадзяне, якія ваююць у складзе падраздзяленняў АТА. У большасці сваёй гэта прадстаўнікі… маладзёжнага асяроддзя… Яны прапаведуюць ідэалогію агрэсіўных каляфутбольных рухаў і гвалтоўную форму звяржэння дзяржаўнай улады, адкрыта супрацьпастаўляюць сябе праваахоўнай сістэме»,— адзначаюць у МУС.

Сярод беларусаў на баку «ДНР» і «ЛНР» ёсць і забойцы, і наркаманы, і катэгарычныя ненавіснікі беларускай дзяржаўнасці, але страх у МУС выклікаюць усё адно палітычныя праціўнікі. Памылка аналізу ці жаданне не раздражніць Расію, якая ўзбройвае і фінансуе баевікоў?

«Советская Белоруссія» сцвярджае, што на гэтым фота — маладыя беларускія нацыяналісты з Мінска, што ваююць за Украіну ў складзе батальёна «Азоў».

«Советская Белоруссія» сцвярджае, што на гэтым фота — маладыя беларускія нацыяналісты з Мінска, што ваююць за Украіну ў складзе батальёна «Азоў».

«Цяпер наша мэта абясшкодзіць, заклікаць да адказу баевікоў, якія вяртаюцца з Украіны. Яны не павінны ўжыць свае навыкі ў інтарэсах экстрэмістаў і крыміналітэту, — падсумоўвае суразмоўца «Советской Белоруссіі» з Міністэрства ўнутраных спраў. — Праблему нельга недаацэньваць. Бо гаворка ідзе пра бяспеку і прэстыжы нашай краіны, якая заваявала трывалую рэпутацыю нейтральнай, міралюбнай дзяржавы, стабільнай пляцоўкі для перамоў па ўрэгуляванні лакальнага канфлікту. Усю гэтую грымучую сумесь з разнамасных дэструктыўных элементаў трэба паспець пагасіць», — кажа супрацоўнік МУС.

«СБ» паведамляе, што ўжо 8 беларусаў загінула ва Украіне.

Публічна вядома пра 4 выпадкі. За Украіну загінуў берасцеец Алесь Чаркашын, яшчэ трое беларусаў загінулі, ваюючы на баку баевікоў. Хто астатнія 4 чалавекі, не паведамляецца. Можна меркаваць, што гэта таксама баевікі ДНР і ЛНР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?