Расійская Дзярждума прыняла ў першым чытанні ўрадавы праект закона, які прыраўноўвае да масавых пратэстных акцыяй аўтапрабегі і намётавыя мястэчкі.

У ходзе разгляду законапраекта прадстаўнікі ўсіх фракцый, акрамя «Адзінай Расіі», выказаліся супраць прапанаваных паправак, адзначае ТАСС.

Гаворка ідзе пра змены ў закон «Аб сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсцях і пікетаваннях», згодна з якімі аўтапрабег будзе прыроўнены да дэманстрацый, а намётавыя мястэчкі — да пікетавання.

Гэта азначае, што калі законапраект будзе ўхвалены, арганізацыю аўтапрабегаў і намётавых гарадкоў давядзецца ўзгадняць з чыноўнікамі, інакш удзельнікам будзе пагражаць штраф да 300 тысяч расійскіх рублёў.

Тлумачачы неабходнасць прыняцця законапраекта, яго аўтары прыводзяць статыстыку МУС. У 2014 годзе ў Башкартастане, Белгарадскай, Маскоўскай, Растоўскай, Чэлябінскай абласцях, а таксама ў шэрагу іншых рэгіёнаў прайшлі пратэстныя акцыі, падчас якіх у грамадскіх месцах былі пастаўленыя намёты.

Усяго, кажа статыстыка, у 27 суб'ектах Расіі адбыліся 126 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел 4 тысячы чалавек з выкарыстаннем 1,5 тысяч транспартных сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0