Крыж Еўфрасінні

Еўфрасіння Полацкая ініцыявала заснаванне двух полацкіх манастыроў, жаночага Спаскага і мужчынскага Багародзіцкага, вакол якіх развіліся асяродкі асветы і дабрачыннасці — бібліятэка, скрыпторый, шпіталь­багадзельня. Актыўнасць Еўфрасінні паўплывала на развіццё ў Полацку мастацтваў і рамёстваў — выступаючы як замоўца каштоўных вырабаў, полацкая ігумення шмат у чым вызначала і іх стылёвыя характарыстыкі. Паказальны ў гэтым сэнсе крыж, які атрымаў сваю назву ад імя фундатаркі і стаў адным з нацыянальных сімвалаў Беларусі.

Еўфрасіння, як ініцыятарка будаўніцтва новых храмаў у Полацку, дбала пра іх рэлігійны статус. Яго можна было падвысіць, займеўшы хрысціянскія рэліквіі. Еўфрасіння здолела атрымаць для Полацка фрагмент Крыжа Хрыстовага, камень з Пахавальні Багародзіцы, фрагмент Труны Панскай, кроў св. Дымітрыя, дасланыя візантыйскімі імператарам і патырярхам. Для захавання гэтых святыняў Еўфрасіння і замовіла ў якасці рэлікварыя крыж, які мы ведаем як Крыж Еўфрасінні.

Гэта быў напрастольны крыж, які змяшчаўся ў храме на прастоле (алтарным камені). Шасціканцовы, характэрнай формы, вышынёй 51,8 см, ён меў аснову з кіпарысу. Да паверхняў крыжа былі прымацаваныя залатыя пласціны з эмалевымі выявамі святых, да бакавых — сярэбраныя пласціны з надпісам. Калі прыгледзецца да захаваных з ХІХ ст. выяў крыжа, на яго знешняй пласціне мы можам прачытаць пазначэнні тых часцінак хрысціянскіх рэліквій, што знаходзіліся ўнутры. Апроч таго, без перабольшвання мы маем унікальны выпадак, калі год вырабу і імя майстры той эпохі дакладна вядомыя.

Паводле тэксту на бакавых пласцінах крыжа, у 1161 годзе Еўфрасіння заказала майстру Лазару, нарачонаму Богшам, выраб крыжа для Спаскай царквы. Лазар — гэта імя, атрыманае ў хрышчэнні, а Богша, відавочна, скарочанае ад паганскага імя Багуслаў, пашыранага ў той час сярод заходніх славян. Шэраг ананімных твораў ХІІ ст., паводле тэхнікі вырабу, таксама адносяць да аўтарства Лазара Богшы. Напрыклад, медальён з Кіеўскага скарбу 1824 г.

Адметнасць мастацкага аздаблення Крыжа Еўфрасінні — выкарыстанне тэхналогіі перагародчатай эмалі. Гэта працаёмкая і складаная тэхніка. Спачатку на тонкай металічнай пласціне­аснове прадрапвалі ці праразалі наскрозь контур­эскіз будучай выявы. Далей па гэтым контуры напайваюць металічныя палоскі­перамычкі, якія ўтвараюць ячэйкі розных памераў і формаў. Потым кожную ячэйку запаўнялі парашком эмалі розных колераў і абпальвалі выраб. Эмаль плавілася і ўтварала тонкае шклопадобнае пакрыццё. Пасля выраб шліфавалі і паліравалі, каб эмаль і верх перамычкі знаходзіліся на адной плоскасці. Гэта складаная тэхналогія прыйшла ва Усходнюю Еўропу з Візантыі.

Крыж Еўфрасінні, апроч сакральнага зместу і мастацкай каштоўнасці, мае для нас значэнне і як помнік мовы. На гэтым прадмеце мелася багата надпісаў па­стараславянску. Але Крыж Еўфрасінні можна лічыць і першым прыкладам фіксацыі асаблівасцяў беларускай мовы. Такія словы, напрыклад, як «манастыр», «піскуп» (біскуп) могуць быць добрым прыкладам, як жывая моўная стыхія пранікала і ў такую кансерватыўную з’яву, як стараславянская мова.

Сімвалічна, што столькі сакральных, культурных і тэхналагічных сюжэтаў сканцэнтравалася вакол дзейнасці прадстаўніцы полацкага княскага дому ХІІ ст., якая абрала рэлігійнае служэнне, але ўвесь час заставалася ў цэнтры грамадскага жыцця свайго краю.

Падарожжа Еўфрасінні

Адной з найважнейшых падзеяў жыцця Еўфрасінні стала яе паломніцтва ў Святую зямлю. Гэты было першае паломінцтва з беларускіх земляў, зафіксаванае ў пісьмовых крыніцах. Тым больш нечакана, што ў пілігрымку выправілася Еўфрасіння, якая за ўсё свядомае жыццё далей ваколіц Полацка не выязджала. Пра гэта было сказана і ў «Жыціі» святой: «Не бывала яна раней ні ў якой краіне, ні ў горадзе, ні ў сяле».

Еўфрасіння абрала не зусім традыцыйны маршрут — яна скіравалася ў Канстанцінопаль і Іерусалім не звычным для Усходняй Еўропы «шляхам з вараг у грэкі», які ішоў па рэках, а сухаземным. Пра гэта сведчыць сустрэча полацкай ігуменні з імператарам Мануілам І Комніны падчас яго выправы «на Угры». Візантыйскі цэсар, як сказана ў «Жыціі Еўфрасінні Полацкай», сустрэў «і з вялікай пашанай паслаў яе ў Царград». Мэты гэтай місіі мы дакладна не ведаем, але, відавочна, полацкая ігумення магла выконваць і нейкія дыпламатычныя задачы. Зрэшты, яна сустракалася з імператарам, падчас валадарання якога ў 1143—1180 Візантыя здолела аднавіць сваю вайсковую і фінансавую магутнасць. Мануіл меў таксама ўласную «рускую палітыку» — неаднаразова ён падтрымліваў розных прэтэндэнтаў на кіеўскі стол, а галіцкага князя Уладзіміра Валадаравіча лічыў сваім васалам. У 1164—1165 пры двары новага галіцкага князя Яраслава Асмамысла хаваўся збеглы кузен імператара Андранік Комнін. Але ўдалося дасягнуць паразумення — Андраніку было дазволена вярнуцца ў Канстанцінопаль, а князь Яраслаў зноў прыняў імператарскую апеку. Гэта камбінацыя была выгаднай Мануілу, бо праз галіцкія землі, праз Карпаты, імператарскае войска выправілася на Венгрыю, над якой цэсар, сам сын венгерскай прынцэсы, імкнуўся ўсталяваць пратэктарат.

Якраз у апагеі гэтых падзей, у пачатку красавіка 1167, і адбылася сустрэча Еўфрасінні з імператарам. Мы не ведаем зместу іх размовы. Але трэба адзначыць, што прадстаўнікі полацкага княскага дому не былі экзотыкай для візантыйскага двара ў сярэдзіне ХІІ ст. — менавіта бацька Мануіла, імператар Іаан ІІ Комнін, прымаў у Візантыі сасланых Кіевам полацкім князёў. Далей жа, праз Канстанцінопаль і храм Святой Сафіі, шлях Еўфрасінні ляжаў у Іерусалім.

У Святой зямлі

Але што з пункту гледжання палітычнага на той час уяўлялі сабой Іерусалім і навакольныя тэрыторыі, вядомыя ў еўрапейскай традыцыі як Святая зямля? Гэтыя абшары ад 1099, з часоў Першай крыжовай выправы, уваходзілі ў склад хрысціянскага Іерусалімскага каралеўства. Валадар каралеўства Аморы І выбудоўваў альянс з Візантыйскай імперыяй. Ён разлічваў сумеснымі намаганнямі ўсталяваць кантроль над Егіптам, дзе ішлі бясконцыя войны паміж візірамі. Нечакана для нас князёўна­ігумення Еўфрасіння і апынаецца ў цэнтры ўсіх гэтых палітыка­дыпламатычных камбінацый, якія наклаліся на духоўна­рэлігійную місію ў Палесціну.

Ужо прыбыўшы ў Іерусалім, Еўфрасіння дасылае свайго слугу Міхаіла да тагачаснага патрыярха з просьбаю адчыніць для яе храм Гроба Гасподняга. Верагодна, гэта той самы Міхаіл, які некалі па заданні Еўфрасінні ездзіў у Візантыю па абраз Багародзіцы Эфескай. Выглядае, што Міхаіл не быў шараговым слугою.

У Іерусаліме Еўфрасіння пасялілася ў манастыры Святой Багародзіцы. Літаральна на другі дзень знаходжання ў Святым горадзе полацкая ігумення занядужала. Схільная да містыцызму, успрыняла гэта як Боскі знак. Яна не мела сілаў схадзіць да Іардану і папрасіла гэта зрабіць сваіх крэўных і верных спадарожнікаў — малодшых брата Давіда і сястру Еўпраксію. Яны прынеслі Еўфрасінні вады з ракі, у якой быў ахрышчаны Ісус. У Еўфрасінні паўтарыліся відані — да яе сышоў Анёл і перадаў вестку: «Вось ужо расчынілася брама райская і ўсё анёлы сабраліся, трымаючы свечы і чакаючы сустрэчы з табой».

Хутка Еўфрасіння паслала ў лаўру Святога Савы Асвячонага — прасіць, каб ёй было дазволена там быць пахаванай. Гэты эпізод вельмі важны для разумення рэлігійнай праграмы полацкай ігуменні. Абіцель Савы Асвячонага была мужчынскім манастыром, і там маглі знаходзіцца і быць пахаванымі толькі мужчыны. Гэта пацвярджае версію, што Еўфрасіння з Полацка ўзяла сабе за патронку хрысціянскую святую V ст. Еўфрасінню Александрыйскую. Паводле «Жыція», у час візіту ў манастыр да духоўнага настаўніка Еўфрасіння Александрыйская вырашыла звязаць сваё жыццё з манаскім служэннем, у той час як бацька збіраўся выдаць яе замуж. Каб яе складаней было знайсці родным, Еўфрасіння Александрыйская сышла не ў жаночы, а ў мужчынскі манастыр, назваўшыся еўнухам імператарскага палаца Смарагдам. Дынастычнае і палітычнае лідарства Еўфрасінні з Полацкага княскага дома, і жаданне быць пахаванай у мужчынскім манастыры аб’ядноўвае гэтыя дзве фігуры — Еўфрасінню Полацкую і Еўфрасінню Александрыйскую.

Манахі ж адказалі полацкай ігуменні: «Маем забарону ад святога Савы, каб жанчыну не прымалі сюды ніякую». Але ёсць, казалі яны, паблізу агульнабытны Феадосіеў манастыр Святой Багародзіцы, дзе пахаваныя святыя жанчыны: «Там табе належыць легчы!»

Атрымаўшы такую вестку, Еўфрасіння паслала купіць сабе труну. У хваробе Еўфрасіння ляжала 24 дні, апрытомнела толькі перад сконам. Еўфрасіння была пахаваная хоць і далёка ад Радзімы, але ў прысутнасці сваіх крэўных 24 мая 1167. Аўтар «Жыція» праз трыццаць гадоў пасля скону полацкай князёўны­ігуменні скончыў свой твор пранікнёнымі словамі: «Еўфрасіння — неўвядальны квет райскага саду. Еўфрасіння — арол, які лунаў [у небе] ад захаду і да ўсходу, [яна] — як промень сонечны, які прасвятліў зямлю Полацкую».

Далей патрыятычныя матывы агучваюцца яшчэ больш узнёсла: «Дабраславёны ты, горад Полацк, што ўзрасціў такі парастак — найпадобную Еўфрасінню! Дабраславёныя людзі, што жывуць у горадзе тым!»

Пра статус і ролю жанчын у еўрапейскім Сярэднявеччы і ў Полацкай зямлі чытайце ў наступным выпуску «Гісторыі Беларусі».

* * *

Крыж Еўфрасінні Полацкай — напрастольны крыж, выраблены ў 1161 майстрам Лазарам Богшам паводле замовы ігуменні Еўфрасінні для царквы Святога Спаса ў Полацку. Крыж быў згублены падчас Другой сусветнай вайны. Разглядаліся розныя версіі знаходжання крыжа — ад нью­ёркскіх калекцый Фундацыі Моргана да запаснікоў расійскіх музеяў. У 1990­я КДБ Беларусі спрабавала шукаць рэліквію менавіта ў Расіі. У 1997 брэсцкі майстра­ювелір Мікалай Кузьміч вырабіў копію крыжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0