У Беларусі зацверджаны пералік высокарэнтабельных арганізацый, якія будуць пералічваць у рэспубліканскі бюджэт у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця частку прыбытку (даходу) па выніках працы за 2015 год. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 15 лютага 2016 г. № 121, паведамляе прэс-служба ўрада.
У пералік увайшлі 29 прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «Беларуськалій», ААТ «МАПІД», «Мінскпраект», «Белтэлекам», ААТ «Экзон», «Мінскінтэркапс», «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант», «Белзнешпрамсэрвіс» і іншыя.
Найбольшую суму ў бюджэт павінен будзе пералічыць «Беларуськалій» — 158,7 млрд рублёў. На другім месцы — «Белтэлекам», выплаты якога павінны скласці 115,7 млрд рублёў.
У адпаведнасці з пастановай высокарэнтабельныя арганізацыі будуць пералічваць частку прыбытку па выніках працы за 2015 год штомесяц, пачынаючы з лютага 2016 года, роўнымі долямі да 1 ліпеня 2016 года.
Міністэрствам і ведамствам, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана ажыццяўляць кантроль за своечасовасцю і паўнатой выплаты ў рэспубліканскі бюджэт часткі прыбытку высокарэнтабельнымі арганізацыямі, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні (якія ўваходзяць у іх склад) альбо акцыі (долі ў статутных фондах) якіх знаходзяцца ў іх упраўленні.
Міністэрства фінансаў да 31 студзеня 2017 года павінна прадставіць у Савет міністраў звесткі аб выкананні дадзенай пастановы.
Пастанова набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.