Парламенцкая фракцыя украінскай партыі «Бацькаўшчына» былога прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнка выйшла з кіруючай кааліцыі ў знак пратэсту супраць захавання прэм'ерскага паста за Арсеніем Яцанюком.

Цімашэнка назвала гэтае рашэнне адзіна магчымым і заклікала іншыя парламенцкія фракцыі пераняць прыклад «Бацькаўшчыны» і пакінуць кааліцыю.

Раней «Бацькаўшчына» абвясціла, што адклікае з урада свайго адзінага міністра — Ігара Жданава, які ўзначальвае міністэрства моладзі і спорту Украіны.

Каментуючы гэтае рашэнне, Цімашэнка сказала, што галасаванне за адстаўку ўрада, якое правалілася ў аўторак, паказала, што ніякай кааліцыі фактычна не існуе.

У аўторак Вярхоўная рада Украіны праводзіла галасаванне за вынясенне ўраду Арсенія Яцанюка вотуму недаверу. Па выніках пасяджэння пастанова не набрала неабходнай колькасці галасоў.

За адстаўку выказалася большасць дэпутатаў «Бацькаўшчыны», «Блока Пятра Парашэнкі», «Самадапамогі» і «Радыкальнай партыі». Супраць — «Народны фронт» Яцанюка, «Апазіцыйны блок» і «Адраджэнне».

Рэзалюцыю аб недаверы кабінету міністраў унёс лідар прэзідэнцкай фракцыі «Блока Пятра Парашэнкі» Юрый Луцэнка. Да гэтага ўкраінскі парламент, заслухаўшы прадстаўлены Яцанюком справаздачу, прызнаў працу ўрада нездавальняючай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?